У в. Гусак ушанавалі стогадовую юбілярку

…Матрона Рыгораўна Юхімук, калі ўбачыла на парозе дома столькі гасцей, расчулілася і заплакала. Эмоцыі і слёзы былі непадробныя – у шаноўным узросце столькі ўвагі! З кветкамі і падарункамі павіншаваць самую старэйшую жыхарку раёна прыехалі загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Селех, старшыня Велікарыцкага сельвыканкама Віктар Кірычун, мясцовы свяшчэннік айцец Анатоль, удзельнікі ансамбля Велікарыцкага сельскага Дома культуры, участковы інспектар міліцыі Генадзь Сідарэнка.
У чалавека з адкрытай душой і твар адкрыты. Матрона Рыгораўна сядзіць ва ўтульным цёплым пакойчыку і спакойна глядзіць у аб’ектыў фотаапарата. Выразныя мудрыя вочы, шчыры погляд, маршчынкі на твары – сляды перажытага. За плячыма – гісторыя ў трох войнах, рэвалюцыі, нямала гадоў нялёгкай працы, што пацвярджаюць мазолістыя рукі. Не жыццё, а адкрытая кніга, на старонках якой і радасць, і сум… Не дачакалася з вайны мужа, пахавала ўжо двух дарослых сыноў. Працавала, дапамагала гадаваць унучак. Жыць – гэта не значыць дыхаць, гэта значыць дзейнічаць. Бо як басня, так і жыццё, цэняцца не за даўжыню, а за змест. І толькі з карысцю пражытае — жыццё доўгае. Галоўнае, не разгубіла Матрона Рыгораўна цікавасці да жыцця, сілы духу, светлай душэўнай радасці. Напэўна, таму і заслужыла ад Бога ў глыбокай старасці нядрэннае здароўе, цёплы клопат нявесткі, пад заступніцтвам якой яна знаходзіцца. Матрона Рыгораўна жыве непадалёку – яна толькі зімой перабіраецца ў дом нявесткі. Адзінокія жанчыны вырашылі, што хопіць адной печкі, дроўцаў менш трэба. А так Матрона Рыгораўна можа сама яшчэ памыць бялізну, нешта прыгатаваць. Тым больш, што ў ежы яна не пераборлівая. Такія людзі прывыклі да больш экалагічных прадуктаў – са сваёй гаспадаркі. У бальніцы калі і ляжала, у асноўным для прафілактыкі. Таму і трымаецца ў свае 100 малайчынай, можна сказаць.
…Слязінкі, нібы іскрынкі, увесь час блішчаць у вачах Матроны Рыгораўны. І калі цалуе ікону, якую дарыць айцец Анатоль, і калі жанчыны спяваюць пра маладыя гады, якія ўжо не вернуцца, і калі слухае цёплыя віншаванні і шчырыя словы падзякі за вялікую любоў да жыцця, пяшчоту і дабрыню да аднавяскоўцаў, цярпенне і працу.
Чыстая душа не можа не плакаць. Бо важна не тое, ці доўга, а ці правільна ты пражыў.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: стогадовая Матрона Рыгораўна ЮХІМУК у дзень свайго юбілею.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 28.11.2012 г.

Добавить комментарий


https://granit-sunrise.com.ua

medicaments-24.com/viagra-sildenafil/viagra-100-mg/

https://vy-doctor.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!