З КАРАБЛЯ — НА БАЛЬ

У раёне і вобласці прайшло ўрачыстае ўшанаванне работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
“Хто працаваць не лянуецца, той прыбрацца не сароміцца”, — так гаворыць народная мудрасць. Убраны ўраджай з палёў, закладзены яго падмурак на будучы год, на фермах таксама падлічваюць здабыткі. Можна і на баль! Год сельскагаспадарчы завяршаецца, і вянцом яго стала вялікая ўрачыстасць, на якую ў гарадскім Доме культуры сабраліся па-святочнаму апранутыя вяскоўцы. З прывітальным словам да іх звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Федзюковіч. Лепшыя з лепшых былі ўзнагароджаны. 36 чалавек удастоены Грамат райвыканкама. Пры падвядзенні вынікаў у кормавытворчасці і жывёлагадоўлі са сцэны прагучала нямала прозвішчаў тых, хто найлепш стараўся, вынікам чаго сталі важкія паказчыкі. У кормавытворчасці – гэта прыватнае прадпрыемства “Савушкіна”, СВК “Рыта” і “Ляхаўцы”, якія занялі адпаведна І, ІІ і ІІІ месцы (кіраўнікі Пётр Яцура, Іван Пастушак і Юрый Ківачук). Сярод механізатараў лепшым быў Мікалай Пішчык з райаграпрамтэхнікі, які нарыхтаваў 19 тысяч тон кармоў, на другім месцы – Сяргей Бойка (14,5 тыс. тон) з СВК “Дарапеевічы”, на трэцім – Іван Дардзюк (12,7 тысячы тон) з СВК “Рыта”. Вадзіцель з СВК “Дарапеевічы” Аляксандр Улезла стаў лепшым у раённым спаборніцтве на перавозцы кармоў, Анатоль Галянчук з СВК “Арэхава” — другім, Міхаіл Міхальчук з СВК “Рыта” – трэцім.
Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас работнікаў жывёлагадоўчай галіны, якая, развіваецца паступальна, як сказаў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, калі ўзнагародж­ваў пераможцаў. Вялікі прырост валавой вытворчасці малака адзначаны ў СВК “Дарапеевічы”, “Макраны”, ДзП “Радзежскае”, прыватным прадпрыемстве “Савушкіна”. З пачуццём прызнанасці за працу атрымлівалі ўзнагароды жывёлаводы.
Вялікі ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна ўнёс і сёлета ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”. З пачатку года тут выпушчана прадукцыі на 63 млрд. рублёў. Прадукцыя пяці інавацыйных груп адгружана на суму 4 мільярды рублёў. Нямала відаў яе адзначана высокімі ўзнагародамі. Вялікая заслуга ў гэтым, як адзначаў Вячаслаў Федзюковіч, адказнага і неабыякавага кіраўніка Таццяны Камянчук, якая згуртавала дружны калектыў. Нямала гадоў працуюць у ім адданыя прадпрыемству людзі – Любоў Хмяльніцкая, Галіна Супрунюк, Любоў Карабейка, Таццяна Бурыта, Ганна Дацык і многія іншыя.
Вялікая група перадавікоў на раённай сцэне атрымлівала ўзнагароды ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК, перапрацоўчых прадпрыемстваў Брэста, прадстаўнікі якіх, адклаўшы ўсе свае справы, прыехалі, каб павіншаваць і падзякаваць усім за працу старанную. Яшчэ адной узнагародай стаў святочны канцэрт.
***
А на наступны дзень у Камянцы праходзіла абласное свята-ўшанаванне працаўнікоў сяла, у якім прымала ўдзел і дэлегацыя Маларытчыны, на чале са старшынёй райвыканкама Казімірам Лапічам.
— Працаўнікі нашай вобласці заўсёды былі на перадавых рубяжах у рэспубліцы, — падкрэсліў, — выступаючы перад прысутнымі, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар.
Таму невыпадкова сярод чатырох складаемых поспеху ён назваў працу кожнага.
Дастойна выглядаў наш раён на абласной святочнай сцэне. Узнагароды атрымлівалі ўсе: ад старшыні райвыканкама да радавых працаўнікоў. Так, у спаборніцтве па вытворчасці і рэалізацыі малака раён заняў ІІ месца, СВК “Чырвоны партызан” (старшыня Сяргей Сцепанюк), прызнаны другім на нарыхтоўцы кармоў, прыватнае прадпрыемства “Савушкіна” – на другім месцы па вытворчасці насення шматгадовых траў, на трэцім – па рэалізацыі мяса. Пісьмом падзякі аблвыканкама адзначаны трактарыст-машыніст СВК “Хаціслаўскі” Сяргей Саўчук. Намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі ўручыў узнагароды механізатару СВК “Чырвоны партызан” Мікалаю Анішчуку і трактарысту-машыністу райаграпрамтэхнікі Віктару Ігнацюку за прызавыя месцы ў спаборніцтве на перавозцы кармоў, а старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў – Ганаровую грамату Савета за поспехі ў павелічэнні вытворчасці малака даярцы СВК “Дарапеевічы” Людміле Кіцель. А Васілю Юхімуку, старшыні СВК “Дарапеевічы”, узнімацца на сцэну давялося 4 разы. Гаспадарка даўно ўжо заваявала перадавыя пазіцыі і ўтрымлівае іх не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы. Так, напярэдадні Васіль Фядосавіч прымаў у­дзел у святочных мерапрыемствах у Міністэрстве сельскай гаспадаркі РБ, — у рэспубліканскім спаборніцтве сельгаскааператыў, які ён узначальвае, заняў ІІ месца па нарыхтоўцы кармоў. На камянецкай жа сцэне Васіль Юхімук прымаў узнагароды за трэція месцы ў спаборніцтве па вытворчасці насення рапсу, па рэалізацыі малака. За шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у дасягненне высокіх паказчыкаў сельскай гаспадаркі ён узнагароджаны Граматай аблвыканкама і Пісьмом падзякі Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза, якое ўручыў яму выканаўчы дырэктар Мікалай Казак.
Аднойчы абраўшы ролю, якая стала іх лёсам, працаўнікі вёскі жывуць у гармоніі з зямлёй, робяць наша жыццё прыгожым і багатым. І ўрачыстасці па іх ушанаванню запомняцца прызнаннем таго, што вяскоўцы — самы галоўны і неацэнны скарб.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: у час ушанавання перадавікоў на сцэне ГДК; даярка СВК “Дарапеевічы” Людміла КІЦЕЛЬ: “Я задаволена, што маю працу так высока ацанілі”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА і Ніны СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 21.11.2012 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


шторы готовые

777.softplaycompany.co.uk

www.gefest-sv.kiev.ua