Дзяўчына з харызмай

Можна ўявіць, якім сумным і шэрым было б жыццё, калі б сярод нас не знаходзіліся тыя людзі, якія ўмеюць кожнаму дню надаць яркія фарбы, зацікавіць іншых, запаліць сваёй ідэяй. Быць лідарам – свайго роду талент, з якім чалавек нараджаецца і ідзе па жыцці.
— Колькі я сябе памятаю, ніколі не магла сядзець на месцы. Мне заўжды было ўсё цікава, хацелася ўсё ведаць, усё ўмець, — распавядае пра сябе вучаніца 11 класа Хаціслаўскай СШ Марына Бяльчук.
Па тэмпераменту яна адносіць сябе да халерыкаў. Але няўрымслівасць і суперэнергія дзяўчыны маюць пазітыўны напрамак. Сваю актыўнасць накіроўвае Марына на тое, каб і яе жыццё, і жыццё тых, хто знаходзіцца побач, было цікавым.
Разглядваючы пэўны пейзаж, мы міжволі ў першую чаргу звяртаем увагу на яркія колеры, менавіта яркія элементы прыцягваюць наша вока і ў дызайне. Ніколі без увагі не застаецца і “яркі” чалавек, той, хто не хаваецца ў “цяньку”, хто мае на ўсё свой погляд і вызначаецца сваёй харызмай.
— Калі я была зусім маленькая, марыла стаць артысткай. З пяці гадоў займалася танцамі, спявала. Усім гэтым захапляюся і цяпер. Толькі мэты змяніліся. Выступленне на сцэне для мяне цяпер проста захапленне, — прызнаецца Марына.
Сваю будучыню Марына Бяльчук плануе звязаць з эканомікай. Цяпер мэтанакіравана рыхтуецца да паступлення. Але, калі ў школе праходзіць нейкае мерапрыемства ці ў раёне арганізоўваецца нейкі конкурс, яна заўжды на сцэне. Адчуваць сябе на ёй, як рыба ў вадзе, дапамагае дзяўчыне шматгадовы творчы вопыт. У ансамблі “Каруначкі”, які дзейнічаў пры Хаціслаўскім СДК, Марына з пяці гадоў танцавала на сцэне. Памятае яна і шматлікія канцэрты, дзе выступала разам з хаціслаўскім фальклорным калектывам “Крынічка”, а таксама эстрадным калектывам “Забава” гарадскога Дома культуры. Акрамя таго, разам з матуляй і сястрой (уся сям’я Бельчукоў вельмі творчая) ездзіла Марына на музычны фестываль у Мінск. А самым незабыўным быў для юнай артысткі фестываль “Берагіня”, які праходзіў у пасёлку Кастрычніцкі, што ў Гомельскай вобласці.
Каб вырашыць: што сапраўды тваё, а якое захапленне табе ўвогуле не падыходзіць, лічыць Марына, трэба многае паспрабаваць, даць кожнай справе сваю асабістую ацэнку. А таму дзяўчына з задавальненнем запісалася ў музычную школу, дзе вучылася пяць гадоў, і цяпер можа сыграць на акардэоне і фартэпіяна. Заўжды ахвотна займалася Марына і спортам, асабліва прыцягвала яе лёгкая атлетыка. А калі з’яўлялася магчымасць адправіцца на турыстычны злёт, дзяўчына ўвогуле была ў першых радах. Вось і зусім нядаўна ў складзе каманды яна пабывала на абласным турыстычным злёце, які пакінуў незабыўныя ўражанні.
— Я не магу зразумець тых, каму нічога не цікава, тых, хто вельмі моцна залежыць ад тэхнічных сродкаў, у першую чаргу ад камп’ютара, тых, хто губіць сябе шкоднымі звычкамі. Трэба ўмець радавацца кожнаму дню свайго жыцця, — адзначае Марына.
Яе актыўную жыццёвую пазіцыю даўно заўважылі ў школе. Ужо трэці год дзяўчына ўзначальвае пярвічную арганізацыю ГА “БРСМ”. Летась яна была прызнана лепшым сакратаром пярвічкі.
Актыўнасць у школе, рознабаковыя захапленні, а Марына яшчэ любіць маляваць, займаецца інкрустацыяй саломкай, піша вершы і нават спрабуе сябе ў ролі фотамадэлі, ніколькі не перашкаджаюць ёй добра вучыцца. Штогод Марына ўдзельнічае ў раённых і абласных алімпіядах. Летась па рускай і замежнай мовах яна заняла ў раёне першыя месцы, па гісторыі – трэцяе. Сёлета дзяўчына таксама спадзяецца на поспех, спачатку ў алімпіядах, а потым і на ўступных экзаменах. І няхай мэтанакіраванасць дапаможа ёй ажыццявіць усе мары.
НА ЗДЫМКУ: Марына Бяльчук.

Опубликовано в «ГЧ» 31.10.2012 г.

Добавить комментарий


узнать больше sweet-smoke.com.ua

https://www.profvest.com

sweet-smoke.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!