Як не памыліцца з прапановай зарабіць

Аб такой страшнай праблеме, як гандаль людзьмі, напэўна, чуў амаль кожны з нас. Чула і я. Але, пабываўшы на семінары-трэнінгу, які праходзіў на базе гарадской сярэдняй школы № 2 і быў прысвечаны праблеме рабства, зразумела, што не ведаю пра гэта амаль нічога.
Семінар на тэму “Эфек­тыўныя формы арганізацыі прафілактычнай работы з вучнямі ў сферы папярэ­джання гандлю людзьмі” праводзілі прадстаўнікі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа для сацыяльных педагогаў і псіхолагаў школ раёна.
Ніна Уладзіміраўна Саванеўская, каардынатар праграм па супрацьдзеянню і папярэджанню гандлю людзьмі па Брэсцкай вобласці, гаварыла не толькі аб гісторыі стварэння такой грамадскай арганізацыі, як Таварыства Чырвонага Крыжа, але і аб ролі яе ў папярэ­джанні і супраць­дзеянні гандлю людзьмі. Ніна Уладзіміраўна пацвердзіла той факт, што, на вялікі жаль, людзі мала ведаюць і ўяўляюць, што такое рабства, таму і трапляюць у пастку. Такіх нямала, што пацвердзілі рэальныя гісторыі.
Па словах Ніны Сава­неўскай, у так званае рабства вельмі часта трапляюць дзяўчаты з неспрыяльных сем’яў, у якіх бацькі п’юць альбо іх зусім няма, а г. зн., што за такіх дзяўчат ніхто не хвалюецца.
Ім прапа­ноўваюць лёгка і хутка зарабіць грошы. Яны, нічога не падазраваючы, згаджаюцца і толькі потым, сутыкнуўшыся з праблемамі, разумеюць, куды трапілі.
Часта здараецца, што і дзяўчаты з поўных спрыяльных сем’яў таксама трапляюць у такую пастку.
— У нас у Брэсце, — расказвала Ірына Іга­раўна Пісарава, псіхо­лаг інфармацыйна-кансуль­татыўнага цэнтра “Рукі дапамогі” , — былі выпадкі, калі дзяўчына з добрай сям’і займалася ў мадэльным агенцтве на працягу двух гадоў. Неяк гаспадыня гэтага мадэльнага агенцтва прапанавала ёй паехаць паспрабаваць свае сілы ў Дубай. Як расказвала сама дзяўчына, у яе ў думках нічога дрэннага не было, ды і бацькі адпусцілі, маўляў, два гады займалася, чаму б і не. А калі прыехалі на месца працы, у іх адразу ж забралі дакументы і растлумачылі, чым яны на самой справе будуць займацца.
Такіх гісторый шмат.
Дастаткова часта мне даводзіцца працаваць не толькі з самімі ахвярамі, але і з іх сем’ямі, якія часта нават і не ведаюць, што было з іх роднымі.
Калі жанчыны, дзяўчаты трапляюць у сексуальнае рабства, то мужчыны — у будаўнічае. Ім прапаноўваюць працу на будаўніцтве, а пасля яны вымушаны жыць у страшных умовах і не атрымліваюць заработную плату. Гэта вельмі актуальная сёння праблема, яна была і раней, але аб ёй асабліва не гаварылі. Таму мы стараемся данесці гэта ўсё да моладзі, каб яны не проста чулі, а ведалі аб гэтай праблеме і маглі сябе засцерагчы”.
Пасля прысутным быў паказаны відэафільм “Пастка”, у якім самі ахвяры расказвалі аб тым, як яны трапілі ў рабства. Прызнацца, мяне асабліва ў гэтым фільме ўразілі словы: “Рабаўладальніцкі строй завяршыўся даўно, але рабства ёсць і ў ХХІ стагоддзі, толькі ў іншай форме – вярбоўка людзей на працу за мяжой”.
З дакладам на гэтую тэму выступіў і Андрэй Гапонік, супрацоўнік райаддзела міліцыі, які асоба звярнуў увагу на тое, што гэтая праблема датычыць і нас.
— Патрэбна адзначыць, што калі раней ахвяр ў асноўным вывозілі на працу за мяжу, то сёння гэта ўсё часцей адбываецца ўнутры нашай краіны, — гаварыў Андрэй Гапонік, — таму, калі вам прапаноўваюць работу недзе за мяжой, не спа­дзявайцеся на знакамітае “авось”, а праверце вашага работадаўцу. Самы просты спосаб – патэлефанаваць па нумары 88012015555, званок бясплатны. Таму не палянуйцеся і праверце.
Аб тым, як у школах Брэста працуюць з моладдзю па папярэджанні гандлю людзьмі, расказала лідар валанцёрскага атрада “Новае пакаленне” сярэдняй школы № 37 горада Брэста Наталля Іванаўна Асіпук.
На сённяшні дзень, на жаль, у нашай краіне праблема “гандлю людзьмі” стаіць востра. Беларусь не толькі краіна-транзіт, як было раней, але, на жаль, і краіна-пастаўшчык, і краіна-прызначэнне. Таму і павінны мы не замоўчваць гэтую праблему, не баяцца ісці на кантакт, каб сённяшняя моладзь мела добрае ўяўленне аб тым, што гэта такое, і ведала, куды звяртацца за дапамогай. Спадзяюся, што гэты семінар не прайшоў бясследна, што вучні школ нашага раёна даведаюцца аб усім, што расказвалася іх настаўнікам. Менавіта для мяне гэты семінар стаў адкрыццём, таму што раней ні ў школе, ні ва ўніверсітэце нам ніхто не расказваў аб гэтай праблеме, а тым больш аб тым, куды звяртацца, каб сябе засцерагчы.
Анастасія Максімук.
На здымку: у час семінара.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 31.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.