ДЗЯКУЙ, МАТУЛЯ, ЗА ЎСЁ!

Пра маму можна гаварыць бясконца, пастаянна, заўжды. І кожны раз аповед пра яе будзе цікавым. Кожны раз будуць адкрывацца нейкія новыя рысы яе характару, невядомыя дагэтуль. У гэтым я пераканаўся, калі наведаў чарговае пасяджэнне клуба прыёмных маці “Сямейны ачаг”, які існуе пры раённым сацыяльна-педагагічным Цэнтры. Пасядзелкі “Жанчына з дзіцём на руках” прайшлі ў Нядзельнай школе пры Свята-Мікалаеўскім храме Маларыты. На сустрэчу прыйшлі 12 маці і айцец Віктар Паляціла, благачынны цэркваў раёна.
За кубачкам чаю прыёмныя маці з цеплынёю расказвалі пра сваіх прыёмных дзяцей, якія для іх сталі роднымі і без якіх ужо цяжка і немагчыма ўявіць сваю паўсядзённасць. Жанчыны дзяліліся поспехамі і праблемамі ў выхаванні дзяцей, пыталіся парады, падказкі ў айца Віктара.
З цікавасцю прыёмныя маці слухалі адказы сыноў і дачок на пытанне “Якая ваша мама?” Адказы зачытвала Ганна Байдук, намеснік дырэктара раённага сацыяльна-педагагічнага Цэнтра. Са слязьмі на вачах прысутныя ўважліва ўслухоўваліся ў кожны радок з сачыненняў. “Мамы бываюць розныя. Мама, якой не трэба хадзіць на працу, — сапраўднае шчасце. Калі ні прыбяжыш са школы, яна заўсёды дома. Абавязкова абдыме, прытуліць, усміхнецца, пацалуе. Яе голас, водар спечаных булачак так саграваюць душу”. “Калі нават мама затрымаецца на працы, то яна ўсё роўна зробіць так, каб дома з’явіцца ў час і сустрэць на парозе. Ведаю: што б ні здарылася, мы для яе – самае важнае і дарагое на свеце і ў жыцці. Дзякуй табе, матуля, за ўсё!”
Мікалай НАВУМЧЫК.
НА ЗДЫМКУ: у час пасяджэння клуба прыёмных бацькоў.
Фота аўтара.
P.S. Ад СШ № 2 прыёмныя маці атрымалі сувеніры, якія былі зроблены рукамі вучняў гэтай установы адукацыі.

Опубликовано в «ГЧ» 31.10.2012 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!