Святы хлеб

Хто хоць раз быў на службе ў праваслаўным храме, то бачыў і чуў, як малыя дзеці просяць бацькоў набыць ім “Божую булачку”- просвіру. Маленькі хлеб з адціснутым крыжам на верхняй скарыначцы з’яўляецца не толькі ласункам для дзяцей. Ён ўжываецца для здзяйснення найважнейшага з царкоўных таінстваў — Еўхарыстыі. Кожная дэталь у просвіры мае глыбокі духоўны сэнс. Цеста для яе з пшанічнай мукі, вады і солі гатуюць з выкарыстаннем розных заквасак.
На просвіры змяшчаюцца выявы крыжа з надпісам “Ісус Хрыстос. Перамога” або абраз Багародзіцы ці якога-небудзь святога. Просвіра складаецца з 2 частак у знак дзвюх прырод Ісуса Хрыста — Божай і чалавечай. Пры гэтым ніжняя частка просвіры адпавядае зямному (цялеснаму) складу чалавека; верхняя частка з пячаткай – духоўнаму пачатку ў чалавеку, у якім захаваны вобраз Божы і таямніча прысутнічае Дух Божы. Для праскамідыі (часткі службы) просвіра цалкам не выкарыстоўваецца — з яе адбіраюцца часцінкі. Адна з просвір выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі таінства, якім на літургіі прычашчаюцца святар і вернікі. З астатніх 4 просвір святар адбірае часцінкі ў памяць Багародзіцы, святых, а таксама ў памяць жывых і памерлых. Акрамя 5 богаслужэбных, таксама выпякаюцца невялічкія просвіры, з якіх вымаюцца часцінкі і пасля аддаюцца вернікам як пацвярджэнне таго, што за іх родных і блізкіх прынесена бяскроўная ахвяра.
Актам маскоўскага сабора 1551 г. выпякаць просвіры дапускаюцца ўдовы або жанчыны-нявінніцы ва ўзросце пасля 50 гадоў. Тым жа саборам было забаронена што-небудзь гаварыць падчас працы па выпечцы просвір, акрамя малітваў. Просвіры павінны быць выпечаны не больш чым за пяць дзён да службы, інакш яны зачарсцвеюць.
У Свята-Мікалаеўскай царкве г.Маларыты просвіры выпякаюць 3 жанчыны: Ганна Галавей,Таццяна Масюк і Ганна Асадчая. Ганна Сцяпанаўна і Таццяна Захараўна гэты послух нясуць з чэрвеня 2006 г., а Ганна Аляксееўна — з лютага 2011 г.
— Якой павінна быць просвіра?
— Трэба, каб яна мела дастатковы аб’ём і правільную форму, — кажа Ганна Галавей. – А яшчэ, каб была смачнай і духмянай. Скарынка — без парываў і расколін, эластычны мякіш з дробнай, танкасценнай і раўнамернай сітаватасцю, унутраная структура – не вельмі шчыльнай, каб пры спажыванні просвіра «раставала ў роце», але ў той жа час крышылася і не была «гумовай».
— Колькі этапаў мае выпяканне просвір?
— Гэты працэс складаецца з шасці своеасаблівых частак, — гаворыць Таццяна Масюк. – Іх умоўна можна назваць так: падрыхтоўка цеста, яго закісанне, раздзелка, выпечка, астуджэнне, захоўванне. На падыход цеста вельмі ўплывае ўнутраны стан.
— Колькі часу займае выпяканне просвір у вас?
— Працу пачынаем прыблізна ў 8.30 і заканчваем недзе ў 16.00, — расказвае Ганна Аляксееўна. — Кожны тыдзень выпякаем свежыя просвіры. Колькі служб, адпаведна, столькі разоў прыступаем да працы.
— А на вагу гэта колькі атрымліваецца?
— Не ведаю, — усміхаецца Таццяна Захараўна, — мы не ўзважваем. А вось колькі штук, скажу. Да кожнага нядзельнага богаслужэння выпякаем 500-600 просфір. За верасень, напрыклад, гэта – 3100 штук.
— Да просвір трэба ставіцца з павагай, — нагадвае Ганна Сцяпанаўна. — Спажываюць яе раніцай нашча з малітвай, стараючыся не губляць ні крошкі. Затым запіваюць святой вадой. Прынесеныя дадому просвіры неабходна захоўваць ля абразоў. Многія вернікі, калі прыносяць дадому просвірку, разразаюць яе акуратна нажом на невялікія частачкі. Гэта дае магчымасць адну просвірку падзяліць на маленькія “кавалачкі” і ўжываць кожны дзень. Крошкі выкідваць нельга. Неабходна сачыць за тым, каб просвіра не заплеснявела і не сапсавалася. Нельга яе давацьі на з’ядзенне жывёлам. Лепш такую просвіру прынесці ў царкву. Трэба памятаць, што гэта – не звычайны хлеб, а святы. Яе таксама можна спаліць дома, а попел вынесці на ваду ці ў іншае месца, якое не топчацца.
На здымку: Ганна Галавей, Таццяна Масюк і Ганна Асадчая рыхтуюць просвіры да выпякання.

Опубликовано в «ГЧ» 10.11.2012 г.

Добавить комментарий


http://babyforyou.org

плечики для одежды
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!