“ФЕЕРВЕРК АФАРЫЗМАЎ” ТАМАРЫ МАНЕЦ

Нехта калекцыяніруе старыя манеты, хтосьці захапляецца філатэліяй, а ў Тамары Іванаўны Манец, якая родам з вёскі Макраны, даволі незвычайнае захапленне і вельмі цікавая калекцыя. Шмат гадоў наша зямлячка, былы педагог, якая цяпер жыве ў Брэсце, збірае… афарызмы. Прычым далёка не ўсе, а менавіта гумарыстычныя, тыя, што ярка адлюстроўваюць розныя пазітыўныя і негатыўныя моманты нашага жыцця. Збіраць у асобны сшытак розныя выказванні для яе справа не проста прывычная, а сапраўднае хобі. Прачытае яна нешта цікавае, і адразу за пяро і паперу бярэцца. Яе “скарбонку” папаўняюць выказванні сяброў, сваякоў, знаёмых, выпадкова пачутыя фразы, адноўленыя пад сучасныя рэаліі добра знаёмыя ўсім афарызмы. Але пра тое, каб сабраную “калекцыю” ператварыць у кнігу, якую змогуць прачытаць усе, хто пажадае, Тамара Іванаўна нават і не марыла. Такую ідэю падала бібліятэкарам даўні сябар раённай бібліятэкі Галіна Сцяпанаўна Братчук. Нядаўна зборнік “Феерверк афарызмаў”, які можна яшчэ назваць кнігай ад дэпрэсіі, убачыў свет. А пазнаёміцца з новым выданнем і адначасова з яго аўтарам чытачы і бібліятэкары маглі ў час пасяджэння клуба аматараў слова.
— Я заўжды любіла гумар, бо з ім можна лёгка выйсці з любой сітуацыі. Бывае, заўважыш у аўтобусе ці ў чарзе ў магазіне, што атмасфера абвастраецца, скажаш нешта жартоўнае, усе засмяюцца, і адразу адчуваеш, што канфлікту не будзе, — расказвала Тамара Іванаўна.
Усе пачутыя цікавыя фразы жанчына запісвала ў блакнот. Яна нават і падумаць не магла, што пройдуць гады і ў яе калекцыі назбіраецца 3500 падораных жыццём афарызмаў, якія яна жартоўна называе “афанарызмамі”. Усе, хто прыйшоў у бібліятэку на прэзентацыю выдання, ахвотна гарталі старонкі кнігі “Феерверк афарызмаў” і ўслых чыталі самыя цікавыя выказванні. Як, напрыклад, было не ўсміхнуцца ад такіх фраз: “Толькі ў свой дзень нараджэння даведаешся, колькі выпадковых рэчаў ёсць на свеце”, “Мужчыну для шчасця патрэбна жанчына. А для поўнага шчасця – поўная жанчына”, “Бясконца можна глядзець на тры рэчы: як гарыць агонь, як цячэ вада і як банкамат адлічвае табе зарплату”, “Учора шукаў справядлівасць, сёння – работу”, “Зрабіць жанчыну шчаслівай лёгка, але вельмі дорага”…
Смех падоўжвае жыццё. Пра гэта, лічыць Тамара Манец, нельга забываць. Яе кніга якраз і ёсць дапаможнік па ўзняцці настрою. Чытайце яе і… смейцеся на здароўе!
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час прэзентацыі ў раённай бібліятэцы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 5.12.2012 г.

Добавить комментарий


Кэшбери отзывы

www.progressive.ua

www.progressive.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!