РАБОТА НАД ПАМЫЛКАМІ

Месцам правядзення чарговага выязнога пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх вёска Ляхаўцы была абрана невыпадкова. Многія з падлеткаў, на якіх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы, родам менавіта з гэтай вёскі. Трымаючы адказ за паводзіны, ім даводзілася глядзець у вочы сваім настаўнікам, аднавяскоўцам. А гэта свайго роду ўрок сумленнасці.
Увогуле, кожны разгледжаны камісіяй пратакол – свая маленькая драма, можна сказаць, работа над памылкамі і для бацькоў, якія, занятыя сваімі клопатамі, забываюць пракантраляваць дзіця, з маленства дапускаюць прабелы ў выхаванні, і для дзяцей, якія нярэдка выхоўваюцца не на лепшых прыкладах і не прывучаны да таго, што трэба адказваць за кожны свой учынак.

Вясковая “дуэль”
Як гэта ні сумна, але жыццё наша становіцца ўсё больш жорсткім. Мы, дарослыя, у пастаянных праблемах, штодзённай мітусні становімся ўсё больш азлобленымі, нервовымі. І часам не заўважаем, што грубасці, нястрыманасці вучацца ад нас дзеці. З ранніх гадоў многія засвойваюць далёка не лепшы ўрок: любое пытанне можна “разруліць” з дапамогай моцнага кулака.
…У вясковым клубе іграла музыка, дзяўчаты і хлопцы сабраліся на дыскатэку. Хто танцаваў, хто на вуліцы размаўляў. З мясцовымі дзяўчатамі вырашылі пазнаёміцца “заезджыя госці” з Макран. Здаецца, што тут дрэннага. Маладосць жа – час знаёмстваў, сустрэч, кахання. Але ж ляхавецкіх хлопцаў такая, як яны палічылі, “нахабнасць” юнакоў з суседняй вёскі проста абурыла. Доўга не думаючы, падлеткі паклікалі сваіх “сапернікаў” на “разборкі”. Тыя прыехалі “паразмаўляць” кагортай. Пабачыўшы, што сілы не роўныя, хлопцы з Ляхаўцаў паклікалі на дапамогу сваіх сяброў-аднакурснікаў з дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. “Добраахвотнікаў” заступіцца за сяброў доўга збіраць не трэба было. Чацвёрка смелых на машыне хутка адправілася з Маларыты ў Ляхаўцы на дапамогу. Завязалася бойка. Ды юнакі так увайшлі ў азарт, што нават не пашкадавалі машыну, на якой прыехалі хлопцы з Макран.
Ініцыятарам “вясковай дуэлі”, каб у іншы раз падумалі, ці варта вырашаць канфлікты з дапамогай кулакоў, давялося заплаціць штраф, і немалы. Магчыма пакаранне рублём, які трэба яшчэ зарабіць, стане для іх навукай, а для іншых — падставай задумацца над тым, што бяздумнае дэманстраванне сілы ніколі не прыносіць карысць.

“Няўдачлівы”
Семнаццацігадоваму Андрэю К. за свае ўчынкі перад камісіяй па справах непаўналетніх даводзілася адказваць ужо не раз. Колькі складзена на яго адміністрацыйных пратаколаў, ён і сам нават не ведае, цікавіцца толькі сумай штрафаў, якая перасягнула ўжо за мільён. Супрацоўнікі міліцыі не раз затрымлівалі яго п’яным у грамадскім месцы, складалі пратаколы за хуліганскія паводзіны. Ёсць на яго рахунку і такія “подзвігі”, якія ледзь не прывялі за краты.
…“Мне адзін хлопец надакучвае, ніяк не магу ад яго пазбавіцца”, – расказала сябру Андрэя яго знаёмая Наталля. Той вырашыў “заступіцца” за дзяўчыну, а Андрэя ўзяў памагатым. На месца сустрэчы з настойлівым “закаханым” паехалі яны на машыне. Размова не заладзілася. Тады, каб напужаць хлопца, Андрэй з сябрам прымусілі яго сесці ў машыну і павезлі за горад, дзе, “каб запомніў надоўга”, пачалі выхоўваць пагрозамі і кулакамі. Ці думалі яны ў той час, што іх учынкі ёсць злачынства? Вядома ж, не. Бо юнакі былі вельмі здзіўленыя, што іх “ахвяра” напісала заяву ў міліцыю.
На пытанне, чаму Андрэй так часта трапляе ў поле зроку работнікаў аховы правапарадку, хлопец, паціскаючы плячыма, прамовіў:
— Не шанцуе мне!
А што трэба, каб шанцавала?! Усяго толькі паводзіць сябе правільна, годна, паважаць іншых і разумець, што за кожную дрэнную справу давядзецца адказваць…

Бацькоўская любоў
Яна шчырая і бязмежная, бескарыслівая і самаадданая. Але пры ўсім гэтым яна павінна быць разважлівая, бо хто, як не бацькі, у адказе за кожнае імгненне жыцця свайго дзіцяці, за кожны яго ўчынак.
…Маці пятнаццацігадо­вага Вадзіма збіралася на работу. Сын заставаўся дома, і, каб не губляў дарэмна час, жанчына дала яму заданне назбіраць у лесе паблізу з вёскай грыбоў. Хоць лес непадалёку, але ж хлопцу хацелася пранесціся па дарозе з ветрыкам. Ён папрасіў у маці дазволу паехаць на матацыкле. Зусім не задумваючыся над тым, што ў хлопца няма вадзіцельскіх правоў, ды і ўзрост не дазваляе кіраваць такой тэхнікай, яна дала згоду. На адной з вясковых вуліц юнага матацыкліста, які не толькі не меў дакументаў на права кіравання, але нават не надзеў на галаву шлем, спыніў участковы.
— Хлопцу ж хочацца навучыцца ездзіць. Дзе ж яму вучыцца? — спрабавала апраўдаць свой дазвол маці.
Але на пытанне, што б сказала яна, калі б з сынам здарылася непапраўная бяда, проста апусціла вочы і выцерла слязу.
Так нярэдка бывае: мы хочам для нашых дзяцей лепшага, засцерагаем ад бед, але часам і не задумваемся, што самі сваёй бязмежнай любоўю падстаўляем свайму дзіцяці падножку. Просіцца дачка пабыць пазней на дыскатэцы – дазваляем, хоць ведаем, што падлетку ва ўзросце да 16 гадоў пасля 23 гадзін на вуліцы без нагляду дарослых быць забаронена, хочацца сыну адчуць сябе дарослым за рулём матацыкла – дазваляем, хоць ведаем, што сядаць за руль можа толькі той, хто мае вадзіцельскія правы. А калі складае супрацоўнік міліцыі адміністрацыйны пратакол, скардзімся на прадузятасць і не задумваемся, што гэтая прадузятасць нішто іншае, як прадбачлівасць. Але ў першую чаргу прадбачлівым трэба быць кожнаму з бацькоў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 5.12.2012 г.

Добавить комментарий


https://shah21.com.ua

www.progressive.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!