ДЗЕ СПАДЧЫНА БЯРЭ ПАЧАТАК…

У кожным чалавеку закладзена прыродай імкненне пастаянна пазнаваць навакольны свет, назіраць і захапляцца яго шэдэўрамі, рукатворнай прыгажосцю. Па гэтай прычыне многія накіроўваюцца ў падарожжы ў іншыя месцы, часта пры гэтым забываючы пра тое, што шмат неспазнанага, прыгожага, дзіўнага ёсць і ў родных мясцінах. Толькі трэба больш пільна прыгледзецца, толькі трэба больш уважліва прыслухацца – таямніцы адкрыюцца нашаму воку і слыху самі. Дзе ў Маларыце ёсць такое месца? Падказваем і раім: зазірніце ў раённы цэнтр народнай творчасці, што на Савецкай. Адлік яго гісторыі пачаўся 1 студзеня 1998 г. у будынку, дзе раней размяшчалася друкарня. А ў сераду, 16 студзеня, ва ўстанове адбыўся своеасаблівы другі дзень нараджэння. Пасля капітальнага рамонту цэнтр ўрачыста расчыніў дзверы для наведвальнікаў. З гэтай нагоды сюды завіталі: Сяргей Панасюк, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама; Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама; Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама; Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела культуры. Пасля ўрачыстага пераразання стужкі гасцей з хлебам-соллю сустракала Сцепаніда Сцепанюк, народная майстрыха з в.Дарапеевічы. Затым была экскурсія па будынку, які поўнасцю змяніў свой ранейшы інтэр’ер.
Цяпер у Цэнтры ёсць 2 выставачныя залы: прадметаў даўніны, дзе галоўнае месца ў экспазіцыі належыць маларыцкаму строю адзення (знаёмства з нашым краем і культурай пачынаецца менавіта з самабытнага маларыцкага касцюма. Гэта – адна з візітных картак раёна) і сучасных відаў творчасці; 3 класы для заняткаў гурткоўцаў і метадычны кабінет.
— Сёння мы адкрылі невялікі па памерах аб’ект, — сказаў Казімір Віктаравіч, — але вельмі патрэбны. Яго значэнне цяжка пераацаніць, найперш — у духоўным плане. Каштоўнасць знаходзіцца ў выставачных залах цэнтра. А тут – цэлы скарб, таямніца народнай душы, умельства рук. На свае вочы мы можам ўбачыць, якімі таленавітымі былі нашы продкі.
На рамонт цэнтра вы­дзелены немалыя грашовыя сродкі. Цяпер тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для працы. Цэнтр народнай творчасці сапраўды стаў цэнтрам згуртавання народных майстроў раёна. Добра, што на Маларытчыне ёсць іх прадаўжальнікі. У першую чаргу — гэта вучні школ, якія наведваюць гурткі.
— Нас у штаце – 6 чалавек, — кажа Валянціна Струнец, якая ўзначальнае ўстанову. Цяпер працуе 5 гурткоў (ткацтва, вышыўкі, саломапляцення, 2 гурткі – бісерапляцення), дзе займаецца больш за 30 чалавек. Акрамя таго, пры цэнтры дзейнічае аматарскае аб’яднанне майстроў “Скарб талентаў”, куды ўваходзіць 15 народных умельцаў з г. Маларыты, вёсак Грушка, Замшаны, Ужова, Хаціслаў, Дарапеевічы.Можна назваць, напрыклад, прозвішчы Ульяны Іванаўны Серады, Вольгі Ільінічны Шчыгалёвай, Надзеі Паўлаўны Сцепанюк, Ніны Сямёнаўны Глінскай і інш. Таленты знаходзіць Ала Назарук. Гэтыя людзі, калі можна так сказаць,– аснова народнай творчасці раёна. Яны змаглі захаваць, зберагчы і данесці да нашага часу майстэрства вырабу той ці іншай рэчы, прадметаў побыту.
— Валянціна Мікалаеўна, з чаго пачнеце работу ў абноўленым будынку Цэнтра?
— Пакуль ішоў рамонт, мы працавалі. За гэты час паспелі зрабіць многае. Аднак галоўная наша задача – спасціжэнне таямніц, узнаўленне і прапаганда маларыцкіх традыцый ткацтва, вышыўкі, пляцення, знаёмства і далучэнне да іх як мага большай колькасці людзей. Гэта духоўна ўзбагачае і ўзвышае любога чалавека.Мы жывем у адным з самых маляўнічых куточкаў Беларусі. Ад прадзедаў нам засталася багатая спадчына. Нам неабходна зберагчы тое, што маем на сённяшні дзень.
* * *
Напрыканцы мерапрыемства народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак” прадставіў фрагменты абраду “Шчадроўка”, а супрацоўнікі цэнтра гасцей пачаставалі стравамі маларыцкай народнай кухні.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: дарапеевіц­кая майстрыха Сцепаніда Сцепанюк у касцюме маларыцкага строю.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.01.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


подробнее shtory.ua

www.ry-diplomer.com