Моцнае сямейнае дрэва

Калі размаўляла з вялікай сям’ёй Саўчукоў-Бондараў, міжволі намалявала іх сямейнае дрэва: прыгожае, раскідзістае, з моцнымі каранямі, трывалым ствалом і роўнымі галінкамі. Лісты з гэтага дрэва, адрываючыся ад галінак, не адлятаюць далёка, застаюцца побач, на сваёй зямлі, каб саграваць сабою карані, дзякуючы якім з’явіліся на гэты свет, выраслі, набраліся сіл для самастойнага жыцця.

Дзве сястры
Ганне Цімафееўне Саўчук з вёскі Мельнікі 86 гадоў. З сястрой Марыяй, якая маладзейшая за яе на 8 гадоў, яна, можна сказаць, не развітвалася ні на дзень. Ра­зам усё жыццё пражылі яны ў бацькоўскім доме, для малодшай сястры Ганна заўжды была надзейнай апорай, а калі Марыя выйшла замуж, – стала амаль што другой маці для яе пяцярых дзяцей. Жанчыны і сёння жывуць разам, цяпер, праўда, толькі ўдваіх. Паціху, наколькі хапае сіл, завіхаюцца ля дома і ў хаце. Вось і капустачкі ўжо на зіму наквасілі, каб было чым гасцей пачаставаць. А апошніх у доме заўжды шмат. Многія дзеці і ўнукі (між іншым, у бабуль 13 унукаў і 6 праўнукаў) жывуць тут жа, у Мельніках.
…Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Ганне Цімафееўне было 15 гадоў. Яна і сёння памятае, якім жорсткім быў фашысцкі рэжым, як выжывала сям’я, каб не памерці з голаду, як даводзілася хавацца ад немцаў, якія забіралі моладзь на чужыну, памятае і тое, як адразу пасля вайны захварэў і памёр бацька, як слабела ад непамернай працы маці. Ды і самой Ганне рана давялося адчуць, што такое цяжкая праца. Апошняй яна ніколі не цуралася. Можна смела сказаць, што гісторыя мясцовай гаспадаркі з першых дзён звязана з яе біяграфіяй.
— На маіх вачах калгас ствараўся. Спачатку ўсяго недзе з дзесяць кароў было. Па асабістых гаспадарках іх сабралі і ў адным хляве трымалі. Потым ужо ферма была пабудавана, – успамінае Ганна Цімафееўна.
Цяжкая ручная праца давала аб сабе ведаць. Як прызнаецца пажылая жанчына, ад штодзённага даення на працягу многіх гадоў рукі ўжо не вытрымлівалі. І тады папрасілася яна дзяжурыць на свінакомплекс, а потым пайшла ў паляводчую брыгаду, дзе і працавала да самай пенсіі.
Але і ў паляводстве работа, вядома ж, была нялёгкай.
— І гной мы рукамі раскідва­лі, буракі, бульбу па цэлых гектарах уручную і садзілі, і капалі. Затое ўсё з добрым настроем рабілі, — заўважае Ганна Цімафееўна.
Аб энтузіязме людзей пакалення калектывізацыі нездарма напісаны сотні кніг, зняты сотні фільмаў. Ганна Цімафееўна добра памятае, як яны ўдзельнічалі ў спаборніцтве сярод паляводчых звенняў на ўборцы бульбы.
— Што тады на полі рабілася, не пераказаць, — з усмешкай распавядае жанчына, — усе бульбу збіралі, стараліся абагнаць іншых, а калі трактара доўга не было, сустракаючы яго, увогуле на дарогу выбягалі, каб хутчэй сабраную бульбу высыпаць і бегчы зноў на поле.
У паляводчую брыгаду з ранніх гадоў прыйшла працаваць і Марыя Цімафееўна Саўчук. Да таго часу яна паспела закончыць ужо чатыры класы школы. У тыя гады пісьменны чалавек у сельскай мясцовасці быў на вагу золата. А таму Марыя стала першым памочнікам брыгадзіра. Дзе трэба нешта памераць, паперы напісаць, яе заўжды клікалі. Дружнай брыгадай, як успамінае Марыя Цімафееўна, гектары пасаджанай гародніны палолі, з песнямі лён ірваць ішлі. А вярнуўшыся з калгаснага поля, стомленыя, з мужам і сястрой за сваю работу браліся, бо трэба было гаспадарку трымаць, каб дзяцей карміць-гадаваць.
З дзяцінства прывучаны былі да нялёгкіх спраў на зямлі-карміцельцы і дзеці Саўчукоў. Дачка Вера і сын Мікалай, як і іх бацькі, засталіся жыць у сваёй вёсцы і сталі прадаўжальнікамі працоўнай дынастыі Саўчукоў.

“Вёску на горад не прамяняю…”
— Каб я, вясковая дзяўчына, перабралася жыць у горад? Нізашто! – сказала, нібы адрэзала, свайму будучаму мужу, Анатолю Бондару, дачка Марыі Цімафееўны – Вера. Тады яна працавала ў абласным цэнтры, на цягніку з работы дабіралася дамоў. У дарозе і сустрэла Анатоля, украінскага хлопца, які таксама ездзіў на работу ў Брэст. Пазнаёміліся, закахаліся, згулялі вяселле. Анатолю прапанавалі на рабоце стаць на чаргу на кватэру. Вера, даведаўшыся, адразу папярэдзіла, што ніколі не будзе жыць на “паверхах”. Абмеркаваўшы ўсе “за” і “супраць”, маладая сям’я вырашыла заснавацца ў Мельніках. Анатоля ўзялі ў калгас “Запаветы Леніна” даглядчыкам жывёлы, а Вера ўладкавалася цялятніцай. З таго часу вось ужо 30 гадоў кожны ранак разам з мужам адпраўляецца яна на цялятнік. Працуе Вера Сямёнаўна на ферме па дарошчванні жывёлы. За столькі гадоў і да работы сваёй прывыкла, і да ўмоў розных.
— Цяпер і памяшканні ўжо перабудавалі,і тэхналогіі многія змяніліся, Але, як і раней, трэба і душу ў справу ўкласці, і сілы, – адзначае яна.
Не пералічыць, колькі разоў, заўважыўшы, што жывёле не хапіла корму, Веры Сямёнаўне даводзілася несці “сняданак” сваім гадаванцам у поўным сэнсе слова на сваіх плячах. Як пакорміш жывёлу, ведае цялятніца, так яна і расці будзе. А ад прыбаўленняў у вазе залежаць поспех і вынік яе работы. А таму дапусціць, каб пакрыўджанай засталася тая жывёла, да якой падвезлі мала кармоў, яна не можа. І такіх нюансаў у жывёлаводчай справе нямала. Але працавітая і адказная па сваёй натуры, яна ніколькі не шкадуе, што засталася жыць і працаваць на сваёй маленькай радзіме. Ды і муж яе, Анатоль Арцёмавіч, даўно прывык да прыгожай вёскі Мельнікі. Тут пабудавалі яны дом, выгадавалі чацвярых дзяцей, якія таксама з маленства прывыклі да сялянскай працы. Сын Бондараў, Арцём, пайшоў вучыцца ў прафесійны ліцэй і, набыўшы прафесію трактарыста, вернецца, напэўна, у сваю гаспадарку, бо менавіта тут яго карані.

Працягваючы бацькаву справу
Мікалай Сямёнавіч і Надзея Ануфрыеўна, яшчэ адна раскідзістая галінка на дрэве дынастыі Саўчукоў, родам з адной вёскі. З юнацтва лёсы іх былі звязаны з мясцовай гаспадаркай, а таму, калі пакахалі адзін аднаго і вырашылі пажаніцца, нават і размовы пра тое, каб пакінуць мясцовасць, дзе нарадзіліся, не было. Тым больш, што цяжкасцей вясковага жыцця яны не баяліся. Працоўная біяграфія Надзеі пачалася рана. Адразу пасля заканчэння школы ўладкавалася яна на ферму даяркай, потым тры гады вучылася ў Пінскім сельгастэхнікуме, набыла спецыяльнасць асемянатара. Новая работа падабалася, але давялося адмовіцца ад яе, бо на ферму трэба было ездзіць у іншую вёску. На­дзея вырашыла паспрабаваць сябе ў прафесіі цялятніцы. З таго часу, як узяла яна першую групу цялят, прай­шло ўжо больш за 20 гадоў. Са штодзённымі клопатамі, нялёгкімі, адказнымі, якія правяраюць і вытрымку, і фізічныя сілы, і сумленнасць у адносінах да справы, На­дзея Ануфрыеўна спраўляецца добра. З асаблівым клопатам яна прымае ў сваю групу маленькіх цялятак, даглядае за імі, пакуль не падрастуць, і, ладненькіх, калі набяруць яны патрэбную вагу, перадае іншым, пачынаючы ўвесь працэс работы спачатку.
Муж Надзеі, Мікалай Ся­мёнавіч, шмат гадоў праца­­ваў трактарыстам. Але з-за траўмы давялося развітац­ца яму з трактарам і пераква­ліфікавацца ў слесары. Да тэхнікі, дапамагаючы бацьку, з дзяцінства прывыклі і сыны Бондараў. Старэйшы Аляксей ужо 5 гадоў працуе ў СВК “Хаціслаўскі” трактарыстам, яго брат Сяргей за рулём трактара другі год. Усяго ў сям’і Мікалая і Надзеі пяцёра дзяцей, двое — яшчэ школьнікі. Усе яны вучацца ад бацькоў працавітасці і разуменню важнасці працы на зямлі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: прадстаўнікі дынастыі Саўчукоў-Бондараў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 3.11.2012 г.

Добавить комментарий


Buy DRO P 100 online in Canada
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!