Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло чарговае пасяджэнне райвыканкама

Не разгубіцца на фінішы
Па першым пытанні “Аб выніках выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў 2012 г.” выступілі намеснікі старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка, Вячаслаў Федзюковіч, Віктар Сарока і Вадзім Шпетны. За названы перыяд забяспечана выкананне асноўных прагнозных паказчыкаў. Тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 107,5%, рэнтабельнасць продажу ў арганізацыях сельскай гаспадаркі – 16,6%, рознічны тавараабарот – 113%. Перавыкананы паказчык па энергазберажэнні. За кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 8739 квадратных метраў жылля, альбо 97,1% да гадавога задання. Створана 162 новыя рабочыя месцы ў малым прадпрымальніцтве, а таксама 14 новых малых арганізацый (127% да гадавога задання). Некаторыя паказчыкі аказаліся ніжэйшымі, чым прагназавалася, у прыватнасці па экспарту тавараў, інвестыцыях у асноўны капітал, экспарту паслуг, рэнтабельнасці продажу па прадпрыемствах прамысловасці і некаторых іншых. Называлі і аналізавалі прычыны невыканання.
Пры абмеркаванні гэтага пытання Казімір Лапіч адзначыў, што сітуацыя па выніках 9 месяцаў у раёне нядрэнная. А па 9 месяцах можна арыентавацца і на гадавыя паказчыкі. Нягледзячы на пэўныя праблемы, эканоміка раёна, падкрэсліваў Казімір Віктаравіч, развіваецца. Таму вельмі важна не разгубіцца ў апошнім квартале і не менш важна знайсці магчымасці палепшыць вынікі работы. Была адначасова абмеркавана сітуацыя па завяршэнню работ на рэканструюемых малочнатаварных фермах, пераводу грамадскага статка на зімова-стойлавы перыяд, навя­дзенню парадку на тэрыторыях фермаў.

Гораду патрэбен аркестр…
Пры абмеркаванні пытання “Аб ходзе выканання Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі на 2011-2015 гг.” (дакладчык – начальнік аддзела культуры Андрэй Гарбацэвіч) адзначалася, што за справаздачны перыяд на 9% павялічылася колькасць канцэртаў і выстаў пры сярэднегадавым плане 4%, не зніжаецца колькасць наведвальнікаў гэтых мерапрыемстваў. Выконваецца паказчык камплектавання бібліятэчных фондаў, расце колькасць наведвальнікаў бібліятэк. Камп’ютарызавана 12 бібліятэк, у тым ліку 10 сельскіх. У дзіцячай школе мастацтваў летась было адкрыта тэатральнае аддзяленне, дзе займаюцца 20 дзяцей. У рамках праграмы сёлета плануецца набыць сцэнічныя касцюмы народнаму аркестру народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў і народнаму ансамблю песні “Хаціславяне”. На выкананне мерапрыемстваў Праграмы на сёлетні год запланавана 150 мільёнаў рублёў. Аднак сродкаў не хапае. Асабліва недахоп іх адчуваецца ў набыцці камп’ютарных праграм “ALIS-WEB” і “Памяць рэгіёнаў” для бібліятэк. Дарэчы, у прынятым рашэнні па гэтым пытанні намечана выдзеліць да канца года грашовыя сродкі для набыцця першай камп’ютарнай праграмы.
Пры абмеркаванні гэтага пытання была ўзнята праблема стварэння гарадскога духавога аркестра. І гэта немалаважна, бо ў нашым горадзе праводзіцца нямала культурных мерапрыемстваў рознага маштабу, дзе без духавога аркестра не абысціся. Пакуль што даводзіцца запрашаць такія калектывы з іншых раёнаў. Аднак пытанне нельга здымаць з парадку дня, паколькі горад павінен мець свой аркестр.

Добраахвотныя памочнікі міліцыі
У раёне зарэгістравана 17 добраахвотных дружын агульнай колькасцю 139 чалавек. 8 з іх створаны ў горадзе, столькі ж – пры сельвыканкамах, 1 – пры аддзяленні ДАІ раённага аддзела ўнутраных спраў.
Як арганізавана іх дзейнасць і якая эфектыўнасць работы па захаванню грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў?
Дакладчык па гэтым пытанні намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны адзначыў, у прыватнасці, што з пачатку года ў час нясення службы з удзелам ДД выяўлены 93 адміністрацыйныя парушэнні, 6 фактаў незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі, 7 – дробных крадзяжоў. Прыкладам у рабоце ён назваў добраахвотныя дружыны Маларыцкага лясгаса і Макранскага сельвыканкама.
Як адзначалася на пасяджэнні, стымулам для больш эфектыўнай работы павінна стаць заахвочванне з боку кіраўніцтва арганізацый членаў добраахвотных дружын. У тым жа лясгасе, напрыклад, за адзін удзел у нясенні службы па ахове грамадскага парадку выплачваюць пэўнае матэрыяльнае ўзнагароджанне. Прадугледжана прадастаўленне трох дадатковых дзён да асноўнага водпуску. Аднак меры заахвочвання дружыннікаў прадугледжаны не ўсюды. У прынятым рашэнні прапісана паправіць сітуацыю.

Комплексная праграма — комплекснае абслугоўванне
На пасяджэнні разгледжана пытанне “Аб ходзе выканання Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гг.”. З інфармацыяй выступіла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк.
У раёне 7010 атрымальнікаў пенсій, з якіх 57 – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 50 — вязні фашысцкіх канцлагераў, 552 — адзінокія састарэлыя, якім больш за 60 гадоў, у тым ліку 108 інвалідаў І і ІІ груп. Створана і пастаянна абнаўляецца база дадзеных “Сацыяльная картатэка”. Сярэдні памер пенсіі ў раёне на 1 кастрычніка г.г. складае 1509 рублёў. Згодна з планам мерапрыемстваў, распрацаваных у райвыканкаме, пенсіянерам аказваецца дапамога. Не будзем абцяжарваць чытача многімі лічбамі, назавём толькі некалькі: сярэдні памер аказанай з пачатку года дапамогі, выплачанай 153 пенсіянерам, склаў 335 тысяч рублёў, што ў 2,4 раза больш, чым летась.
У калектыўных дагаворах прадпрыемстваў, сельгасарганізацый, як адзначала Наталля Валер’еўна, прадугледжаны розныя меры сацыяльнай падтрымкі пенсіянераў, якія выйшлі на пенсію. Напрыклад, такія, як матэрыяльныя выплаты да 9 Мая, да Дня пажылых людзей, прафесійных свят, юбілейных дат, заахвочванне падпіскай на перыядычныя выданні. Паслядоўна выконваюцца мерапрыемствы па медыцынскаму абслугоўванню пажылых людзей, інвалідаў, ветэранаў. Адпаведным рашэннем райвыканкама для асоб, якія не здольныя на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, устаноўлена броня ў прыёме на работу інвалідаў у колькасці 5 чалавек для такіх арганізацый, як БелТІ “Дзіона”, ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка”, Маларыцкі прафліцэй сельгасвытворчасці.
Наталля Валер’еўна ў сваім выступленні агучыла і такую праблему. Рашэнне райвыканкама аб правядзенні раённага агляду-конкурсу “Лепшы ветэранскі падворак” сёлета ў некаторых сельвыканкамах праігнаравалі, не прадставіўшы заяўкі на ўдзел. У той жа час такое мерапрыемства праходзіць заўжды цікава, актыўных пажылых людзей ушаноўваюць, узнагароджваюць каштоўнымі падарункамі. У прынятым рашэнні сельвыканкамам рэкамендавана штогод разглядаць на пасяджэннях пытанні сацыяльнай падтрымкі пажылых людзей.

Да ўлады — за дапамогай
За 9 месяцаў 2012 г. у райвыканкам паступіла 179 зваротаў грамадзян – на 28% менш, чым летась. Найбольшая колькасць іх датычылася пытанняў камунальнай, жыллёвай і сельскай гаспадаркі. Колькасць скаргаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зменшылася на 40%. Адна скарга задаволена. Пра гэта паведаміла загадчыца сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Людміла Габрыльчук. Яна адзначыла, у прыватнасці, што ў раёне працавала рабочая група па вывучэнню работы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Брэсцкай вобласці са зваротамі грамадзян. Вывучаны стан работы са зваротамі грамадзян і юрыдычнымі асобамі ва ўсіх сельвыканкамах. Выяўлены парушэнні па разгляду зваротаў па зямельных пытаннях у Арэхаўскім, Гвозніцкім, Макранскім сельвыканкамах, па вядзенню справаводства па адміністрацыйных працэдурах – у Арэхаўскім, Чарнянскім, Макранскім, Гвозніцкім і Маларыцкім сельвыканкамах.
У прынятым рашэнні кіраўнікам цэнтральнай райбальніцы, райсельгасхарчу, кіраўнікам сельгасарганізацый, аддзелаў адукацыі, культуры, дзе сёлета вырасла колькасць зваротаў, даручана прааналізаваць прычыны росту іх і прыняць дадатковыя меры для таго, каб папярэдзіць з’яўленне скаргаў.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 24.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


масло моторное мобил 1

контейнерные перевозки грузов

Nissan X trail аккумулятор купить