УЛАСНЫЯ ІНВЕСТЫЦЫІ Ў БУДУЧАЕ

Леанід Мікалаевіч, старэйшы ў вялікай сям’і Шыгалёвых, глыбока перакананы, што за любую справу трэба брацца ўмела. Калі ў 1991 годзе ён задумаў стварыць сваю фермерскую гаспадарку, ужо меў багаты тэарэтычны вопыт вытворчасці сельгаскультур, для чаго “пералапаціў” дзясяткі розных кніг, дапаможнікаў, спецыяльнай літаратуры. Гэта і спрыяла таму, што першы блін не стаў камяком. Вынікі працы задавальнялі. І хоць ура­джай тады атрымаў не такі высокі, які атрымлівае ў апошнія гады, фермеру перш за ўсё было прыемна, што зямля зразумела яго добры намер: дапамагчы ёй быць урадлівай. А выдзелілі тады Леаніду Мікалаевічу далёка не лепшыя ўчасткі. Ён жа, аптыміст па характару і мудры ад прыроды, не расчараваўся, знайшоў свае падыходы да карміцелькі. Скажам, шмат гадоў на сваіх палях арандатар не выкарыстоўвае плуг, толькі дыскі.
— На нашых глебах плуг не патрэбны, — перакананы Леанід Мікалаевіч. — І вось чаму. У зямлі на глыбіні 15 сантыметраў найбольш карысных рэчываў, якімі харчуюцца расліны. І калі кожны год глебу араць, а гэта значыць, пераварочваць, няцяжка ўявіць, куды можна “загнаць” гумус, які найбольш карысны для раслін.
Добра ведае Леанід Мікалаевіч, як важна для кожнай з культур захоўваць севазварот, якімі ўгнаеннямі кожную з іх падсілкаваць, калі і якую вільгаццю напаіць. Словам, фермер навучыўся працаваць на зямлі, не стаміўся любіць яе, таму і аддзячвае яна Леаніду Мікалаевічу кожны раз багатым ура­джаем. Вось і сёлета ў Шыгалёва добра ўрадзіла ўся гародніна: на славу былі бульба, буракі, морква, памідоры, капуста. Іх сабралі столькі, што хапіла б на зіму ўсім нам, гараджанам. Прычым, гародніна чыстая, смачная, мае добры таварны выгляд, нездарма на яе павышаны попыт на рынках.
Сваёй ідэяй Леанід Мікалаевіч захапіў і сына з нявесткаю, і дачку з зяцем, і іх сем’і, і жонку Веру Васільеўну. Усе яны, як тыя старанныя пчолкі, з любоўю працуюць на зямлі, добра ведаючы, што яна не толькі накорміць, але і дасць сілы.
— Калі ў 1968 годзе мы прыехалі ў Арэхава, нас было трое: я, жонка і дачка. Цяпер у сям’і 21 чалавек. А гэта цэлая брыгада. Маю на ўвазе дзяцей, унукаў і праўнукаў. Дзеці мае з любоўю працуюць на зямлі, магчыма, унукі і праўнукі захочуць нашу справу працягваць.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Арэхава.
НА ЗДЫМКУ: Леанід Мікалаевіч ШЫГАЛЁЎ і дачка Галіна канстатуюць: і сёлета ўраджай выдаўся на славу.

Опубликовано в «ГЧ» 24.10.2012 г. 

Добавить комментарий


узнать больше topobzor.info

www.designedby3d.com

kamod.net.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!