ПАД НАДЗЕЙНАЙ АПЕКАЙ

І днём, і ноччу, у спякоту і ў холад давераны аб’ект павінен быць пад надзейнай апекай. Гэта галоўнае для супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення міліцыі, якое 29 кастрычніка адзначае 60-гадовы юбілей з дня стварэння службы аховы.
Што паказаў назапашаны вопыт? Якія віды паслуг аказваюцца сёння грамадзянам? На чым трымаецца калектыў? Аб гэтым і іншым ішла размова ў інтэрв’ю, якое карэспандэнту райгазеты даў начальнік Маларыцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС РБ Уладзімір Карабчук.
— Уладзімір Міхайлавіч, Вы прайшлі розныя ступені прафесійнага росту: ад радавога міліцыянера да начальніка. У Вас ёсць магчымасць выдзеліць галоўнае ў калектыве. У чым яно?
— У стабільнасці кадраў. Большасць работнікаў аддзялення – гэта тыя, хто служыць столькі, колькі яно існуе. Скажам, з 1984 года, з дня стварэння аддзялення, пасаду дзяжурнага пульта кіравання займае Пётр Мацвеевіч Ляўчук. 20 гадоў прапрацавала ў бухгалтэрыі аддзялення Наталля Данілаўна Струнец, якая цяпер з’яўляецца галоўным бухгалтарам. З дня стварэння групы затрымання, ці з 1991 г., у аддзяленні добрасумленна нясуць службу прапаршчыкі Аляксандр Кашарны, Уладзімір Валчук, Андрэй Цівуноў, Мікалай Губарэвіч. 20 гадоў службы за плячыма ва Уладзіміра Тарабчука.
Немалы прафесійны вопыт у электраманцёраў Міхаіла Клебанюка, Івана Качанкі, прадстаўнікоў вартавога саставу Віктара Голуба, Мікалая Каплуна, Уладзіміра Ільіна. Заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу калегам таксама вопытныя вартаўнікі Дзмітрый Ефлакоў, Анатоль Сай. Даўно ведаюць у калектыве не толькі як добрых работнікаў, але і як актыўных удзельнікаў у грамадскім жыцці Галіну Камянчук, Таццяну Алесіюк, Вольгу Нікалаюк.

— Ці ёсць у аддзяленні сямейныя дынастыі?
— Сёлета, прайшоўшы першачарговую падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Дэпартамента аховы, на службу ў аддзяленне прыйшоў Дзмітрый Цівуноў, сын камандзіра аддзялення страявога падраздзялення міліцыі Андрэя Цівунова.

— А наогул, у калектыве шмат маладых?
— Нямала. І трэба сказаць, што многія з іх не толькі самі вучацца ў старэйшых калег, але і ў іх саміх ёсць чаму павучыцца. Як, да прыкладу, у міліцыянера-кінолага Рамана Гайдучыка.

— Уладзімір Міхайлавіч, Маларыцкае аддзяленне Дэпартамента аховы дзейнічае таксама амаль 30 гадоў. Што паказаў назапашаны вопыт?
— Тое, што дзейнасць груп затрымання страявога падраздзялення міліцыі не толькі павышае надзейнасць аховы, але і забяспечвае магчымасць узмацнення барацьбы са злачыннасцю і забеспячэнне грамадскага парадку ў горадзе ў начны час.

— Аддзяленне аховы – адно з тых міліцэйскіх падраздзяленняў, што нясуць дзяжурства кругласутачна, найбольш цесна супрацоўнічаюць з работнікамі іншых службаў райаддзела міліцыі. Што на агульным рахунку?
— Супрацоўнікамі аддзялення пры ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі райаддзела міліцыі сёлета раскрыта 7 злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, выяўлена 308 фактаў адміністрацыйных правапарушэнняў, з іх 17 – дробных крадзяжоў, зарэгістравана 2 парушэнні цэласнасці ахоўваемага аб’екта, у тым ліку 1 з затрыманнем правапарушальніка, папярэджана спроба крадзяжу тавара-матэрыяльных каштоўнасцей з неахоўваемага аб’екта.

— Напомніце, калі ласка, якія паслугі аказвае сёння грама­дзянам аддзяленне?
— Гэта паслугі па ахове кватэр, дамоў, памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян (гаражоў, дачных домікаў) як з дапамогай тэлефонных ліній, так і з дапамогай радыёахоўных сістэм сігналізацыі, укаранёна сістэма GSM (ахова з дапамогай мабільнай сувязі).

— Калі азірнуцца на пройдзены шлях, што можна запісаць у актыў?
— Шмат Пісьмаў падзякі нашым супрацоўнікам за тое, што папярэдзілі крадзёж ці па гарачых слядах затрымалі злачынцу, а таксама шмат Пісьмаў падзякі ад нашых падшэфных з раённага дзяржаўнага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, з якімі ў нас даўно падтрымліваюцца добрыя сувязі і каму мы не раз аказвалі дапамогу.

— А хто сёння куе славу вашаму калектыву?
— Такіх шмат, але ў першую чаргу хацелася б адзначыць старшага прапаршчыка камандзіра аддзялення групы затрымання страявога падраздзялення міліцыі Сяргея Кірычука, які сваімі ведамі і вопытам заўсёды гатовы падзяліцца з маладымі супрацоўнікамі. Хацелася б адзначыць і Андрэя Алесіка, які сёлета ў кастрычніку ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі заняў першае месца. Заслугоўваюць добрых слоў і многія іншыя супрацоўнікі аддзялення.
Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы шчыра падзякаваць і ветэранам Мікалаю Мікалаевічу Чагайдзе, Барысу Міхайлавічу Улезла, былым кіраўнікам аддзялення, а таксама Віктару Легенюку, Фёдару Саўчуку, Уладзіміру Касцевічу за іх значны ўклад у развіццё службы, у патрыятычнае выхаванне маладых супрацоўнікаў.
Шчырую падзяку хацелася б выказаць і пенсіянерам вольнанаёмнага саставу: 19 гадоў прапрацавала на пасадзе галоўнага бухгалтара аддзялення Вера Мікалаеўна Пукала, вялікі працоўны стаж і ў пенсіянераў Настассі Піліпаўны Балюк, Ганны Сцяпанаўны Бабура, а таксама Пелагеі Мікалаеўны Сіжук, Таццяны Дзмітрыеўны Дзем’янюк, Святланы Васільеўны Каральковай, Фёдара Канстанцінавіча Ягорава, Марыі Васільеўны Васілюк, Валянціны Аляксандраўны Бошаль.

— У Вас ёсць магчымасць павіншаваць супрацоўнікаў з юбілейнай датай службы “Ахова”.
— Напярэдадні юбілею хачу яшчэ раз выказаць словы шчырай удзячнасці ўсім супрацоўнікам і работнікам за пасільны ўклад у развіццё пад­раздзялення “Аховы” і пажадаць моцнага здароўя, творчых поспехаў, асабістага шчасця. Дабрабыту вам і вашым блізкім.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік Маларыцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС РБ Уладзімір КАРАБЧУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://avtovoz.co.ua

gazon.net.ua

fiat.niko.ua