Згуляем у страйкбол?

Тэлефонны званок ад Генадзя Германюка, начальніка аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, быў нечаканым. Не менш заманлівай здалася і прапанова паехаць паглядзець гульню страйкбалістаў.
— Будзе цікава і пазнавальна, — запэўніў Генадзь Мікалаевіч.
Адклаўшы ўсе суботнія справы, адразу ж згаджаюся паехаць на тэрыторыю былой ракетнай часці бліз Замшан. Надвор’е з самага ранку сапсавалася, бо пачаў ісці мокры снег, узмацніўся вецер. Ці адбудзецца гульня? Сумненні зніклі, калі апынуліся на дарозе, што вядзе ў былую вайсковую часць. Па наезджанай каляіне і па ўказальніках хутка трапляем на месца збору.Тэрыторыя ахоўваецца. Нас ветліва сустракае Валянцін Ігнатовіч, кіраўнік прыватнага гандлёвага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Белы лес – Грамаўнік”. Менавіта на яго тэрыторыі і будзе праходзіць гульня. Хутка яе пачатак, але Валянцін Аляксандравіч згадзіўся адказаць на пытанні.
— Значыць, Вы – гаспадар гэтых практычна не кранутых рукой чалавека мясцін?
— Так, — смяецца Валянцін Ігнатовіч. – Мясцовасць тут і сапраўды казачная. Тэрыторыя налічвае 80 га. Зямлю ва ўласнасць набыў на аўкцыёне ў канцы 2009 года. Тэрмін арэнды складае 40 гадоў. Мы знаходзімся на тэрыторыі першага дывізіёна. Ён захаваўся лепш, чым другі. Калі 44 ракетны полк адсюль вывелі, то з тэрыторыі на працягу пэўнага часу не здымалі ахову. Цяпер уся інфраструктура — штаб, вузел сувязі палка, гасцініца, дзве сталовыя (афіцэрская і салдацкая), цагляныя і драўляныя казармы, велізарны аўтапарк, медпункт – патрабуюць значных фінансавых укладанняў, каб надаць ім належны выгляд. Між іншым, на арандуемай плошчы знаходзіцца амаль 40 аб’ектаў, што стаяць асобна. Усе яны знаходзяцца ў аварыйным стане.
— Валянцін Аляксандравіч, навошта Вам спатрэбіліся напалову разбураныя збудаванні?
— Я – індывідуальны прадпры­мальнік. Перад тым, як набыць усё гэта, шукаў магчымасць рэалізаваць свае планы і ідэі. Тэрыторыя, дзе мы знаходзімся, здаецца, найбольш прыймальная для ўкаранення ў жыццё задуманага.
— Што мяркуеце рабіць?
— Планаў многа. Некаторыя з іх – з разлікам на перспектыву. Калі атрымаецца, будзем вырошчваць грыбы-вешанкі.
Ёсць неабходнасць адкрыцця гасцініцы. На жаль, сюды не падве­дзены стацыянарны электрычны ток. Таму трэба аўтаномная электрастанцыя. Усе пытанні, што ўзнікаюць, у адзін момант, зразумела, не могуць быць вырашаны.
Сёння тэрыторыя ПГВУП «Белы лес — Грамаўнік» часта выкарыстоўваецца ў якасці палігону для гульняў у страйкбол. Іх тут ужо праводзілі 10 разоў. Сур’ёзныя мужчыны сюды наведваюцца пагуляць у вайну.
Аляксандр Воўк, адзін з арга­нізатараў гульні, расказаў, што страйкбол на Брэстчыне з’явіўся адносна нядаўна. Першая гульня адбылася ў кастрычніку 2004 года. Дзякуючы намаганням страйкбольнага клуба «Трыял» (Грамадскае аб’яднанне «Спартыўны клуб “Трыял”»), гэты від гульні ў Брэсце падняўся на якасна новы ўзровень.Спрыяюць развіццю страйкболу на Брэстчыне і спецыялізаваныя палігоны, якія з’явіліся тут у 2010 г. (у раёне гарадоў Пружаны, Маларыта, Баранавічы).
— На сённяшнюю гульню было пададзена амаль 70 заявак, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. – Аднак прыехала 50 чалавек, бо перашкодзіла неспрыяльнае надвор’е. Пагуляць на Маларытчыне выказалі жаданне не толькі тыя, хто пражывае на тэрыторыі вобласці, але і з іншых рэгіёнаў краіны.
Дык што такое страйкбол? Гэта – некамерцыйная, камандная,палявая, ваенна-спартыўная гульня, дзе ўдзельнічаюць дзве або больш каманд. Да гульні дапускаюцца тыя, хто дасягнуў 18 гадоў. Яе сэнс — калектыўны адпачынак на прыродзе, нейтралізацыя негатыўных эмоцый і агрэсіўных памкненняў, радасць ўзаемных зносін людзей. Гульня вя­дзецца сумленна, таму ніякія спрэчкі паміж ігракамі падчас яе не дапускаюцца.У якасці гульнявога рыштунку выкарыстоўваецца так званая мяккая пнеўматыка. Сумленнасць ігракоў з’яўляецца краевугольным камнем страйкболу.
***
…Прагучала каманда строіцца. Праводзіцца інструктаж. Каманды атрымліваюць гульнявыя задачы. Далей – развод па пазіцыях, іх даабсталяванне… Старт актыўнай фазы гульні пачаўся.
Яе ход –цікавы, запамінальны і захапляльны. Дзе яшчэ можна па-сапраўднаму паўзці на “варожую” базу, калі над галавой свішчуць кулі, побач узрываюцца гранаты? Дзе яшчэ можна захапіць сцяг ворага і хутка ўцякаць ад яго “абаронцаў”…
Словамі цяжка растлумачыць, што гэта такое. Як немагчыма перадаць уражанні, якія можна атрымаць ад гульні. Каб зразумець усё гэта, трэба хоць бы раз ды згуляць…
Р.S. У некаторых удзельнікаў гульні пацікавіліся, ці ёсць у іх радах прадстаўнікі Маларытчыны. На жаль, станоўчага адказу мы не атрымалі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Валянцін Ігна­товіч, кіраўнік прыватнага гандлёвага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Белы лес – Грамаўнік”, дзе праходзяць гульні ў страйкбол; удзельнікі гульні на пастраенні.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 21.11.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


обслуживание гбо

https://progressive.ua

best-cooler.reviews/