“Жыццё маё песняй спавіта!”

Эдуарда Пішчыка на сцэне бачыў не раз падчас правядзення розных мерапрыемстваў. Сольныя нумары, песні, выкананыя дуэтам, у складзе трыа, ансамбляў… Любы канцэрт з яго ўдзелам — падзея яркая і запамінальная. Таму многія, пачуўшы са сцэны Эдуарда Мікалаевіча, захапляліся яго прыгожым і непаўторным голасам. А ўсё таму, што спявак жыве вобразам, які ўвасоблены ў песні, імкнецца па-майстэрску данесці яго да слухачоў.
— Жыццё маё песняй спавіта, — кажа Эдуард Пішчык. – Без песні яно ўжо не жыццё. Песня мне надае крылы, узвышае над будзённасцю, стварае цудоўны настрой.
Эдуард Пішчык закончыў Мінскае вучылішча мастацтваў і Беларускі ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці “кіраўнік народнага хору і выкладчык спецдысцыплін”. У яго любоў да песеннага мастацтва спадчынная.
— Па лініі маёй мамы Валянціны Давыдаўны Бенясюк многія з радні добра спяваюць, асабліва цёткі. Калі ўсіх сабраць разам, то набярэцца чалавек пад 30. А гэта – цэлы хор.
Эдуард на сцэне з 1 класа. На ўроку настаўнік спеваў адразу заўважыў музычна адоранага хлопчыка, звярнуў на яго ўвагу. З трэцяга класа Эдуард ужо саліст школьнага хору. Ён стаў выступаць не толькі на мерапрыемствах, якія праводзіліся ва ўстанове адукацыі. Крыху пазней, амаль праз 3 гады, Эдуард ужо спяваў у складзе школьнага вакальна-інструментальнага ансамбля…
— Эдуард Мікалаевіч, на якіх музычных інструментах іграеце?
— Добра – на баяне, нядрэнна – на гітары, фартэпіяна.
— А хто паўплываў на Вашы музычныя густы?
— Я вырас на беларускіх народных песнях, песнях Юрыя Антонава, шведскай групы “АВВА”. Таксама падабаюцца раннія “Песняры”, групы “Яблычны чай” і “Камерата”.
З 1998 г. Эдуард Пішчык працаваў у Хаціслаўскім СДК хармайстрам, цяпер – у гарадскім Доме культуры. Ён з’яўляецца хармайстрам народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак” і ўдзельнікам вакальнага ансамбля “Акалада”.
Эдуард Мікалаевіч — лаўрэат і ўдзельнік беларускіх і міжнародных песенных конкурсаў і фестываляў. Запамінальным для яго стаў ліпень 2011 г., калі на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску ўдзельнічаў у фестывалі творчасці інвалідаў па зроку “Запалі сваю зорку”. Гэты праект праводзіўся пры падтрымцы Белтэлерадыёкампаніі. У конкурснай праграме фестывалю на сцэне гучалі песні дуэтаў папулярных эстрадных артыстаў Беларусі і лепшых выканаўцаў ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”. Песню “Тваё каханне” Эдуард Пішчык падарыў гледачам разам з Лесяй Кодуш.
А што думаюць пра Эдуарда Мікалаевіча калегі па творчым цэху?
Вольга Табачкоўская:
— Эдуард Пішчык – інтэлігентны, тактоўны і далікатны чалавек. Мы яго называем мудрым дарадцам. Эдуард у кожным імкнецца заўважаць толькі станоўчае. Ён умее слухаць і чуць душой. Любая песня, што выканана Эдуардам, — цудоўны падарунак гледачу.
Алёна Жлукта:
— У яго ўсё жыццё праходзіць у песні і з песняй. Эдуард (пераканалася не раз асабіста) – добры і надзейны сябар. Ён заўсёды працягне руку дапамогі. Эдуард нібы адчувае моманты, калі чалавеку неабходна падтрымка. Акрамя таго, у яго зайздроснае пачуццё гумару.
Анатоль Барысюк:
— Эдуард Мікалаевіч – бес­карыслівы чалавек. З ім я сябрую ўжо 15 гадоў. А яшчэ ён – паспяховы выканаўца, а таксама – кампазітар. Гэтую грань таленту ў сабе адкрыў не так даўно. На сённяшні дзень Эдуард завяршыў працу над 3 песнямі.
Людміла Бягеза:
— Эдуарда Пішчыка лічу чалавекам шматграннага таленту. Да таго ж ён выдатныі аранжыроўшчык. Многія песні, што выконвае “Рыцкі куфэрак”, па-майстэрску і прафесійна апрацаваны Эдуардам. А яшчэ ён – цудоўны сем’янін, бацька дваіх дзяцей.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Эдуард Пішчык: “Без песні свайго жыцця не ўяўляю”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 1.12.2012 г.

Добавить комментарий


別れさせ屋 神戸

best-cooler.reviews/orca-vs-yeti-coolers-debate/

avtokum.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!