Аўдзіюкі зямлю любяць

Каб сустрэцца з сям’ёй Аўдзіюкоў, мы спецыяльна наведаліся да іх у час абеду. Думалася, што ўсіх прадстаўнікоў гэтай дынастыі застанем разам. На жаль, на падворку завіхаліся толькі гаспадар Сцяпан Пятровіч і яго дачка Ірына.
— Не, поўдзень у тых, хто працуе на зямлі, нават у асенні час – гарачая пара, — кажа Сцяпан Аўдзіюк. — Пакуль не прыйшлі маразы, сядзець асабліва няма калі.
Даведаўшыся пра мэту нашага візіту, Сцяпан Пятровіч стаў пераконваць, што пра яго сям’ю няма чаго пісаць.
— Якая ж у нас дынастыя?.. Я ў калгасе “Запаветы Леніна”, сапраўды, працаваў з 1984 па 1999 гг. слесарам, аператарам ка­цельні, цяпер жа – у камунгасе.
Жонка, Ніна Сцяпа­наўна, у штаце СВК з восені 1990 г. Апошнія гады жанчына працуе на зернетаку.
Хто ведае, як склаўся б лёс іх сям’і, калі б не выпадак. Ніна Сця­панаўна родам з Украіны. Неяк яна з сяброўкамі завітала на танцы ў Хаціслаў. Мімаходам, жартуючы, пазнаёмілася са Сцяпанам.Ды так маладыя людзі і прыкіпелі адзін да аднаго. Са Сцяпанам да таго ж было цікава, бо ён на 16 гадоў старэйшы за Ніну. Нягледзячы на такую розніцу ва ўзросце, узялі шлюб.
Сцяпан Пятровіч перакананы, што шчас­лівы той, каму бацькі “ўклалі” ў сэрца любоў да працы, да таго куточка зямлі, дзе жывеш.
— Да любой справы неабходна адносіцца добрасумленна. У кожнага чалавека з глыбіні душы павінна ісці жаданне пакінуць пасля сябе добры след на зямлі. І ўсё роўна, дзе ты працуеш, якія абавязкі выконваеш. Кантралёрам любой выкананай работы павінна стаць уласнае сумленне. Маларыцкі раён быў і застаецца аграрным, таму жыццё многіх людзей у вёсках пераважна звязана з сельскай гаспадаркай. Спакон веку сяляне апрацоўваюць зямлю. Любоў да зямлі і праца на ёй павінны закладвацца з дзяцінства.
Гэтага і прытрымліва­ліся Ніна Сцяпанаўна і Сцяпан Пятровіч, выхоўваючы сваіх дзяцей. Трое з іх сваё жыццё звязалі з роднай гаспадаркай.
Сын Пятро, закончыў­шы сярэднюю школу, адначасова атрымаў і правы трактарыста. Да службы ў арміі некаторы час працаваў на трактары. Не так даўно ён дэмабілізаваўся. Пакуль юнак перабірае варыянты магчымага працаўладкавання. Пятро не супраць, каб працягваць сваю прафесійную дзейнасць у роднай гаспадарцы.
Мікалай, другі сын, у гэтым годзе закончыў Маларыцкі прафесій­ны ліцэй і адразу ўлад­каваўся трактарыстам у СВК “Хаціслаўскі”. Кіраўніцтва гаспадаркі хлопца характарызуе як стараннага і адказнага спецыяліста, нягледзячы на небагаты вопыт.
У СВК працуе і дачка Сцяпана Пятровіча і Ніны Сцяпанаўны, Ірына. Яна рыхтуе смачныя абеды.
— Я — повар, — гаворыць Ірына Сцяпанаўна. – Аднак сваю прафесію лічу важнай. Ад яе таксама залежыць канчатковы вынік. Асабліва адказны час уборкі, таму што камбайнеры, шафёры, трактарысты чакаюць, калі ім на поле прывязуць абед. Мы з калегамі імкнемся, каб ён заўжды быў кожнаму па густу. Як пад’еў чалавек, такі будзе і плён працы яго рук.
Ірыне прафесія повара падабаецца. Яна любіць чараваць на кухні. Нягледзячы на гэта, у дзяўчыны ёсць даўняя мара. Яна хоча паспрабаваць паступіць вучыцца ў Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж.
— Ірына, а ці вызначылася ўжо са спецыяльнасцю?
— Так, хочацца стаць аграномам.
— Чаму?
— Нават калі і не давядзецца працаваць па спецыяльнасці, дык на­бытыя веды спатрэбяц­ца для вядзення асабіс­тай гаспадаркі. Я люблю працаваць на зям­лі. Але не заўсёды ўдаец­ца вырасціць добры ўра­джай. Аграном жа ведае, як правільна неабходна вырошчваць расліны, калі і якія прымяняць угнаенні, як правільна весці барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі палёў і агародаў, хваробамі раслін. Каб атрымліваць на прысядзібным участку высокі ўраджай розных культур, сучаснай жанчыне агранамічныя веды вельмі патрэбны.
Р.S. Алена, яшчэ адна дачка Ніны Сцяпанаўны і Сцяпана Пятровіча, набывае ў Брэсце прафесію швачкі. Магчыма, пасля заканчэння навучальнай установы яна таксама вернецца на працу ў родныя мясціны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сцяпан Пятровіч з дачкой Ірынай – прадстаўнікі дынастыі Аўдзіюкоў.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 31.10.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


система полива

chemtest.com.ua

https://bestseller-sales.com