У саўдзеле з чужымі лёсамі

Сотні выратаваных лёсаў тых, хто аступіўся ў самым пачатку свайго жыцця і, атрымаўшы апору і падтрымку, выйшаў на правільную сцежку, сотні “рэаніміраваных” сем’яў, куды вярнуліся цвярозы розум і шчаслівыя дзіцячыя вочы, сотні папярэджаных правапарушэнняў і спыненых злачынстваў – менавіта такая “багатая” на лічбы біяграфія камісіі па справах непаўналетніх. Пра тыя задачы, якія штодня вырашае камісія, і пра тых людзей, што не застаюцца ў баку ад праблем у іншых сем’ях, не баяцца ўмешвацца ў лёсы дзяцей і дарослых, напярэдадні юбілейнай даты – 95-годдзя з дня заснавання камісій па справах непаўналетніх, гутарка карэспандэнта раённай газеты з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Маларыцкага райвыканкама Інай Панасюк.
— Іна Цімафееўна, перш чым гаварыць пра сённяшні дзень, давайце вернемся назад ў гісторыю і ўспомнім, як быў заснаваны орган, які, у адрозненне ад іншых структур, нават праз дзевяць з паловай дзясяткаў гадоў так і не страціў сваю значнасць.
— 14 студзеня 1918 года Саўнаркамам быў падпісаны дэкрэт “Аб камісіі для непаўналетніх”, у якім указвалася, што “суды і турэмныя заключэнні для малалетніх і непаўналетніх ліквідоўваюцца, а справы аб непаўналетніх да 17 гадоў, прыкмечаных у дзеяннях грамадсканебяспечных, падлягаюць вядзенню камісіі аб непаўналетніх”. У ліпені 1920 года была зацверджана першая інструкцыя аб рабоце камісій, якая ліквідавала права іх разглядваць крымінальныя справы ў адносінах непаўналетніх. Асноўнай задачай камісіі было аказанне медыка-псіхалагічнай, педагагічнай і сацыяльнай дапамогі дзецям і падлеткам. Першы Закон аб камісіях па справах непаўналетніх быў зацверджаны ў 1967 годзе.
— Задачы прафілактыкі падлеткавых правапарушэнняў і злачыннасці, як і работа з праблемнымі сем’ямі, былі і застаюцца актуальнымі ва ўсе часы. І вырашаць гэтыя пытанні даводзіцца нераўнадушным людзям. Раскажыце коратка пра тых, хто ў розныя гады быў звязаны з дзейнасцю камісіі па справах непаўналетніх.
— Нялёгкай справе выхавання падлеткаў у свой час аддавалі нямала душэўных сіл Галіна Андрэеўна Ігнатчук, Аляксандр Георгіевіч Каралёў, Уладзімір Андрэевіч Бойка, Тамара Міхайлаўна Макарэвіч, Сцяпан Рыгоравіч Бажко, Уладзімір Андрэевіч Старасотнікаў, якія ў розныя гады ўзначальвалі камісію. Сёння яе ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Паўлавіч Шпетны. Своечасова ўмешваючыся ў лёсы “цяжкіх” дзяцей, многім дапамаглі змяніцца, стаць добрымі грамадзянамі, набыць сэнс жыцця неабыякавыя людзі – Таццяна Крэмянная, Людміла Кульгаўчук, Ігар Сезік, Мікалай Бурштын, Кацярына Пацяюк. Штодня працуючы з падлеткамі, для многіх з якіх родны дом стаў чужым, а ўрокі выхавання давалі не бацькі, а вуліца, вучылі дзяцей правільным паводзінам інспектары па справах непаўналетніх Васіль Крэнь, Аляксандр Астапук, Вячаслаў Бабура, Алег Сцепанюк, Аляксандр Андрэеў, Алег Ківачук, Андрэй Гапонік, Віталь Струнец, Сяргей Пішчык, Міхаіл Шыян, Віктар Кулічык. Цяпер актыўную прафілактычную работу з падлеткамі вядуць інспектары Надзея Півень і Святлана Даманская. Між іншым, работа маларыцкіх інспектараў інспекцыі па справах непаўналетніх прызнана лепшай у вобласці. І не выпадкова. Колькасць злачынстваў зменшылася з 13 – у 2011 годзе, да 6 – у 2012, значна менш было ўчынена і правапарушэнняў, звязаных з ужываннем падлеткамі спіртных напояў. Тое, што ў прафілактычнай рабоце ёсць поспехі – заслуга многіх людзей. Гэтаму папярэднічаў не адзін год карпатлівай, настойлівай працы.
— Як вядома, у рабоце з дзецьмі, калі ўжо відавочныя праблемы, галоўнае не пакаранне, а дапамога. На што ў першую чаргу накіравана дзейнасць камісіі?
— Важнейшы накірунак нашай работы – дапамога сям’і, асабліва той, якая трапіла ў крызісную сітуацыю, абарона правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей у такой сям’і. А для гэтага паспяхова ўкараняецца практыка ранняга выяўлення сямейных праблем. Так, 111 дзяцей з 53 сямей раёна прызнаны тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Чацвёртая частка гэтых дзяцей – дашкольнага ўзросту, а значыць сем’і, у якіх яны выхоўваюцца, – маладыя, і важна своечасова ўмяшацца, дапамагчы бацькам задумацца. Для больш эфектыўнай работы арганізавана міжведамаснае ўзаемадзеянне па вывя­дзенні сям’і з сацыяльна-небяспечнага становішча, аднаўленні дзіцяча-баць­коўскіх адносін. Значны эфект дае супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі, непасрэдная зацікаўленасць кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, якія самі б’юць трывогу, удзельнічаюць у праводзімых рэйдах, акцыях і іншых прафілактычных мерапрыемствах. Дзякуючы актыўнай рабоце з сем’ямі 15 дзяцей, якім з-за п’ян­ства бацькоў спатрэбілася абарона дзяржавы, летась былі зняты з уліку, 7 з іх вярнуліся ў свае сем’і.
— Работа камісіі нялёгкая і не заўжды ўдзячная. Але, напэўна, бываюць моманты, калі адчуваеш усю важнасць той справы, якую выконваеш?
— Кожнае пасяджэнне, дзе вырашаюцца лёсы падлеткаў, пакідае свой адбітак у душы членаў камісіі. Як заставацца раўнадушным, калі даводзіцца разбірацца ў канфлікце бацькоў і дзяцей, калі непаўналетні з добрай сям’і, дзе клапатлівыя бацькі імкнуцца стварыць усе ўмовы для свайго дзіцяці, трапіў пад уплыў вуліцы, дрэннай кампаніі, як не хвалявацца за маладую сям’ю, у якой нарадзілася дзіця, ёсць усе перспектывы атрымаць добраўпарадкаванае жыллё, але ў таты і мамы, якія п’юць, няма адказнасці за свае ўчынкі, паступова страчваецца бацькоўскі інстынкт. Але, калі пасля сістэматычнай работы, экстранных, часам жорсткіх мер, такіх, як адабранне дзяцей, ты бачыш, што ў сям’і ўсё наладжваецца, заўважаеш, якім шчасцем свецяцца вочы малых, што вяртаюцца да бацькоў, назіраеш за тым, якія значныя змены адбываюцца ў доме, — адчуваеш радасць і ўсю патрэбнасць работы камісіі.
Гутарыла Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 12.01.2013 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!