РАБОТА НА ПАПЯРЭДЖАННЕ

Адзіны Дзень прафілактыкі рэцыдыўнай злачыннасці, які нядаўна быў праведзены ў раёне, пачаўся з наведання супрацоўнікамі Маларыцкага РАУС працоўных калектываў. Гутаркі, у час якіх мова ішла пра асноўныя прычыны, што садзейнічаюць учыненню раней асуджанымі асобамі новых злачынстваў, прайшлі ў калектывах КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, раённай бальніцы, ТАА “Белхмельагра”, СВК “Чырвоны партызан” і многіх іншых прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Супрацоўнікі міліцыі пастараліся данесці да аўдыторыі ўсю важнасць узаемадзеяння розных суб’ектаў прафілактыкі ў эфектыўнасці папярэджання рэцыдыўнай злачыннасці, звярталі ўвагу на тыя фактары, якія адмоўна адбіваюцца на прафілактычнай рабоце.
Вярнуўшыся з месцаў пазбаўлення волі, далёка не кожны чалавек можа зноў знайсці сваё месца ў жыцці. Страта сацыяльна карысных сувязяў з грамадствам, неўладкаванасць у жыцці, дэградацыя асобы нярэдка зноў і зноў прыводзяць да злачынстваў. А таму вельмі важна, каб кожны, хто некалі аступіўся і быў пакараны, меў моцны фундамент – работу, а значыць, заўжды быў пад кантролем калектыву. У Дзень прафілактыкі інспектары крымінальна-выканаўчай інспекцыі выклікалі на асабістую гутарку многіх з тых, хто знаходзіцца на ўліку, а гэта асуджаныя да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, і тыя, хто адбыў пакаранне да пагашэння судзімасці. Усім, хто пакуль не працуе, супрацоўнікі міліцыі стараліся аказаць дапамогу ў працаўладкаванні. Разам са сваімі падапечнымі інспектары пабывалі ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дзе тым, хто выказаў жаданне працаўладкавацца, былі прапанаваны вакантныя месцы, выпісаны накіраванні для працаўладкавання. У Дзень прафілактыкі трое з тых, хто знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі і пакуль не працуе, былі пастаўлены на чаргу ў аддзеле занятасці, двое атрымалі накіраванні для працаўладкавання ў РКБА і СВК “Ляхаўцы”.
Усяго ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі ўзята на ўлік 249 жыхароў раёна. На жаль, далёка не ўсе яны бездакорна выконваюць тыя патрабаванні, якія з’яўляюцца для іх абавязковымі. Таму кіраўніцтвам райаддзела міліцыі было выпісана 5 папярэджанняў, узбуджана адна крымінальная справа па факту ўхілення ад пакарання ў выглядзе пазбаўлення права кіравання транспартным сродкам, унесена 10 прадстаўленняў у саветы прафілактыкі грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Больш за 70 асоб, якія знаходзяцца пад кантролем выканаўча-крымінальнай інспекцыі, супрацоўнікі міліцыі наведалі па месцы жыхарства. Па некаторых адрасах разам з інспектарам прайшлі і карэспандэнты “раёнкі”.
… 19 гадзін вечара. У гэты час тыя грамадзяне, хто асуджаны да абмежавання волі, павінны ў абавязковым парадку знаходзіцца дома. Правяраць, ці не парушаецца гэтае патрабаванне, для інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі Наталлі Трафімук справа звыклая. Разам з ёй падымаемся на пяты паверх інтэрната па вул. Чкалава. На стук у дзверы аднаго з пакояў хутка рэагуе гаспадар, Уладзімір. Для яго візіт інспектара — не навіна. Ды і сама судзімасць, а гэта абмежаванне волі, далёка не першая. І хоць парадак Уладзімір не парушае, пасля работы знаходзіцца дома, гутарка “па душах” з супрацоўнікам міліцыі для яго не лішняя, як і папярэджанне аб тым, што і далей у доме павінен быць парадак.
Не першы раз сустракае ў сваім пакоі інспектараў міліцыі і Ірына С., якая жыве ў тым жа інтэрнаце.
— Што ж зробіш, калі галавою не думала аб тым, што раблю, — самакрытычна заўважае яна.
За свае далёка не лепшыя паводзіны Ірына была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Да патрабавання працаваць і вяртаць дзяржаве сродкі за выхаванне яе дзяцей у прыёмнай сям’і жанчына не аднеслася сур’ёзна, дапускала шмат прагулаў, за што і была асуджана. Цяпер ужо, сцвярджала Ірына, яна разумее, што парадак парушаць нельга.
Наступны адрас – вуліца Лермантава, 17. Генадзь і Вольга, мнагадзетныя бацькі, запрашаюць прайсці ў пакой. У ім чыста, утульна. Дзеці, а іх у сям’і чацвёра, наперабой расказваюць пра тое, што ў іх доме новага, а значыць, пакуль тут усё добра.
Калі тыя, хто знаходзіцца пад кантролем, не парушаюць парадак, інспектару застаецца толькі шчыра парадавацца. Праўда, у рабоце супрацоўніка міліцыі дзень на дзень не даводзіцца. Але гэта ўжо зусім іншая тэма…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: працаўладкаванне – састаўная частка прафілактыкі; візіт інспектара – справа прывычная.
Фота аўтара і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 24.11.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.