“НАША ПЕСНЯ – ДОБРЫМ ЛЮДЗЯМ”

Так называўся творчы вечар, які прайшоў у ГДК і быў прысвечаны 25-годдзю народнага хору ветэранаў.
А пачыналася ўсё ў 80-х. Тады на Маларытчыне, як і ў многіх іншых раёнах, актыўна развівалася мастацкая самадзейнасць. Масава праходзілі агляды-конкурсы, “грымелі” многія калектывы. У многіх раёнах на ўвесь голас заяўлялі пра сябе і такія творчыя фарміраванні як хоры ветэранаў. У нас такога не было. Таму сакратару райкама партыі Галіне Лаўрэнцьеўне Украінец, якая сама была неабыякавая да песні, музыкі, вельмі хацелася, каб і тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку, не замыкаліся ва ўласных сценах, а маглі пастаянна зносіцца, сустракацца, тым больш, што сярод ветэранаў было шмат лю­дзей таленавітых. Галіна Лаўрэнцьеўна абмеркавала сваю ідэю са старшынёй райсавета ветэранаў Тамарай Мікалаеўнай Феафілавай і загадчыкам аддзела культуры Васілём Сяргеевічам Тарасюком. Было вырашана разаслаць запрашэнні ветэранам вайны і працы. І вось першая рэпетыцыя. Сама Галіна Лаўрэнцьеўна таксама была на ёй і пераканалася, што жадаючых спяваць аказалася нямала.
Запальвалі іншых такія неабыякавыя да культурнага жыцця людзі, як Галіна Рыгораўна Андрыішына, лаўрэат ІІ Усесаюзнага фестывалю самадзейнай народнай творчасці, Соф’я Іванаўна Бялова, Соф’я Юльянаўна Дубовік, Марыя Сідараўна Ківачук.
25 гадоў прайшло з таго часу, калі на святочным канцэрце, прысвечаным 70-годдзю Кастрычніка, вядучы аб’явіў: “Спявае хор ветэранаў”.
Творчы шлях, які прайшоў гэты калектыў, пацвярджае, што песня ў любым узросце дапамагае жыць, дае сілы працаваць, магчымасць добра адпачываць.
Паездкі, канцэрты, тэматычныя вечары і сустрэчы, удзел у фестывалях творчасці ветэранаў, агляды-конкурсы, “агеньчыкі”, сумесны адпачынак – усё гэта робіць жыццё удзельнікаў хору разнастайным, яркім, насычаным і непаўторным. Але самым спрыяльным у калектыве з’яўляецца дружная творчая атмасфера, створаная нязменным кіраўніком хору Галінай Паўлаўнай Бягеза.
У 1997 годзе згодна з рашэннем калегіі Міністэрства культуры РБ за прапаганду патрыятычнай песні, актыўную канцэртную дзейнасць, высокае выканаўчае майстэрства і творчае развіццё нацыянальных культурных традыцый хору ветэранаў было прысуджана ганаровае званне “народны”. Гэтае званне гаворыць само за сябе.
Акрамя любові да песні, у кожнага ўдзельніка хору ёсць і іншае хобі. Нехта займаецца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, нехта – пляценнем, нехта любіць рыбалку і заўзяты грыбнік, нехта пячэ смачныя бліны і пірагі, нехта атрымлівае задавальненне ад працы на сваёй любімай дачы, нехта – ад вышыўкі, малявання карцін.
На творчай сустрэчы вядучая Вольга Табачкоўская расказвала не толькі пра ўдзельнікаў хору, іх захапленні, але і дзякавала за тое, што і сёння кожны з ветэранаў вайны і працы мае жаданне спяваць, творча развівае народныя традыцыі.
Радасць сустрэчы з удзельнікамі народнага хору ветэранаў прыйшлі раздзяліць намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, начальнік аддзела культуры Андрэй Гарбацэвіч і старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бойка, дырэктар Дома культуры Вікторыя Ялова. Яны шчыра павіншавалі калектыў і іх кіраўніка з юбілейнай датай, пажадалі, каб і ў будучым песня дапамагала жыць.
…Са сцэны гучалі пес­ні, знаёмыя і незнаёмыя прысутным ў зале, за якія яны шчыра дзякавалі ўдзельнікам хору.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у час творчай сустрэчы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 1.12.2012 г.

Добавить комментарий


777643.babyforyou.org

gazon.net.ua

https://sledoc.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!