Першая ластаўка на Маларытчыне

Мікалай Касянюк, бацька Андрэя Касянюка, прызнаўся: калі адпраўляў сына ў армію, марыў, каб і яго фотаздымак, як фотаздымкі іншых юнакоў з раёна, таксама быў на Дошцы гонару ў райваенкамаце. Што ж, мара бацькі ажыццявілася. Андрэй, які служыў у арміі ў войсках Міністэрства ўнутраных спраў і там застаўся служыць па кантракту, — адзіны ў нашым раёне, хто заслужыў права на нашэнне крапавага берэта. Цяпер і фотакартка Андрэя на Дошцы гонару ў райваенкамаце.
Вучыўся юнак у маларыцкай сярэдняй школе №1, закончыў дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Настаўнікі і бацькі адзначаюць, што вызначаўся Андрэй мэтанакіраванасцю, быў спакойным, ураўнаважаным, заўсёды стрымліваў сваё слова. А яшчэ – моцным фізічна. Нездарма ж і трапіў служыць у войскі Міністэрства ўнутраных спраў, дзе найбольш патрэбны менавіта такія якасці.
Кіраўніцтва часці, дзе служыў Андрэй, бачыла ў ім чалавека перспектыўнага, таму і прапанавала служыць у арміі далей. Андрэй падпісаў кантракт на два гады, а затым паступіла новая прапанова, ён зноў жа згадзіўся, тым больш, што са 162-х кандыдатаў, якія былі дапушчаны да кваліфікацыйных выпрабаванняў і якія прайшлі праз “сіта” чатырох этапаў іх, ён аказаўся ў ліку 24-х у рэспубліцы, хто заслужыў права на нашэнне крапавага берэта.
Што за выпрабаванні трэба было прайсці, добра ведаюць саслужыўцы Андрэя. А гэта і выкананне прыёмаў самаабароны, і рукапашны бой, і элементы акрабатыкі, і 3-кіламетровы марш-кідок, затым дванаццацікіламетровы марш-кідок, выкананне агнявых задач па “знішчэнні праціўніка” з розных відаў стралковай зброі, паласа перашкод пры дымавой і агнявой заслонах, стральба, вучэбныя схваткі з двума вопытнымі “крапавікамі”, якія змянялі адзін аднаго, і інш.
Сіла волі, вынослівасць, моцная фізічная загартоўка, набыць якія Андрэю дапамагла армія, і дазволілі яму з гонарам вытрымаць усе выпрабаванні.
Цяпер Андрэй Касянюк – ваеннаслужачы ІІІ асобнай Чырвана­сцяжнай брыгады спецыяльнага прызначэння. Пажадаем яму новых поспехаў!
Алег ШЫШАЦКІ, ваенкам раёна.
НА ЗДЫМКУ: Андрэй Касянюк.

Опубликовано в «ГЧ» 8.12.2012 г.

Добавить комментарий


http://ukrterminal.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!