“Рука дапамогі”, працягнутая падлеткам

Другім этапам рэалізацыі ў раёне міжнароднага праекта па супрацьдзеянні гандлю людзьмі стаў семінар-трэнінг для падлеткаў “Гандаль людзьмі – вымысел альбо рэальнасць”, арганізаваны прадстаўнікамі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
Кожная пятая ахвяра гандляроў “жывым таварам” – дзеці. У пастку рабства трапляюць яны часцей за ўсё таму, што не ведаюць, дзе можа падсцерагаць іх небяспека. Як не стаць лёгкай мішэнню для трафікёраў? На якія прапановы лепш не згаджацца, нават калі паступаюць яны ад даўно знаёмых людзей? Што павінна насцярожыць у аб’явах пры пошуку работы? Вычарпальныя адказы на гэтыя пытанні змаглі атрымаць у час трэнінгавых заняткаў 25 падлеткаў са школ горада. На працягу некалькіх гадзін з імі працавалі каардынатар праграм па супрацьдзеянні гандлю людзьмі па Брэсцкай вобласці Ніна Саванеўская, супрацоўнік райаддзела міліцыі Андрэй Гапонік і спецыялісты інфармацыйна-кансультатыўнага цэнтра “Рука дапамогі”.
Арганізатары сустрэчы не загружалі школьнікаў лічбамі статыстыкі, а ў гульнявой форме, абмяркоўваючы розныя жыццёвыя сітуацыі, растлумачвалі правілы паводзін, якія дапамогуць пазбегнуць такіх жудасных вынікаў, як працоўная і сексуальная эксплуатацыя, прымусовы ўдзел у парнаграфічным бізнесе, жабраванні. Юнакі і дзяўчаты, працуючы групамі, вызначалі самы бяспечны варыянт пошуку працы. Пасля доўгіх абмеркаванняў і спрэчак яны згадзіліся з тым, што найбольшую гарантыю бяспекі дае працаўладкаванне з дапамогай аб’явы ў газеце, паколькі яна абавязкова ўтрымлівае канкрэтныя звесткі аб наймальніку, а самы небяспечны спосаб пошуку працы — па падказцы знаёмых, калі чалавеку невядомы ні канкрэтны адрас месца працаўладкавання, ні дадзеныя работадаўцы.
Гавораць: на памылках вучацца. Але толькі не ў выпадку, калі чалавек трапляе ў рабства. Лепш, як падкрэслівалі псіхолагі інфармацыйна-кансультатыўнага цэнтра, прапаноўваючы школьнікам розныя жыццёвыя гісторыі, вучыцца на прыкладзе паводзін іншых. Удзельнікам трэнінгу трэба было вызначыць памылкі, якія дапускалі героі міні-гісторый, адпраўляючыся ў турыстычнае падарожжа ці уладкоўваючыся працаваць за мяжу. Акрамя таго, вывучаючы фотапартрэт чалавека, юнакі і дзяўчаты знаходзілі рысы, ўласцівыя ахвяры гандлю людзьмі, вярбоўшчыку, прадаўцу “жывога тавару”. У час віктарыны школьнікі вызначалі групу рызыкі, а ў творчым заданні самастойна стваралі буклет, які б мог папярэдзіць іншых аб небяспецы, назва якой – гандаль людзьмі.
Нямала ўражанняў засталося ў падлеткаў пасля прагляду відэастужкі “Элькіна мара”. Напэўна, пачутае і ўбачанае не ўспрымалася б школьнікамі так востра, калі б не геаграфія фільма. Большая частка яго была знята ў нашым раёне, а галоўная гераіня – Эля, якая ў дванаццацігадовым узросце паехала па запрашэнні сяброўкі ў Маскву і трапіла ў “пастку” сутэнёраў, — наша зямлячка.
І фільм, і сама размова, як прызнаваліся школьнікі, прымусілі іх задумацца аб тым, як важна ў любой сітуацыі быць пільнымі, бо далёка не ўсё тое, што блішчыць, — золата.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час трэнінгавых заняткаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.11.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://exstraeconom.kiev.ua/

www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua

best-cooler.reviews/