Хаціслаўскі лясны церамок

Гэтым летам Хаціслаўскае лясніцтва змяніла “месца жыхарства”. Праўда, калектыву, у якім працуе 25 чалавек, далёка пераязджаць не давялося. Новы будынак лясніцтва “вырас” літаральна за год на той жа вуліцы, насупраць старога будынку, заняўшы частку тэрыторыі невялікага сасновага бору.
— Умовы, у якіх даводзілася працаваць раней, і тыя, у якіх працуе калектыў сёння, проста не параўнаць. Адно ўжо тое, што кабінеты ў старым будынку былі прахадныя, а цяпер асобныя, прычым утульныя, з новай мэбляй, вялікі плюс, — заўважае ляснічы Хаціслаўскага лясніцтва Васіль Пятручык.
Васіль Уладзіміравіч — кіраўнік малады і вельмі ініцыятыўны. Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума ён прайшоў нямала працоўных прыступак, якія дапамаглі набыць вопыт і ўдасканаліць практычныя веды. Затым была вучоба ў інжынерна-тэхнічнай акадэміі. І вось ужо два гады ён узначальвае Хаціслаўскае лясніцтва. І ў тым, што цяпер калектыў мае новы будынак, які дабавіў асаблівы каларыт да агульнага добраўпарадкавання вёскі, немалая заслуга актыўнага ляснічага.
Пытанне, дзе будзе размешчаны новы будынак лясніцтва, абмяркоўвалася не адзін дзень. Разгледжаны былі розныя варыянты, але зацікавіў толькі адзін. Аднак, для таго, каб пачаць будаўніцтва, трэба было вызваліць пэўны ўчастак вуліцы ад дрэў. На падрыхтаванай пляцоўцы хутка сабралі шчытавы домік. Прыгожы выгляд яму надаў спецыяльны аддзелачны матэрыял — блокхауз. У акружэнні шматгадовых соснаў-веліканаў, з тэрыторыяй, акрэсленай акуратнай агароджай, новы будынак стаў падобны на “лясны церамок”. А ў тым церамку — светлыя пакоі, вялікая актавая зала, дзе цяпер можа сабрацца, каб вырашаць надзённыя пытанні, увесь калектыў, утульны пакой для адпачынку. На тэрыторыі лясніцтва, якая займае каля 30 сотак, будуць пабудаваны гараж, бытавыя памяшканні, летні душ. Гэта, як адзначаюць у калектыве лясніцтва, пакуль у планах, а вось добраўпарадкаваннем участка вакол свайго адміністрацыйнага будынку заняліся гаспадары хаціслаўскіх лясоў ужо сёлета. І пачаліся работы па ўпрыгожванні тэрыторыі з пасадкі дрэў: яблынь, блакітных елак, ніцых вербаў,самшыту, што яшчэ раз даказала: той, хто любіць прыроду, ўмее ствараць прыгажосць.
Святлана МАКСІМУК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 21.11.2012 г.

Добавить комментарий


купить аккумулятор Кировоград

https://topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!