Кніга — для “цяжкіх” бацькоў

Памятаеце, раман “Ганна Карэніна” Л.Талстога пачынаецца з афарызму: “Усе шчаслівыя сем’і падобны адна на другую. Кожная нешчаслівая сям’я нешчаслівая па-свойму”. Так можна сказаць і пра дзяцей: усе паслухмяныя дзеці добрыя аднолькава, але кожнае цяжкае дзіця цяжкае па-свойму. Бацькі, скардзячыся, часта задаюць адно і тое ж пытанне: “І чаму ён такі?” Не ведаюць мамы і таты такіх дзяцей, што з імі рабіць. Хоць дрэннага неабходна зрабіць добрым. Мэта зразумелая. Аднак, як ажыццявіць задуманае практычна? Угаворваеш – не слухаюцца, павышаеш голас – не рэагуюць, накрычыш – расплачуцца, а фізічнае пакаранне — непедагагічна… Цяжка з імі, гэтымі цяжкімі дзецьмі! А якое няпростае сучаснае жыццё! Суцэльнае патрасенне. А тут яшчэ дзіця. Не да часу яно, не ў пару.
Дзіця не вінавата ў тым, што з’явілася на гэты свет тут і зараз. І яно не абавязана за гэта адказваць. Нявыхаванае, ленаватае, капрызнае, непаслухмянае – цяжкае… Дык што з ім рабіць? А з вамі? З вамі што рабіць? Пастаянна стомленымі, абыякавымі да ўсяго, змрочнымі, раздражнёнымі, якія заўсёды некуды спяшаюцца і якія ўвесь час нечым заняты… Што рабіць вашаму дзіцяці з вамі? Чым абараніць сябе ад вашага хранічнага незадавальнення ўсім і ўсімі, ад адчування сваёй непатрэбнасці вам, бацькам?
Дзеці, кажучы моваю матэматыкі, — вытворная. Вытворная ад нас, таму што на свет іх нарадзілі мы. Тон адносін у сям’і залежыць усё ж такі ад бацькоў, а не ад дзяцей. І калі дзіця – тыран, а яго бацькі – пакорлівыя рабы, то гэта яны дазволілі, яны дапусцілі такую расстаноўку сіл у сям’і.
Разбурэнне звыклага свету за апошнія дваццаць гадоў прывяло да таго, што нашы дзеці сталі хворымі — хворымі духоўна. Культурная агрэсія з яе сумнымі, а часам трагічнымі наступствамі, не абмінула і праваслаўныя сем’і. Аўтары “Кнігі для цяжкіх бацькоў. Бліц-педагогіка”, вядомыя праваслаўныя псіхолагі-педагогі Ірына Мядзведзева і Таццяна Шышова, ужо даўно займаюцца псіхатэрапіяй дзіцячых неўрозаў (страхаў, паталагічнай сарамлівасці, цікаў, заікання, дэманстратыўнасці і г. д.). Іх вопыт дазволіў зрабіць выснову, што неўрозы ўзнікаюць у сям’і, а таму і лячыць і, галоўным чынам, папярэджваць іх павінна таксама сям’я. А як гэта зрабіць, вы даведаецеся, прачытаўшы гэтую кнігу.
На здымку: кніга І.Мядзведзевай, Т.Шышовай “Кніга для цяжкіх бацькоў. Бліц-педагогіка”, рэкамендаваная Выдавецкім саветам Рускай Праваслаўнай царквы.

Опубликовано в «ГЧ» 10.11.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.