А. Лукашэнка ўручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне» 2012 года

Рашэннем кіраўніка дзяржавы па выніках 2012 года прысуджаны 5 прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Імі адзначаны свяшчэннаслужыцелі, педагогі, супрацоўнікі дабрачынных арганізацый, аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.
Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды — аўтарскі калектыў архітэктараў-рэстаўратараў, якія распрацавалі праект рэстаўрацыі палацава-паркавага ансамбля XVI-XVIII стагоддзяў у Нясвіжы.
Прэмія таксама прысуджана дырэктару Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Ігару Дзятлоўскаму, дзякуючы намаганням якога дзясяткі сірот выхоўваюцца ў дамашняй атмасферы, атрымліваюць адукацыю і становяцца дастойнымі грамадзянамі.
Узнагароды ўдастоена настаяцельніца Свята-Ражджаства-Багародзічнага стаўрапігійнага жаночага манастыра ў Гродне Беларускай праваслаўнай царквы ігумення Гаўрыіла, якая ўнесла значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, выдавецкую, духоўна-асветніцкую і дабрачынную працу па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны.
Сярод лаўрэатаў калектыў Гомельскага абласнога дыягнастычнага медыка-генетычнага цэнтра з кансультацыяй «Шлюб і сям’я», які дасягнуў вялікіх поспехаў у зніжэнні дзіцячай смяротнасці і інваліднасці, аказанні дапамогі сем’ям, якія жадаюць стаць бацькамі, прапагандзе каштоўнасцей моцнага шлюбу і здаровых сямейных адносін.
Прэміі ўдастоены дырэктар рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі Віталь Кульпекша, узнагароджаны за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы, захаванне і распаўсюджванне традыцый дабрачыннасці і міласэрнасці ў беларускім грамадстве.
Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў указ, у адпаведнасці з якім па выніках 2012 года прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Імі адзначаны дзеячы культуры і мастацтва, пісьменнікі, педагогі, аўтарскія і творчыя калектывы, тэатры, музеі, бібліятэкі за значныя дасягненні ў галіне музычнага, тэатральнага мастацтва, мастацкай літаратуры, кінавідэамастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, музейнай і бібліятэчнай справы, выхавання творчай моладзі.
Паколькі 2012 год быў абвешчаны ў Рэспубліцы Беларусь Годам кнігі, работы многіх лаўрэатаў прэмій так ці інакш звязаны з беларускай літаратурай і друкаваным словам.
Прэміі прысуджаны калектыву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і аўтарскаму калектыву тэатра студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» за яркае сцэнічнае ўвасабленне твораў класікаў беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і Кандрата Крапівы, калектывам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю кніжнай спадчыны Беларусі і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы — за вялікую работу па прапагандзе творчасці народнага песняра, а таксама пісьменніку Анатолю Чэбаганаву за стварэнне серыі гісторыка-дакументальных кніг «Я — сын Ваш».
Лаўрэатамі прэміі сталі тыя, хто ўнёс значны ўклад у захаванне і прапаганду культурнага і духоўнага здабытку беларусаў: калектывы Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея (Магілёўская вобласць) і народнага тэатра гумару, гульні і песні «Хмелеўскія валацугі» Хмелеўскага сельскага Дома культуры Жабінкаўскага раёна (Брэсцкая вобласць), якія правялі вялікую работу па адраджэнню рамёстваў, абрадаў і народнага мастацтва сваіх рэгіёнаў. Гэтай узнагароды таксама ўдастоены калектыў Музея гісторыі горада Мінска, які стварыў экспазіцыю мастацкай галерэі Героя Беларусі, выдатнага майстра жывапісу Міхаіла Савіцкага.
Заслужанымі ўзнагаро­дамі адзначаны дасягнен­ні кінарэжысёра-дакумен­таліста Галіны Адамовіч, якая зняла фільмы пра майстроў культуры і спорту, удастоеных узнагарод міжнародных кінафестываляў, і загадчыка кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Альбіны Пякуцька, якая ўнесла значны асабісты ўклад у развіццё беларускай школы акадэмічных харавых спеваў.
9 студзеня ў Палацы Рэспублікі прайшла цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. У час яе правядзення Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Не хлебам адзіным жывы чалавек. Нават магутныя імперыі старажытнасці разбураліся і гінулі, калі пазбаўляліся сувязнай агульнасці ідэалаў, маральных асноў і веры — усяго таго, што ператварае насельніцтва ў народ, а месцапражыванне — у Айчыну».
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх з высокімі ўзнагародамі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што каштоўнасць прэмій вымяраецца не толькі ў грашовым эквіваленце: «Дзякуючы ўзнагародам аб заслугах лаўрэатаў даведаецца ўся Беларусь, і вы станеце прыкладам для маладых».
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Лукашэнка ўручае ўзнагароду дырэктару Радашковіцкай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Ігару Дзятлоўскаму, які ў свой час працаваў у Олтушскай сярэдняй школе Маларыцкага раёна; у час цырымоніі.

Опубликовано в «ГЧ» 16.01.2013 г. 

Добавить комментарий


там monaliza.kiev.ua

здесь

также читайте ford.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!