Сэнс не без мэты?

15-17 гадовыя… Перыяд, які называюць “цяжкім”. Ужо не дзіця, але яшчэ і не дарослы. Што цікавіць і турбуе іх, падлеткаў, якія праблемы хвалююць у такім узросце? Каб атрымаць адказы, мы звярнуліся да вучняў 9-11 класаў устаноў адукацыі раёна. Анкетаванне было ананімным, таму адказы, можна меркаваць, шчырыя, праўдзівыя, рэальна адпавядаюць таму, пра што думае, чым канкрэтна заняты падлетак у вольны час.
У маладых людзей інтэрнэт на першым месцы. Анлайн-гульні, сайты знаёмстваў… Некаторыя падлеткі па бязмежных інтэрнэт-прасторах гуляюць нават па 2,5-3 гадзіны ў суткі, прычым – бескантрольна з боку бацькоў. У “сапраўдных хлопцаў”, як правіла, не ў модзе адпачынак з кнігай і падрыхтоўка ўрокаў. Для многіх з іх лепшым дарадчыкам з’яўляюцца ўсё ж такі не бацькі, а сябры, часта – старэйшыя па ўзросту. Шкала каштоўнасцей у юнакоў-падлеткаў (у парадку змяншэння) атрымалася такая: інтэрнэт, музыка, зносіны з сябрамі-аднадумцамі, дыскатэкі, сустрэчы з дзяўчатамі, ігра на гітары, матацыклы і аўтамабілі. На жаль, у гэтым радзе так і не знайшлося месца адпачынку на прыродзе, экскурсіям, паходам, паездкам па родным краі. Атрыманыя звесткі сведчаць аб тым, што амаль да нуля зведзены заняткі спортам і фізічнай культурай. Універсальны спартыўны комплекс “Жамчужына” ў вольны час наведваюць нямногія.
У дзяўчат іншыя жыццёвыя прыярытэты і арыенціры. Таму і расклад дня не такі, як у іх равеснікаў. На першым месцы ў юных прадстаўніц прыгожай палавіны чалавецтва -размовы па тэлефоне з сяброўкамі і сябрамі. Норма тут — 1-1,5 гадзіны. Яны таксама падоўгу могуць “завісаць” у сацыяльных інтэрнэт-сетках, слухаюць на мабільным тэлефоне любімую музыку, некаторыя абавязкова наведваюць раз на тыдзень дыскатэкі. Радуе тое, што дзяўчаты больш часу трацяць на падрыхтоўку дамашніх заданняў, дапамагаюць бацькам у хатніх справах, займаюцца самападрыхтоўкай да цэнтралізаванага тэсціравання.
Што больш за ўсё хвалюе падлеткаў? Паступленне ў ВНУ,уласнае здароўе, адносіны ў сям’і і з аднакласнікамі, моднае і якаснае адзенне, набыццё ўласнага ноўтбука, касметыка і ўпрыгожванні.
Мы апыталі толькі невялічкую групу старшакласнікаў. Хочацца верыць, што атрыманыя вынікі не з’яўляюцца тыповымі. Не ўсе ж аднолькавыя. Думаецца, што ў астатніх маладых людзей – іншыя погляды на жыццё, зацікаўленасці, перакананні.
Напрыклад, Віталь (7-класнік) і Руслан (11-класнік) Луцыкі з Арэхаўскай СШ маюць акрэсленую мэту, да якой паступова набліжаюцца. У братоў ёсць агульнае захапленне – англійская мова. Яе вывучэннем хлопцы займаюцца сур’ёзна, таму ёсць добры вынік і на раённай прадметнай алімпіядзе. Акрамя гэтага, Віталь займаецца матэматыкай, футболам, цікавіцца матацыкламі, а Руслан – валейболам, баскетболам і тэхнікай.
***
ХХІ стагоддзе. Новыя яго рэаліі відавочныя на кожным кроку. Тое, што было супермодным, піскам часу, “наварочаным” яшчэ 15-20 гадоў таму, сёння ўжо не каціруецца, не карыстаецца попытам. Моладзі падабаецца жыць. Даведвацца нешта новае для сябе, нейкім чынам самавызначацца. Але жыццё тады асаблівае і цікавае, калі ў яго з’яўляецца пэўны сэнс. Сэнс не без мэты. Але ці ёсць гэта ў сучаснай моладзі? Адказаць, напэўна, адназначна нельга.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: браты Віталь і Руслан Луцыкі з Арэхаўскай СШ
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 16.01.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Сэнс не без мэты?: 1 комментарий

  • 23.01.2013 в 8:24 дп
    Permalink

    «На жаль, у гэтым радзе так і не знайшлося месца адпачынку на прыродзе, экскурсіям, паходам, паездкам па родным краі».
    Выбачайце, якія могуць быць паходы і паездкі па родным краі у непаўналетніх? Яны яшчэ нават самі не зарабляюць, каб падарожнічаць і ездзіць. Ды і без дарослых не маюць права. Гэты пункт залежыць ужо ад бацькоў, дарослых. Калі ніхто не возіць, то і не хочуць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.