«Маляваныч» Юлія

Хто не любіў у дзяцінстве маляваць? Усяго некалькі штрыхоў каляровым алоўкам на паперы – і гатовы шэдэўр на радасць бацькам. І зусім не важна, што адлюстравана на малюнку. Галоўнае — дзіця старалася, “стварала”. Менавіта ў маленстве, як сцвярджаюць вучоныя, прачынаецца ген мастацкага таленту. А вось калі ён ярка праявіць сябе, – з першых гадоў жыцця, у юнацтве альбо ў сталым узросце, — залежыць ад многіх умоў. Увогуле, талент, як лічыць выкладчык мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Кулецкая, — гэта аб’яднаныя ў адно цэлае здольнасці, мэтанакіраванасць і жаданне. Гэта і дапамагае ўсё больш удасканальваць свой талент яе лепшай вучаніцы Юліі Пальчук.
— Да таго часу, як я прыйшла вучыцца ў школу мастацтваў, а было гэта амаль пяць гадоў назад, я увогуле не ўмела маляваць. Ды і цікавасці да малявання ў мяне не было, — прызнаецца юная мастачка.
Запісалася ў мастацкае аддзяленне Юлія “за кампанію” з сяброўкай. Але ўжо з першых заняткаў дзяўчынка адчула, што ёй у школе мастацтваў вельмі цікава. Акрамя таго, з малых гадоў сур’ёзная і адказная Юлія зразумела, што вучыцца маляваць давядзецца доўга.
Перш, чым пэндзлік пачаў слухацца рукі юнай мастачкі, ёй, перакрэсліўшы не адзін эскіз, давялося карпатліва вывучаць няпростую мастацкую навуку. Каб знайсці “сваё” ў мастацтве, Юлія спрабавала акварэль, гуаш, пастэль, вугаль, масляныя фарбы, авалодала тэхнікай “халодны бацік”. Нешта атрымлівалася лепей, нешта горш, але заўжды творчасць яе захапляла.
Асабліва падабаецца юнай мастачцы маляваць пейзажы. Узяўшы за ўзор рэпрадукцыю той ці іншай карціны, Юлія абавязкова дадае да сюжэту нешта сваё, тое, што некалі было ўбачана, і, як у люстэрку, адлюстравалася ў яе памяці. Дзяўчына вельмі любіць усё прыгожае, таму для сваіх карцін выбірае яркія фарбы, якія надаюць малюнку асаблівы пазітыў.
За чатыры гады вучобы (Юлія вучыцца ў пятым класе школы мастацтваў), у мастацкай скарбонцы юнай мастачкі назбіралася ўжо больш за 15 карцін. Але толькі некалькі з іх, у тым ліку і першая работа – “Захад сонца”, упрыгожваюць сцены ў яе доме. Усе іншыя сталі падарункам для тых, каму дзяўчынцы хацелася зрабіць прыемнае.
— Я люблю дарыць свае карціны. Калі ты стараешся, робіш нешта прыгожае, хочацца, каб і іншыя гэта пабачылі, а не толькі ты сам, — заўважае Юлія.
— Ці не шкада развітвацца з тым, у што ўкладзена шмат старанняў?
— Ніколькі. Я ж магу для сябе яшчэ карціны намаляваць, — з усмешкай адказвае юная мастачка.
У творчасці Юліі, як лічыць яе настаўніца, на роўных спалучаюцца талент і стараннасць. Яе здольнасці толькі яшчэ пачынаюць раскрывацца, асабліва ў такой тэхніцы, як бацік — роспіс па тканіне. Справа гэтая вельмі няпростая. Яна патрабуе шмат цярплівасці, уседлівасці, часу. Малюнак спачатку робіцца на паперы, затым пераносіцца на тканіну, спецыяльнай фарбай абводзіцца контур, а калі апошні высыхае, чарга даходзіць да каляровых фарбаў. Затое ад гатовага вырабу вока не адвесці. У новым навучальным годзе Юлія пачала працаваць над стварэннем работ у тэхніцы “халодны бацік” для асабістай выставы, якая будзе арганізавана ў мастацкім аддзяленні вясной.
Між іншым, карціны Юліі не раз былі прадстаўлены на розных конкурсах і выставах, а самой юнай мастачцы давялося праяўляць сваю творчасць, малюючы пейзаж з натуры на пленэры, які праводзіўся мінулым летам у Брэсцкай крэпасці.
Ці будзе звязана яе будучыня з мастацтвам, васьмікласніца Юлія Пальчук яшчэ не вырашыла. Пакуль, як лічыць дзяўчына, для яе вельмі важна добра вучыцца. А з добрымі ведамі і перспектыва ў выбары прафесіі вялікая. Уменне ж маляваць, нават калі гэта будзе проста хобі, упэўнена Юлія, у жыцці абавязкова спатрэбіцца.
НА ЗДЫМКУ: Юлія Пальчук.

Опубликовано в «ГЧ» 28.11.2012 г.

Добавить комментарий


http://farm-pump-ua.com

www.kapli.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!