Смачнай прафесіі майстар

Прафесія повара з дзяцінства знаёма ўсім. Кожны з нас не раз у жыцці спрабаваў нешта згатаваць. Але не маючы вопыту і навыкаў, не заўсёды можна атрымаць тое, што хацелася ў канчатковым выніку бачыць на стале. Народ на гэты конт трапна заўважыў, што добры повар як доктар. Сапраўды, ад таго, як ён нас накорміць, залежаць і здароўе, і настрой, і самаадчуванне.
— Наша прафесія творчая, — кажа Галіна Белавус, повар Хаціслаўскай СШ. – Яна патрабуе пастаяннага пошуку, фантазіі. Повар – той самы мастак. У яго руках звычайныя прадукты ператвараюцца ў сапраўдныя шэдэўры, якія можна пакаштаваць, з апетытам з’есці і надоўга запомніць смак.
— Каб стаць сапраўдным чараўніком кухні, трэба вопыт, — пераканана Галіна Белавус. –Ды і ў кожнага повара ёсць свае фірменныя сакрэты, свае любімыя стравы, якія атрымліваюцца найлепш.
Галіна Адамаўна – майстар па ўпрыгожванні вясельных караваяў. Гэта захапленне пачалося з таго, што яна некалькі гадоў таму на дзень нараджэння суседкі арыгінальна аформіла торт. Усе госці былі ў захапленні ад убачанага. З таго часу так і павялося, што многія вяскоўцы просяць упрыгожыць каравай. Па словах Галіны Белавус, на яго выраб трацяцца суткі, а само ўпрыгожванне займае недзе 3-4 гадзіны.
У “Запаветах Леніна” Галіна Белавус пачынала працаваць даяркай. З малымі дзецьмі на гэтай пасадзе працаваць было цяжка. Таму, калі вызвалілася месца, уладкавалася у мясцовую школу кухонным рабочым. Пасля закончыла ў Брэсце курсы повараў і стала гатаваць хаціслаўскім вучням смачныя сняданкі і абеды.
— Так склаліся жыццёвыя абставіны, што стала кухарам. У дзяцінстве марыла стаць настаўнікам пачатковых класаў. Любіла матэматыку і маляванне. У школе вучылася добра. Аднак у бацькоў было чацвёра дзяцей. Розніца ва ўзросце паміж усімі намі складала прыблізна год. Даць адразу чацвярым вышэйшую адукацыю было складана. Я гэта разумела, таму і імкнулася хутчэй пайсці на свой хлеб.
…У Хаціслаўскую СШ мы прыехалі якраз тады, калі дзеці выходзілі са сталовай. Прыемны пах разносіўся па калідоры. А вучні, паеўшы, гучна казалі: “Дзякуй!” У некаторых мы пацікавіліся, як, на іх думку, гатуюць у сталовай. Усе адказалі, што заўсёды смачна, апетытна і што самі дзеці часта просяць дабаўкі.
— Галіна Адамаўна, напэўна, і дома кожны дзень гатуеце нешта незвычайнае?
— Не. Дома кожны дзень не выварваю, не высмажваю, не прыдумваю новыя стравы. А вось калі дадому прыязджаюць дзеці і ўся сям’я збіраецца разам, тады і хочацца нечым смачненькім здзівіць.
У Галіны Белавус ёсць і свае фір­менныя рэцэпты. Асаблівы кулінарны гонар – карп запечаны. Сапраўдныя гурманы могуць годна ацаніць і розныя кандытарскія вырабы маёй субяседніцы. Такіх рэцэптаў у Галіны Адамаўны не адзін дзясятак. Між іншым, кулінарную навуку выдатна асвойваюць дочкі – старэйшая Аліна і меншая Ганна. Сын Аляксей таксама час ад часу любіць прадэманстраваць сваё кухарскае ўмельства.
Р.S. Галіна Адамаўна падзялілася, як прыгатаваць карпа так, каб елася і яшчэ хацелася. Усе этапы запісаў даслоўна. Пераправерыў, перапытаў, што было незразумела і ў чым сумняваўся. Засталося злавіць ці, больш верагодна, купіць рыбіну і прысвяціць сябе высокаму майстэрству прыгатавання ежы. Толькі вось ці атрымаецца ў мяне?
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Галіна Белавус: “Каб ежа атрымалася смачнай, яе трэба гатаваць з любоўю”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.11.2012 г.

Добавить комментарий


https://best-mining.com.ua

oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!