Лінія характару

Шлях Мікалая Піпко да прафесіі механізатара не быў выпадковым. З дзяцінства вельмі часта паездзіўшы ў кабіне аўтамабіля разам з бацькам, прымераўшыся да руля, ён прывык да голасу тэхнікі і адчуў, што яна стане яго сябрам на ўсё жыццё, што ён палюбіць яе як жывую істоту. Напэўна, гэта і ёсць нейкая лінія, якая адыходзіць у глыбіню часу ад сына да бацькі, ад бацькі да дзядулі і г.д. Лінія характару, лінія паводзін, лінія жыццёвых прынцыпаў.
Мікалая Піпко ў горад ніколі не цягнула, ён і слухаць пра гэта не хацеў. Хлопец ведаў цану працы ў вёсцы на прыкладзе сваіх бацькоў – Раісы Уладзіміраўны і Мікалая Рыгоравіча. Цану працы не толькі ў грошах, але і ў маральных заахвочваннях. Як бацька, так і маці, а працуе яна галоўным заатэхнікам у дзяржаўным прадпрыемстве “Радзежскае”, не раз атрымлівалі граматы за працу. Рэкордаў ніякіх яны не ставілі, космас не пакаралі. А проста працавалі. Кожны дзень свайго жыцця. І атрымлівалі прызнанні. А што можа быць лепшым у выхаванні, чым прыклад бацькоў.
Бацькі цяпер радуюцца поспехам сына, які, здавалася б, нічога звышнатуральнага не дабіўся. А вось Грамату райвыканкама ў час святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці з рук старшыні Казіміра Лапіча атрымаў. Значыць, стараўся. Бацькі ўпэўнены, што справе сваёй іх сын не здрадзіць.
Пасля прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, дзе, акрамя спецыяльнасці трактарыста-машыніста, Мікалай атрымаў дыплом тэхніка-механіка, вярнуўся ў родную гаспадарку. Паспрабаваў механікам. Аднак больш даспадобы аказалася работа трактарыста, і Мікалай зрабіў крок назад. А веды ніколі не лішнія. Яны дапамагаюць больш тонка бачыць тэхнічны стан трактара, адчуваць работу яго “сэрца”, аблягчаюць работу на многіх агрэгатах, якія ён асвоіў за шэсць гадоў. І на КЗРы ён віртуальна спраўляўся на нарыхтоўцы кармоў, на падкормцы пашавых угоддзяў стараўся, не падводзіць і на ферме, дзе развозіць на “Амкадоры” кармы. Проста старанне для гэтага маладога чалавека, як і для ўсёй сям’і Піпко, — катэгорыя маральная.
— На работу Коля ідзе кожны ранак з радасцю, — падкрэсліў бацька, Мікалай Рыгоравіч.
Гэтым, па-мойму, усё і сказана.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 12.12.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://220km.com.ua

http://220km.com.ua

www.kls-agency.com.ua