ЧАЛАВЕК АДЛЮСТРОЎВАЕЦЦА Ў СВАІХ УЧЫНКАХ

Якія ўсё ж бессаромныя бываем мы ў адносінах да прыроды! Забруджваем, зневажаем, а іншы раз нават здзекваемся. Вось свежы прыклад у пацвярджэнне.
Непадалёк ад так званага ваеннага возера – лес. Растуць тут маладыя хвоі, бярозкі. Некалькі гадоў таму назад, наколькі вядома, пасадзілі іх тут работнікі лясной гаспадаркі, на што былі затрачаны не толькі немалыя фінансавыя рэсурсы, але і працоўныя. Шкада, што многія з нас не ўлічваюць гэтага. Ускраек лесу з маладымі дрэўцамі часта выкарыстоўваюць як несанкцыянаванае месца для адпачынку. Балазе, заехаць сюды можна на любой машыне, бо ніякай перашкоды няма. Цудоўны, можна сказаць, райскі куточак пасля таго, як тут многія “адпачнуць”, ператвараецца амаль што ў смеццязвалку. Пустыя пластмасавыя бутэлькі, паперкі, абгорткі, поліэтыленавыя пакеты, шклянкі, бутэлькі, рэшткі ежы, словам, усе атрыбуты бескультурнасці.
Як пераканалася аўтар гэтых радкоў, горы бытавых адходаў – паўбяды. Аматары “культурнага” адпачынку бязлітасны і да дрэўцаў, што тут растуць. Некаторыя з іх зламаныя, некаторыя – пагнутыя, некаторыя – амаль выкарчаваныя.
Складваецца ўражанне, што не людзі тут адпачывалі, а сапраўдныя варвары практыкаваліся ва ўмельстве знішчаць прыроду.
Задаешся пытаннем: а ці ўсё зрабілі работнікі лясной гаспадаркі, адпаведныя службы, каб падобныя паводзіны “вялікіх аматараў прыроды” папярэдзіць ці наогул выключыць? Як высветлілася, не ўсё. Не думаю, што лесагаспадары ніколі не былі тут і не бачылі, што робіцца. Былі і бачылі. Але адзінае, што палічылі неабходным зрабіць, — закапаць бытавыя адходы ў зямлю, што з’яўляецца грубым парушэннем прыродаахоўнага заканадаўства. Бо, як вядома, на гэтых месцах ужо ніколі не змогуць вырасці ні дрэўцы, ні лекавыя травы, ні грыбы, ні ягады, ні інш.
А чаму не паспрабаваць устанавіць на ўездзе ў лес шлагбаўм, ці зрабіць супрацьпажарную паласу?
“Нічога гэта не дасць”, — такім прадбачу адказ на пастаўленыя пытанні. Дасць! Упэўнена. І калі не ўсім, дык хаця б некаторым, няхай сабе і адзінкам. А гэта ўжо будзе добры эфект. Ды, у рэшце рэшт, неяк жа выхоўваць людзей трэба, калі іх не навучылі ні дома, ні ў школе, ні ў навучальных установах беражлівым адносінам да прыроды.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: фотафакты, што пацвярджаюць «культуру» тых, хто тут адпачывае.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 1.12.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!