НА ВАРЦЕ 24 ГАДЗІНЫ

З малых гадоў кожны з нас ведае, што, калі ўзнік пажар ці іншая надзвычайная сітуацыя, трэба абавязкова тэлефанаваць на нумар 101. Выратаванне жыцця чалавека, яго маёмасці залежыць ад таго, як хутка прыбудзе дапамога. А калі бяда здараецца ў аддаленай вёсцы, першай на месца здарэння прыбывае каманда выратавальнікаў мясцовага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. Такіх падраздзяленняў у раёне пяць — у Чарнянах, Арэхаве, Макранах, Гвозніцы і Ланской. Пад пільнай увагай выратавальнікаў, якія 24 гадзіны ў суткі знаходзяцца на варце, усе сельскія населеныя пункты раёна. Баявое дзяжурства пажарных распісана па гадзінах. Зранку на сваіх вучэбна-трэніровачных базах супрацоўнікі пастоў праводзяць практычныя заняткі, адпрацоўваюць нарматывы, мадулююць тыя сітуацыі, у якіх трэба дзейнічаць хутка і рашуча. Затым праводзіцца работа над памылкамі, самападрыхтоўка. Пасля абеду некалькі гадзін аддаецца рабоце з тэхнікай, падтрыманню яе ў належным стане. У раскладзе дня дзяжурных адна гадзіна абавязкова адводзіцца спартыўным заняткам, бо падтрыманне добрай фізічнай формы – неад’емная ўмова для хуткіх і ўмелых дзеянняў у розных надзвычайных сітуацыях. Пэўны час аддаецца і тэарэтычным заняткам – вывучэнню дакументаў, якія неабходна ведаць для эфектыўнага правя­дзення прафілактычнай работы.
Дарэчы, менавіта прафі­лактыцы надаецца ў рабоце аварыйна-выратавальных пастоў асобая ўвага. Дзякуючы сістэмным праверкам жылога сектара, гутаркам з вяскоўцамі, асабліва з тымі, хто ўваходзіць у “групу рызыкі”, значна змяншаецца колькасць пажараў.
Пра свае поспехі вырата­вальнікі расказваюць сціпла, пастукаўшы (каб не сурочыць) па дрэву. Бо кожны трывожны выезд – нечая трагедыя. І ўсё ж, у размове з начальнікамі аварыйна-выратавальных пастоў пастаралася высветліць, якім быў для кожнага з падраздзяленняў мінулы год.
Чарнянскі пажарны аварыйна-выратавальны пост № 15. Калектыў яго ўзначальвае адзін з самых вопытных выратавальнікаў — Сяргей Анішчук. Летась на тэрыторыі, падпарадкаванай падраздзяленню, адбылося два пажары. Супрацоўнікі паста сваімі ўмелымі дзеяннямі, выязджаючы па выкліках не толькі ў вёскі раёна, але і ў населеныя пункты Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў, не раз пераконвалі, што могуць справіцца з любой сітуацыяй. Але менавіта рабоце на папярэджанне аддаюць тут перавагу: право­дзяць гутаркі ў калектывах, наведваюць праблемныя сем’і, актыўна супрацоўнічаюць з участковымі і мясцовай уладай. За актыўную прафілактычную работу, якая садзейнічала зніжэнню колькасці пажараў, начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста Сяргей Анішчук заахвочаны Ганаровай граматай абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Гвозніцкі пажарны аварыйна-выратавальны пост № 11 у жніўні мінулага года ўзначаліў новы кіраўнік — вопытны пажарны Сяргей Дваракоўскі, на асабістым рахунку якога чатыры выратаваныя з агню жыцці. У тым, што каманда паста здольная прыйсці на дапамогу ў любой сітуацыі, пераканалі яны не толькі змагаючыся з агнём у час пажараў, але і калі летась, у пачатку зімы, змаглі адшукаць у заснежаным лясным масіве ля вёскі Дубічна чалавека, які патэлефанаваў і паведаміў, што ён заблудзіў і не можа трапіць дамоў.
Мінулы год для супрацоўнікаў Макранскага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 быў даволі трывожным. У зоне, якая знаходзіцца пад кантролем макранскіх выратавальнікаў, было зарэгістравана 12 пажараў. Павелічэнне колькасці пажараў хвалюе калектыў аварыйна-выратавальнага паста і яго начальніка Віктара Літвіна – ініцыятыўнага і энергічнага кіраўніка. Гэтае падраздзяленне, як адзначаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Дубач, заўжды вызначалася наватарствам. А яшчэ стабільнасцю і з’яднанасцю калектыву, дзе многія супрацоўнікі шмат гадоў нясуць баявыя дзяжурствы разам, а таму ў экстраных сітуацыях разумеюць адзін аднаго з паўслова. Менавіта ў гэтым падраздзяленні нясе сваю службу майстар пяра Генадзь Мішчук, які адзіны ў раёне мае медаль “За бездакорную службу”.
Больш за 2,5 тысячы чалавек жывуць на тэрыторыі самага вялікага ўчастка, які кантралюе Арэхаўскі пажарны аварыйна-выратавальны пост №14. У пытаннях правядзення прафілактычнай работы гэтае падраздзяленне ў лідарах. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з мясцовай уладай – Хаціслаўскім і Арэхаўскім сельвыканкамамі, амаль усе дамы вясковых жыхароў абсталяваны прыборамі ранняга выяўлення ўзгаранняў. За мэтанакіраванасць у рабоце, адказнасць у адносінах да справы начальнік паста Віталь Бягеза ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік”.
У супрацоўнікаў Ланскога пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12 самы малады кіраўнік. Аляксей Белаус яшчэ ў школе вырашыў, што яго жыццё будзе звязана з прафесіяй выратавальніка і, паспяхова здаўшы экзамены, паступіў у Салігорскі горна-хімічны каледж на факультэт папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Выдатна закончыўшы вучобу, юнак вярнуўся ў раён. Другі год ён узначальвае аварыйна-выратавальны пост і адначасова павышае ўзровень ведаў у Гомельскім інжынерным інстытуце. Спалучэнне вопыту старэйшых і энергіі маладога начальніка забяспечвае паспяховую работу падраздзялення. Летась на тэрыторыі, якая знаходзіцца пад кантролем паста, адбылося 4 пажары. Каб надзвычайных сітуацый было менш, выратавальнікі стараюцца знаходзіць усё новыя формы растлумачальнай работы з вяскоўцамі.
Сваё прафесійнае свята многім супрацоўнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях давядзецца сустрэць на баявым дзяжурстве, у поўнай гатоўнасці прыйсці на дапамогу іншым. Няхай сітуацый, калі спатрэбіцца іх дапамога, будзе як мага менш.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: начальнікі пажарных аварыйна-выра­тавальных пастоў абменьваюцца думкамі з начальнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалаем Дубачам.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.01.2013 г.

Добавить комментарий


у нас

jaamboo.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!