Крыніца працавітасці

Як з маленькай, але жвавай крынічкі бярэ свой пачатак вялікая рака, так і ад старанных бацькоў, адданых працы, пачынаецца сямейная справа, якая аб’ядноўвае розныя пакаленні ў працоўную дынастыю.
— Хоць мне ўжо больш за 70 гадоў, але я б яшчэ і сёння на работу хадзіла. Не магу без справы ся­дзець. Душа баліць, калі падумаю, што не давя­дзецца з іншымі ў поле адправіцца. Але ж здароўе не дазваляе працаваць, а таму летась восенню ўжо развіталася з гаспадаркай, – з сумам у голасе, шчыра дзеліцца пенсіянерка з вёскі Мельнікі Галіна Сямёнаўна Саўчук.
Пяць дзясяткаў гадоў яе жыцця звязаны з СВК “Хаціслаўскі”. Не змагла развітацца з гаспадаркай Галіна Сямёнаўна нават тады, калі прыйшоў час ісці ёй на заслужаны адпачынак. Яшчэ больш за 15 гадоў працавала яна ў паляводстве. Руплівая і старанная, жанчына ніколі не лічылася з цяжкасцямі, працавала, як гаворыцца, з душою, бо загартоўку набыла яшчэ ў дзяцінстве…
Бацька Галіны Сямё­наўны адным з першых запісаўся ў калгас. Яго, працавітага і адказнага, спачатку назначылі брыгадзірам. А калі ў гаспадарцы з’явіліся адукаваныя спецыялісты, ён перайшоў працаваць конюхам. Сям’я, як успамінае Галіна Сямёнаўна, жыла бедна, маці цяжка хварэла. А таму Галіне з малых гадоў давялося спазнаць, што такое праца. Дапамагаць даводзілася не толькі дома, па гаспадарцы, але і ў калгасе. І хоць гэта была работа не для кволых дзіцячых рук, даводзілася і ўгнаенні кошыкам па полі разносіць, і разам з жанчынамі лён церці і трэсці, але Галіна з усім спраўлялася. Назаўжды ў памяці Галіны Сямёнаўны застаўся час, калі яе, як і многіх іншых вясковых падлеткаў, адправілі пасвіць кароў. Жывёлу адганялі далёка ад вёскі, за хутар Зарычка. На пашы, пад адкрытым небам, не раз даводзілася дзяўчыне начаваць. Але любую работу, як успамінае Галіна Сямёнаўна, тады ўспрымалі, як належнае, не патрабавалі нейкіх асаблівых умоў, проста ведалі, што трэба працаваць.
Са значнымі пераменамі ў жыцці Галіны Сямё­наўны звязаны 1965 год. Яна выйшла замуж за мясцовага хлопца Івана. Жыць маладая сям’я стала ў мужа на хутары, які быў у некалькіх кіламетрах ад Мельнікаў. Праз два гады ў маладых бацькоў з’явілася дачка Валянціна, за ёю сыны — Мікалай і Міхаіл. Нара­джэнне чацвёртага дзіцяці – хлопчыка Уладзіміра, у Галіны Сямёнаўны звязана з вельмі цяжкімі ўспамінамі. З’явіўся ён на свет хворым на цэрэбральны параліч. Паўтара года ўся сям’я змагалася за яго жыццё, але малому не наканавана было выжыць.
Пакуль дзеці былі малыя, Галіна Сямёнаўна працавала ў паляводстве. Праца была нялёгкай, даводзілася капаць бульбу на гектарнай плошчы, палоць буракі. Як толькі пад­расла крыху Валянціна, яна стала нянь­кай спачатку для Мі­ка­лая, затым для Мі­хаі­ла.
— На Божую волю дзяцей, можна сказаць, пакідалі, бо працаваць трэба было. Напэўна за тое, што стараліся, Бог і дапамагаў, іх ахоўваў.
Хоць, як успамінае Галіна Сямёнаўна, рознае здаралася. Дарога з хутара ў Мельнікі была няблізкая. Каб дабрацца ў школу, дзецям трэба было пераадольваць толькі ў адзін бок больш за чатыры кіламетры. Зімою, калі дарогу замяце, яны і са “снежных капканаў” не маглі выбрацца, ды і праз лес хадзіць баяліся. Каб увечары, вяртаючыся са школы, старэйшая з дзяцей,Валя, ішла смела, кемлівая маці, якая не магла надоўга пакінуць дома малодшых, выходзіла на вуліцу і час ад часу крычала ў бок сцежкі, па якой павінна была ісці дачка:
— Не бойся, я тут!
У хутарской цішы словы жанчыны разносіліся далёка па наваколлі, і Валя, пачуўшы голас матулі, смела ішла праз лес, думаючы, што маці недзе недалёка сустракае яе.
У 1979 годзе сям’я, нарэшце, перабралася ў свой дом, які пабудавалі Галіна і Іван, можна сказаць, сваімі рукамі. Больш за ўсё наваселлю ўзрадаваліся дзеці. На хутары ў старым доме па вечарах запальвалі газніцу, пры яе тусклым святле і рабілі дзеці школьныя ўрокі. А ў доме ў Мельніках было ўжо электрычнае асвятленне. Цёпла, прасторна, светла – чаму б не радавацца. Але тут сям’ю напаткала новая бяда: цяжка захварэў муж Галіны. Сем гадоў даводзілася змагацца з хваробай, якая ў рэшце рэшт прыкавала Івана да ложка. Галіна Сямёнаўна, каб мець больш часу даглядаць за мужам, папрасілася на цялятнік. Ранкам пабяжыць, пакорміць жывёлу, справіцца з усёй работай і хутчэй дамоў спяшаецца, каб пагля­дзець, як тут справы. Спачатку новая работа была непрывычнай, потым прызвычаілася, а праз некалькі гадоў і ўвогуле прыкіпела душою і да цялят, і да калектыву, у якім давялося працаваць. Затрымалася тут Галіна Сямёнаўна на доўгі час, нават на пенсіі некалькі гадоў на цялятніку працавала, потым перайшла ў паляводства.
Мінулай восенню, пас­ля таго, як чарговы раз трапіла ў бальніцу, працавітая пенсія­нерка ўсё ж вырашыла развітацца з работай у гаспадарцы. Але няўрымслівы характар не дае жанчыне сядзець на месцы. Усю восень правяла яна ў лесе, збіраючы грыбы. А ў гэтыя зімовыя дні жыве марамі пра вясну, каб, як пацяплее, хутчэй заняцца агародам, бо без працы на зямлі, без звычайных вясковых турбот жыцця яна не ўяўляе.
Сваю працавітасць, сваю любоў да маленькай радзімы перадала Галіна Сямёнаўна і ўсім сваім дзецям. Моцным магнітам стала для іх прыцяжэнне мельніцкай зямлі. Валянціна пасля школы пайшла вучыцца ў вучылішча лёгкай прамысловасці, але жыццё неяк само па сабе вынесла ёй вердыкт: вярнуцца ў вёску. Дзяўчыне не было яшчэ і 18 гадоў, як яна выйшла замуж, нарадзіла першынца Аляксандра. Калі малы крыху падрос, трэба было ўладкоўвацца працаваць. Доўга вагалася яна перад тым, як пайсці на ферму даяркай. Баялася, што нешта не атрымаецца. Але сястра мужа, якой удзяч­на Валянціна за свой першы вопыт, навучыла ўсім сакрэтам працы на ферме. І вось ужо 25 гадоў Валянціна Вягера сустракае світанкі па дарозе на ферму. Разам з мужам, якога не стала два гады назад, выгадавалі яны траіх дзяцей.
Браты Валянціны Мі­калай і Міхаіл Ківачукі таксама вырашылі застацца жыць у Мельніках. Мікалай больш за 20 гадоў працаваў трактарыстам, цяпер шчыруе на ферме жывёлаводам. Міхаіл таксама шмат гадоў правёў у кабіне трактара, цяпер рабочы ў брыгадзе. На ферму даяркай шмат гадоў назад, прыехаўшы з Гомеля, уладкавалася жонка Міхаіла — Таццяна. У Мельніках сям’я атрымала ад гаспадаркі новы добраўпарадкаваны дом.
Трэцяе пакаленне ды­настыі, пачатак якой ідзе ад Галіны Сямёнаўны, атрымаўшы ў спадчыну ад бабулі і бацькоў вясковую працавітую душу, таксама выбірае месцам сваёй працы сельскую гаспадарку. Сын Валянціны, Юрый, атрымаўшы спецыяльнасць газаэлектразваршчыка і трактарыста, яшчэ да службы ў арміі ўладкаваўся ў СВК “Хаціслаўскі”. Вярнуўся сюды і пасля вайсковай службы. Прафесію механізатара абралі і сыны Таццяны і Міхаіла – Дзмітрый і Аляксандр. Марыць стаць трактарыстам і сын Мікалая – васьмікласнік Саша. Вось так і перадаецца з пакалення ў пакаленне традыцыя працаваць на зямлі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Галіна Сямёнаўна Саўчук з дачкою Валянцінай і сынам Мікалаем.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.01.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


iwashka.com.ua/

Отбеливатели для белья купить

посмотреть topobzor.info