Каб грошы не трапілі ў рукі махляра

Кожны з нас практычна штодзённа карыстаецца пластыкавай карткай – гэта не толькі зручна, але і бяспечна. Захоўванне грошай на картцы дазваляе зберагчы іх і засцерагчы ад небяспекі сябе ў розных сітуацыях. У выпадку, калі картка згублена ці выкрадзена, пры першым жа звяртанні ў банк яна будзе заблакіравана, і грошы захаваюцца ў цэласці.
Аднак бываюць сітуацыі, калі картка не прапала, а грошы з яе зніклі. Як не стаць ахвярай махляроў, як самім не садзейнічаць такім крадзяжам? Яшчэ нядаўна самым распаўсюджаным спосабам крадзяжоў з карткі быў такі: няўважлівы кліент забываў картку ў банкамаце, а зламыснік спакойна знімаў з яе грошы. Цяпер банкі папярэдзілі такую магчымасць – у праграмнае забеспячэнне банкаматаў унесены пэўныя змяненні, у адпаведнасці з якімі кожная новая аперацыя па адной і той жа картцы патрабуе паўторнага ўводу пін-кода.
Кліенты часта праяўляюць промах, калі запісваюць пін-код на паперцы альбо на самой картцы. Калі такая картка трапляе ў рукі несумленных людзей, зразумела, грошы выкрадуць. Да 2010 года такіх выпадкаў было нямала. Людзям трэба быў пэўны час для адаптацыі да выкарыстання пластыкавых картак, неабходна было зразумець, што пін-код – гэта ўсё роўна як нумар асабовага рахунку ў банку і захоўваць яго трэба ў тайне. Радуе тое, што ў апошнія гады вырасла культура карыстання карткамі, кліенты сталі больш абачлівыя і клапоцяцца пра захаванасць сваіх сродкаў. Для таго, каб засцерагчы карыстальніка ад дапытлівых вачэй, банкаматы сталі агароджваць шчытамі і аснасцілі камерамі відэаназірання. Усе гэтыя меры садзейнічалі таму, што колькасць злачынстваў значна знізілася.
Ёсць выпадкі выкарыстання так званага скімера, устройства, што счытвае дадзеныя з карткі, а таксама “ліванскай пятлі”, якая блакіруе картапрыёмнік, і г.д. Разгледзім іх больш дэталёва.
Скімер – гэта ўстройства для перахвату дадзеных і асабістай інфармацыі пра картку з яе магнітнай стужкі. Упершыню выкарыстанне скімера было зафіксавана ў Англіі, пасля чаго інструкцыі эксплуатацыі і выкарыстання сталі вядомы ўсяму свету. Звычайна скімер уяўляе сабой устройства, якое накладваецца непасрэдна на картрыдар банкамата, куды вы ўстаўляеце сваю картку, пасля чаго ён счытвае дадзеныя карткі.
Схема, па якой зламыснікі завалодваюць грашыма грамадзян, вельмі знаёмая і дастаткова простая. Пасля атрымання грошай ці нейкай іншай аперацыі ля банкамата вы забіраеце сваю картку і адыходзіце. Адкуль жа вам ведаць, што на гэтым банкамаце ўстаноўлены скімер, а тая мілая дзяўчына, якая прыйшла на адну хвіліну пазней за вас, а значыць, заняла месца за вашай спіной, не падглядзела пін-код. Яго ж таксама рэальна даведацца пры дапамозе накладной клавіятуры ці выкарыстаўшы спецыяльны спрэй, які распыляецца на клавіятуру банкамата. Потым ужо глядзяць, які пін-код вы ўвялі.
“Ліванская пятля” ў большасці выпадкаў уяўляе сабой пластыкавы канверт, які не перавышае памераў звычайнай пластыкавай карткі. Прынцып дзеяння падобнага ўстройства дастаткова просты. З фотаплёнкі махляр робіць пятлю. Затым гэтае ўстройства ўстанаўліваецца ў карт­рыдар банкамата, а канцы “ліванскай пятлі” непрыкметна замацоўваюцца звонку. Пасля таго, як чалавек уставіў сваю пластыкавую картку ў картрыдар, ён, магчыма, і зняў некаторую суму, але пасля завяршэння працэдуры банкамат картку не аддаў, бо картцы не дае выйсці ўстаўленая “ліванская пятля”. Звычайна якраз у гэты момант з’яўляецца “добразычліўца”, які прапаноўвае сваю дапамогу, матывуючы гэта тым, што ў яго такое здаралася ўжо. Даючы парады, размаўляючы, махляр пераканае вас увесці пін-код, бо гэта “адзіны спосаб забраць картку з банкамата”. Пасля некалькіх няўдалых спроб дастаць картку з банкамата махляр можа толькі паціснуць плячыма і сказаць, што варта звярнуцца ў аддзяленне банка, якое абслугоўвае гэты банкамат, і там забраць сваю картку. А махляр тым часам, ведаючы ваш пін-код і трымаючы ў руках вашу пластыкавую картку, проста здыме з яе грошы і пойдзе.
Любы банк зацікаўлены ў папярэджанні падобных злачынстваў і захаванасці сродкаў сваіх кліентаў, таму барацьба з крадзяжамі грошай з карт-рахункаў вядзецца сумесна з праваахоўнымі органамі.
Цяпер рашэннем кіраўніка Нацбанка РБ створана спецыяльная экспертная група, якая займаецца рэалізацыяй прафілактычных мер па папярэджанню фактаў крадзяжоў сродкаў з карт-рахункаў грамадзян, а таксама выкарыстання падробных картак. У сетцы інтэрнэт створаны спецыяльны форум, дзе праводзіцца актыўны абмен інфармацыяй паміж трымальнікамі картак, вядзецца зваротная сувязь са спецыялістамі банкаў. Таму з падобнымі злачынствамі вядзецца актыўная барацьба. Кожны трымальнік банкаўскай карткі, каб не стаць ахвярай махляроў, павінен быць уважлівым, тэхнічна і юрыдычна адукаваным. Хочацца даць некалькі рэкамендацый.
Кожны раз аглядайце банкамат на прадмет падазроных рэчаў і камер, звяртайце ўвагу на нязвыклы знешне выгляд банкамата і непаладкі ў яго рабоце. Старайцеся карыстацца адным і тым жа банкаматам. Ні ў якім разе не наносьце пін-код на картку. Уводзячы пін-код, сачыце за тым, каб побач нікога не было, можна прыкрыць набор сумкай ці іншым прадметам. Наносьце пін-код некалькімі пальцамі – так злачынцу больш складана разглядзець лічбы кода. Калі ўзніклі любыя праблемы ў час карыстання банкаматам, адразу звяртайцеся ў банк для блакіроўкі карткі. Асабліва важна ведаць і такое: калі звяртаецеся ў службу тэхнічнай падтрымкі па тэлефонах, ні ў якім разе не паведамляйце пін-код, супрацоўнікі банка не маюць права пытацца пра яго. Падключыце ў сваім сервісе паслугу хуткага SMS-апавяшчэння аб спісанні сродкаў. Добрым памочнікам могуць стаць SMS-, М- і інтэрнэт-банкінг. Не пакідайце картку без нагляду, абыходзьцеся з ёю беражліва, як і з наяўнымі грашыма.
Ігар РОДЗІН, вядучы спецыяліст
аддзела рознічнага бізнесу ЦБУ №120 ААТ “ААБ Беларусбанк”.
НА ЗДЫМКУ: Ігар РОДЗІН.
Фота Ніны СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 23.01.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!