Скарб сям’і Яўтушыкаў

Калі бываю ў вёсках, кожны раз не перастаю захапляцца сапраўднымі вясковымі жыхарамі – нястомнымі працаўнікамі, гасціннымі, адкрытымі, шчырымі душой і сэрцам, вернымі сваім караням. Яны не мараць пра далёкія краіны і вялікія гарады, ім добра і ўтульна там, дзе яны ёсць. Лідзія Яўціх’еўна Яўтушык таксама не ўяўляе сваё жыццё нідзе, акрамя як у Сушытніцы, вёсцы, у якую некалі прывёў яе, украінскую дзяўчыну, лёс, і пакінуў тут, душою прывязаўшы да беларускіх мясцін.
Так склалася ў жыцці Лідзіі Яўціх’еўны, што, калі закончыла школу, не пайшла вучыцца далей, засталася ў сваёй валынскай вёсцы Тур. Адтуль родам быў і яе Мікалай, за якога 19-гадовая Лідзія выйшла замуж. У той час з суседнімі рэспублікамі мяжа была ўмоўная, а таму многія ўкраінцы працавалі ў суседніх беларускіх гаспадарках. У калгас “Запаветы Леніна”, які быў добра вядомы, разам з іншымі аднавяскоўцамі ездзіў працаваць і Мікалай. Доўгіх разважанняў наконт таго, дзе “віць” сваё сямейнае гняздо, у Лідзіі і Мікалая не было. Вырашальным аргументам стала тое, што ў галавы маладога сямейства ёсць у “Запаветах Леніна” нядрэнная работа з добрым заробкам. Тут, у беларускай вёсцы Сушытніца, і вырашылі будаваць дом. Праз два гады, сям’я Яўтушыкаў пераехала ў сваё сушытніцкае жыллё. Абуладкаваўшыся на новым месцы, Лідзія занялася пошукам работы. Многія вяскоўцы, балазе, чыгунка пад бокам, ездзілі працаваць у Брэст. Паспрабавала знайсці там работу і Лідзія. І ўжо дамовілася наконт месца санітаркі ў бальніцы, але па дарозе дамоў сустрэла аднаго з работнікаў калгаса, які пераканаў маладую жанчыну пайсці працаваць на ферму. Так пачалася яе трыццацігадовая працоўная біяграфія.
— Работа даяркі для мяне не была нечым зусім незнаёмым. Яшчэ малымі са стрыечнай сястрой мы не раз ездзілі на поле, дзе дапамагалі цётцы даіць кароў. Праўда, там рукамі кароў даілі, а на ферме ў Сушытніцы, куды прыйшла я працаваць, былі ўжо апараты, — успамінае Лідзія Яўціх’еўна.
Цяжка было маладой даярцы асвоіцца на новым месцы. Даводзілася многаму вучыцца. Спачатку трэба было прызвычаіцца да жывёлы і ёй дапамагчы прывыкнуць да новай гаспадыні. Ды і фізічных сіл патрабавалася нямала.
— Як накорміш кароўку, столькі яна і малака дасць. Стараліся, каб жывёла заўсёды добра накормленая была.
Нават у самай складанай што­дзённай справе чалавек працавіты і неабыякавы можа знайсці тое, што стане для яго магнітам, які будзе трымаць на адным месцы ўсё жыццё. Ну як не спяшацца было кожны ранак Лідзіі Яўтушык на ферму, калі яна ведала, што там з нецярпеннем чакае яе група кароў, і кожная жывёліна даверліва цягнецца да сваёй гаспадыні. Быў час, калі Лідзія Яўціх’еўна папрасілася на цялятнік. Папрацавала крыху і зразумела – гэта не для яе. А калі вярнулася на ферму, адчула аблягчэнне: менавіта тут была яна на сваім месцы.
— Як хутка час праляцеў. Толькі яшчэ ўчора, здаецца, на работу штодня спяшалася, дзеці малыя былі, а ўжо сем гадоў, як я на пенсіі, ды і дзеці даўно самастойныя, у кожнага свае сем’і, ужо і ўнукі падраслі, – ківаючы галавой, разважліва заўважае мая субяседніца.
У Лідзіі і Мікалая Яўтушыкаў нарадзілася і вырасла трое дзяцей. Двое сыноў засталіся жыць у вёсцы, дзе нарадзіліся, а дачка Наталля жыве і працуе ў Маларыце.
Старэйшы сын – Уладзімір, закончыўшы школу, атрымаў у прафесійна-тэхнічным вучылішчы правы трактарыста і ўладкаваўся працаваць у мясцовую гаспадарку. На пэўны час працу яго прыпыніла служба ў арміі. Адслужыўшы, юнак і не думаў мяняць вёску на горад, зноў уладкаваўся ў калгас. Ды і каханне сваё знайшоў у суседняй вёсцы Мельнікі. Ажаніўшыся, забраў сваю Наталлю ў Сушытніцу. Яна ўладкавалася даяркай на ферму, дзе і працуе ўжо шмат гадоў. У вёсцы яны купілі дом, абжыліся, выгадавалі дваіх сыноў, якія цяпер ужо сапраўдныя памочнікі бацькоў.
Як бацька і старэйшы брат, з дзяцінства зацікавіўшыся тэхнікай, вырашыў стаць трактарыстам і другі сын Яўтушыкаў – Анатоль. Пасля дзевяцігодкі пайшоў вучыцца ў прафесійнае вучылішча, дзе набыў прафесіі вадзіцеля, трактарыста і слесара. Яго працоўная біяграфія ў СВК “Хаціслаўскі” пачалася яшчэ да армейскіх будняў. У час службы, наведаўшыся дамоў у водпуск, Анатоль пазнаёміўся з дзяўчынай Людмілай, якая з суседняй украінскай вёскі пры­ехала ў Сушытніцу на вяселле. Каханне, якое звязала іх сэрцы, вытрымала выпрабаванне разлукай. Вярнуўшыся з арміі, Анатоль зноў уладкаваўся працаваць у мясцовую гаспадарку. А неўзабаве Яўтушыкі згулялі вяселле. Людміла, пераехаўшы ў Сушытніцу, вырашыла ўладкавацца працаваць даяркай. Лідзія Яўціх’еўна па сабе добра ведала, як гэта цяжка — пачынаць працаваць на ферме. І тады мудрая і чулая свякроў вырашыла ўступіць нявестцы сваю групу кароў, а сама пайшла працаваць падменнай. Калі Людміла асвоілася на ферме, у гаспадарцы пераканаліся, што яна чалавек старанны і адказны, прапанавалі паехаць на курсы асемянатараў. Жанчына згадзілася і цяпер працуе тэхнікам-асемянатарам на комплексе ў Сушытніцы. Тут жа на комплексе працуе цяпер і Анатоль. 15 гадоў ён шчыраваў на трактары. Калі ў Сушытніцы будаваўся новы комплекс, яму прапанавалі паехаць на вучобу. Асвоіўшы наладку новага абсталявання, ён уладкаваўся на новае месца працы. Вось ужо тры гады Анатоль – слесар, які добра ведае тую справу, якой цяпер займаецца.
Вясковых жыхароў не толькі ў гарачыя летнія дні, але і позняй восенню, і нават зімой цяжка застаць дома. Сабраць разам усю сям’ю Яўтушыкаў у нас так і не атрымалася. Уладзіміра, у якога быў выхадны, паклікалі ў дарогу гаспадарчыя справы, Наталля, жонка Уладзіміра, была занятая на дойцы кароў, Людмілу не адпускалі неадкладныя справы на комплексе.
— Толькі па святах атрымліваецца разам у бацькоўскім доме сабрацца, — заўважае Анатоль.
— Ды яшчэ калі ў гаспадарчых справах дапамагчы нам з мужам трэба, тады ўсе разам працуюць, і дзеці, і ўнукі, — дапаўняе сына Лідзія Яўціх’еўна.
Пра сваіх дзяцей і асабліва ўнукаў, якіх у бабулі сямёра, Лідзія Яўціх’еўна магла б расказваць гадзінамі. Бо гэта галоўны скарб сям’і, працяг іх працавітага роду.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: прадстаўнікі дынастыі Яўтушыкаў – Лідзія Яўціх’еўна і яе сын Анатоль.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 15.12.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


раскрутка и продвижение сайтов

topobzor.info

www.apothekegenerika.com