“Наш Міхаіл — душа Забалацця”

Старое Забалацце. У цішыні гэтай невялікай вёсачкі жыве крыху больш за 60 вяскоўцаў. Тут даўно ўжо не гуляюць вяселлі, а дзіцячы смех разносіцца па наваколлі толькі летам, калі ў будынку былой Забалацкай школы пачынае працаваць лагер “Лукаўскі”. У штодзённых клопатах на зямлі вяскоўцам-пенсіянерам цяжка знайсці час для адпачынку, ды і святы-сустрэчы ў вёсцы — рэдкасць. А таму, даведаўшыся, што ў мясцовым клубе будзе праводзіцца прэзентацыя кнігі вершаў аднаго з забалацкіх паэтаў, вяскоўцы паспяшаліся на сустрэчу.
Свае першыя вершы жыхар вёскі Ст. Забалацце Міхаіл Коцелеў пачаў пісаць яшчэ ў маладосці. Муза прыходзіла да яго зрэдку, ды і вершаваныя радкі, што самі па сабе нараджаліся ў думках, у штодзённай мітусні нярэдка заставаліся незаўважанымі, можна сказаць, забытымі. З новай сілай паэтычнае натхненне прыйшло да Міхаіла Фёдаравіча з ўзростам восені, калі зусім па-іншаму пачаў асэнсоўваць ён жыццё. А калі лёс нанёс яму цяжкі ўдар – страту дарагога і любімага чалавека, з якім адной жыццёвай сцежкай было пройдзена амаль паўвеку, толькі вершы, праз якія з сэрца вырываўся ўвесь боль, дапамагалі жыць. Радок за радком, і зусім непрыкметна назбіраўся ў Міхаіла Коцелева цэлы сшытак вершаў. Магчыма, ён так і застаўся б ляжаць пад сукном, калі б не даведалася пра іх даўняя знаёмая Міхаіла Фёдаравіча, былая настаўніца Мельніцкай базавай школы Галіна Сцяпанаўна Братчук. Менавіта яна і стала ініцыятарам выпуску зборніка вершаў вясковага паэта. Ідэю Галіны Сцяпанаўны падтрымалі ў аддзеле маркетынгу раённай бібліятэкі. Менавіта так з’явілася на свет кніга “Жыццё як міг” з вершамі аб чалавечым лёсе, каханні, спадзяваннях і марах, горычы страт, любові да роднага краю і сваіх землякоў.
На прэзентацыю зборніка вершаў Міхаіла Коцелева, якую арганізавала бібліятэкар Забалацкай бібліятэкі Таццяна Кардзялюк, сабраліся тыя, хто шмат гадоў працаваў разам з Міхаілам Фёдаравічам у сценах Забалацкай школы, яго вучні, суседзі. Прыехалі на сустрэчу і самыя блізкія для яго людзі- сын Валянцін, нявесткі Ірына і Людміла, унучка Кацярына, якія жывуць у Брэсце.
За гадзіну сустрэчы прагучала шмат вершаў. Кожны з іх — быццам асобная глава ў кнізе жыцця Міхаіла Коцелева. Чытаючы радкі, аўтар нібы перагортваў старонкі гэтай вялікай кнігі, якая аб’яднала сем дзесяцігоддзяў жыцця, шчыра распавядаючы пра свае думкі, імкненні, пачуцці. І словы вершаў: шчырыя, простыя, зразумелыя кожнаму чалавеку, краналі душу.
Знаёмства са зборнікам “Жыццё як міг” пачалося з верша “Дзяцінства”. І адразу ва ўяўленні намаляваўся вобраз басаногага хлапчука Міхася. Нарадзіўся ён за два гады да вайны. Жылі тады Коцелевы на хутары. Дзіцячыя ўспаміны хлапчука звязаны з жахамі вайны. Памятае Міхаіл Фёдаравіч, як не раз падымала яго с ложка маці, як нічога не разумеючы, спужаўшыся, бег ён у лес, дзе вяскоўцы тыднямі, а, бывала, і месяцамі, у холадзе і голадзе, хаваліся ад немцаў. Гэтыя дзіцячыя ўспаміны выліліся ў верш, прысвечаны памяці мірных жыхароў вёскі Забалацце, якія былі расстраляны 23 верасня 1942 года фашыстамі-карнікамі.
Як і ўсім дзецям вайны, Міхаілу Фёдаравічу давялося рана пасталець. І ў свае сем гадоў, адпраўляючыся ў школу, ён добра ўсведамляў, як важна вучыцца. Дарога да школы была няблізкая – тры кіламетры. Але пасля перажытага мірнае жыццё, якім бы складаным яно не было, здавалася светлым. Добрая памяць дапамагала вучню Міхаілу вучыць урокі па дарозе дамоў, таму адзнакі ў яго заўжды былі добрыя. Пасля чатырох гадоў вучобы ў школьным жыцці Міхаіла Фёдаравіча быў перапынак, бо ў вёсцы ў той час не было настаўнікаў. У пяты клас пайшоў ён ужо ў 14 гадоў. Вучыцца хлопцу падабалася. А яшчэ ён вельмі любіў чытаць. Да службы ў арміі, пакуль пасля заканчэння семігодкі працаваў у будаўнічай брыгадзе, прачытаў больш за 200 кніг.
Міхаілу Фёдаравічу заўжды падабалася прафесія педагога. А таму паступленне ў індустрыяльна-педагагічны тэхнікум не было для яго выпадковасцю. Ды і працаваць пасля службы ў арміі прыйшоў ён у сваю Забалацкую школу. Шмат гадоў на ўроках працы вучыў дзяцей зусім простым рэчам: умець нешта змайстраваць, нешта адрамантаваць, а на занятках фізкультуры – трэніраваць свой арганізм, дабівацца вытрымкі, развіваць сілу і спрытнасць. Сам Міхаіл Фёдаравіч для сваіх вучняў быў жывым прыкладам працавітасці, бо ўмеў літаральна ўсё: сваімі рукамі дом пабудаваў, мог усё, што трэба, з дрэва зрабіць, не складала для яго цяжкасцей тэлевізар ці радыёпрыёмнік адрамантаваць, мог і печку змайстраваць, і любы сельскагаспадарчы інвентар удасканаліць. За ўмелыя рукі і добрае сэрца любілі яго дзеці, за мудрасць, разважлівасць, адкрытасць і праўдалюбівы характар паважалі калегі і аднавяскоўцы.
“Жыццё праляцела, як міг” – заўважае ў адным са сваіх вершаў Міхаіл Фёдаравіч. І, успамінаючы былое, з цеплынёй у кожным радку расказвае пра сваё адзінае каханне – жонку Усцінню Аляксееўну. Ёй прысвяціў ён нямала лірычных вершаў, але ўсе яны прасякнуты сумам і болем нядаўняй страты: год назад яна захварэла і памерла.
Міхаіл і Усціння хоць родам былі з адной мясцовасці – забалацкай, але ў дзяцінстве жылі на розных хутарах і пазнаёміліся ўжо ў юнацтве. Іх аб’яднала шчырае каханне амаль на пяць дзясяткаў гадоў. Усціння ва ўсім магла даверыцца працавітаму, умеламу Міхаілу, ён заўжды адчуваў клопат шчырай, жыццярадаснай і гаспадарлівай Усцінні.
— Мы заўжды былі як адно цэлае. Нават работу ў доме не падзялялі: пабачыўшы, што жонка мые бялізну, я спяшаўся ёй на дапамогу, а яна не лічыла лішнім дапамагчы мне скласці дровы. І так ва ўсім. Яна была цудоўным чалавекам, добрай настаўніцай, якую любілі ўсе, — стараючыся схаваць слёзы, што накаціліся на вочы, расказваў Міхаіл Фёдара­віч. А потым чытаў і чытаў вершы, якія напісаў для сваёй Усцінні…
Лёс, які падарыў Міхаілу Фёдаравічу амаль 50 гадоў шчаслівага сямейнага жыцця, двух сыноў, трох унукаў, у апошнія гады быў да яго вельмі жорсткі. Толькі калі прыйшоў у сябе пасля душэўнага болю ад страты сваёй палавінкі, Міхаіл Фёдаравіч сёлета пахаваў сына. Душа яго рвалася ад адчаю, і нявыказны мужчынскі боль увасабляўся ў вершаваныя радкі.
Кожны з аднавяскоўцаў скажа, што чалавека больш актыўнага, чым Міхаіл Фёдаравіч, у Старым Забалацці няма. Нездарма даручылі яму быць старастай вёскі. Бо і патэлефануе ён, куды трэба, калі праблема нейкая ўзнікае, і растлумачыць, калі вяскоўцы нешта не разумеюць. Бо і за сваю вёску, і за лёс кожнага вяскоўца ён душою хварэе. Вось і верш яго “І зноў яна памірае…” — сапраўдны крык душы. Некалі вёска Старое Забалацце вялікая была, жыла, а не існавала – і тосты тут вясельныя гучалі, і з нараджэннем дзяцей вяскоўцы сваіх суседзяў віншавалі, і на фермах-палях усе разам працавалі. Але вырашыў нехта аднойчы лічыць такія вёскі неперспектыўнымі. Ні дамы тут не будавалі, ні дарогі, ды і моладзь агітавалі ехаць у горад, на новабудоўлі. Вось і разляцеліся дзеці з бацькоўскіх гнёздаў, а сама вёска пастарэла, пахавала шмат сваіх жыхароў. “Восставшая с пепла деревня постепенно уходит под снос” – з болем і сумам заўважае ў сваім вершы Міхаіл Фёдаравіч.
Сваімі паэтычнымі радкамі ён нібы размаўляе з нябачным субяседнікам. Расказвае яму, якой прывабнай бывае вёска вясной, калі патанае яна ў квецені садоў, як радуе вока багатая залатая вопратка асенняга лесу, як мала чалавеку трэба для шчасця і якім лішнім грузам бывае для яго жаданне мець матэрыяльнае багацце, калі ён не думае пра шчырасць душы.
“Наш Міхаіл Коцелеў – душа Забалацця” – адзначыў нехта з вяскоўцаў, якія сабраліся на сустрэчу-прэзентацыю. Між іншым, у гэты дзень Міхаіл Фёдаравіч пачуў нямала добрых слоў. Пра тое, як разам працавалі яны ў школе, успамінала былая настаўніца Марыя Карнілаўна Сергіевіч, словы падзякі свайму педагогу выказвала былая вучаніца Міхаіла Фёдаравіча, якая цяпер ужо сама настаўніца, Наталля Ефімук. Усе, хто выступаў, адзначалі мудрасць і шчырасць Міхаіла Коцелева. Вяскоўцы з цікавасцю гарталі старонкі яго паэтычнага зборніка, які цяпер папоўніў кніжныя паліцы Забалацкай бібліятэкі, і жадалі свайму мясцоваму паэту напісаць яшчэ нямала вершаў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Коцелеў у час прэзентацыі зборніка вершаў “Жыццё як міг”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 28.11.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


DJI Phantom Drone

http://designprof.com.ua

surrogacy laws