Адкрыць магазін у Мельніках не толькі ў інтарэсах пакупнікоў

Чаму не працуе магазін у Мельніках? Што плануецца адкрыць на базе Хмялёўскай школы? Чаму ля магазіна “Погляд” дрэннае асвятленне? – гэтыя і іншыя пытанні высвятлялі грамадзяне ў час “прамой тэлефоннай лініі” з намеснікам старшыні райвыканкама Вадзімам ШПЕТНЫМ. Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з яе.
Галіна Міхайлаўна Жлукта. г. Маларыта:
— Каля магазіна “Погляд” звычайна бывае вялікая колькасць транспарту, асабліва ў вячэрні час. А асвятленне тут недастатковае, што не зусім бяспечна, тым больш, што побач з магазінам два пешаходныя пераходы.
Вадзім Паўлавіч па тэлефоне задаў гэтае пытанне дырэктару КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандру Фёдаравічу Пешце. Той паабяцаў, што ва ўсім разбярэцца. Магчыма, на ліхтарах адсутнічаюць ці перагарэлі лямпачкі.
Любоў Іванаўна, жыхарка дома № 42 па вул. Савецкай у Маларыце:
— Непадалёку ад нашага дома ёсць падстанцыя раёна электрасетак, побач — інтэрнат райспажыўтаварыства. У двары насупраць падстанцыі бывае вельмі брудна, стаіць нейкі вагончык, невядома кім і для каго пакінуты. Ці нельга тут навесці парадак?
Аляксандр Пешта, якому Вадзім Паўлавіч зноў патэлефанаў, паабяцаў больш дасканала вывучыць гэтае пытанне і вырашыць яго.
Яфімія Рыгораўна Варанчук, жыхарка в. Збураж:
— У 1957 – 1958 гадах я сезонна працавала на цагляным заводзе, які быў у Збуражы. Чаму мне не залічылі ў стаж гэты перыяд работы?
В. Ш.:
— Магчыма, таму, што гэта было не асноўнае месца Вашай работы.
Для больш дакладнага высвятлення пытання Вадзім Паўлавіч папрасіў начальніка аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Галіну Іванаўну Хамічук даць кансультацыю. Яна растлумачыла, што ў пенсійнай справе Яфіміі Рыгораўны ёсць звесткі аб тым, што ў 1957-1958 гадах яна працавала ў калгасе. Гэтыя 2 гады залічаны ёй у агульны стаж, таму сезонныя работы на цагляным заводзе ў стаж не залічаны.
Надзея Андрэеўна Мірчук, жыхарка в. Мельнікі:
— У нашай вёсцы закрылі магазін, што быў у раёне чыгункі. Цяпер мы вымушаны хадзіць за прадуктамі ў гандлёвую кропку, што ля школы. А гэта вельмі далёка. Чаго магазін закрылі і ці будзе ён працаваць?
Алена Цімашэнка, старшыня райспажыўтаварыства, якой Вадзім Паўлавіч задаў такія пытанні па тэлефоне, растлумачыла: магазін у Мельніках закрылі з-за таго, што прадавец звольнілася і змяніла месца работы. Алена Аляксандраўна папрасіла прабачэння ў жыхароў Мельнікаў за нязручнасці і запэўніла, што магазін тут у хуткім часе зноў будзе працаваць.
Ганна Мікалаеўна, жыхарка в. Радзеж:
— Што плануецца адкрыць на базе Хмялёўскай школы? Будынак жа яе сам па сабе хоць і не новы, але вельмі дагледжаны?
В. Ш.:
— На базе былой Хмялёўскай школы плануецца адкрыць аздараўленчы лагер. Калі канкрэтна, сказаць цяжка, бо праблема ўпіраецца ў адсутнасць фінансавых сродкаў, якія неабходны для рэканструкцыі памяшкання.
Георгій Ануфрыевіч Ківачук, жыхар в. Мельнікі:
— У нас закрылі прадуктовы магазін, а другі знаходзіцца за 3 кіламетры. Для пажылых людзей гэта вельмі далёка. Ці нельга зрабіць так, каб мы часова абслугоўваліся ў аўталаўцы? Ці, каб хлеб, які прывозяць, прадавалі з машыны?
В. Ш.:
— Пытанне наконт магазіна Вашы землякі ўжо задавалі. Прабачце пра нязручнасці, яны часовыя. Адкрыць магазін у Мельніках, што быў у раёне чыгункі, у інтарэсах не толькі пакупнікоў, але і райспажыўтаварыства. Ён даваў добры тавараабарот, тут нядаўна быў зроблены рамонт. Ёсць кандыдатура на пасаду прадаўца. Таму можна спадзявацца, што ў хуткім часе гэтае пытанне вырашыцца. Наконт аўталаўкі і продажу хлеба з машыны. Як мне растлумачылі, там, дзе ёсць стацыянарная гандлёвая кропка, абслугоўванне праз аўталаўку не прадугледжана. Прадаваць хлеб з машыны таксама немагчыма, бо вадзіцель і экспедытар павінны захоўваць графікі прывозу хлеба ў магазіны кожнага населенага пункта.
Г. К.:
— І яшчэ ў мяне адно пытанне: калі ў нашай вёсцы будуць устаноўлены кантэйнеры для смецця?
В. Ш.:
— Як растлумачыў дырэктар КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, сёлета яшчэ будуць выдзяляцца сродкі на закупку кантэйнераў. Між іншым, каштуе кожны з іх нямала, але ў камунальнай службе будуць старацца, каб выдзеленыя грошы выкарыстаць на набыццё кантэйнераў. Ці размяркуюць іх у Вашу вёску, пакуль канкрэтна сказаць не магу, але надзея ёсць.
Наталля Уласаўна Ківачук з в. Мельнікі таксама ўзнімала пытанне наконт работы магазіна. Вадзім Паўлавіч яшчэ раз папрасіў прабачэння за часовыя нязручнасці.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: намеснік старшыні райвыканкама Вадзім ШПЕТНЫ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.11.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://www.fashioncarpet.com.ua

profvest.com/2015/05/individualniy-invest-schet-iis.html

поисковое продвижение сайта