ДАПАМАГАЦЬ — ЗАДАЧА ШМАТГРАННАЯ

Ужо сам той факт, што размова на выніковай нарадзе ў калектыве ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама закранала шмат накірункаў дзейнасці, — ад кантролю за выкананнем працоўнага заканадаўства ў пытаннях аховы і аплаты працы, садзейнічання занятасці насельніцтва, налічэння пенсій і дапамог, матэрыяльнай падтрымкі малазабяспечаных катэгорый жыхароў раёна, да сацыяльна-бытавога абслугоўвання састарэлых адзінокіх людзей, рэабілітацыі інвалідаў і многіх іншых пытанняў, — яскрава сведчыў, што работа службы сацыяльнай абароны вельмі шматгранная, адказная і патрэбная людзям.
Грунтоўны аналіз поспехаў і праблем года мінулага зрабіла ў сваім справаздачным дакладзе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк.
Адно з тых пытанняў, што знаходзяцца пад пастаяннай увагай упраўлення, як адзначалася ў выступленні, — аплата працы. Спецыялісты сектара па працы ўпраўлення кантралявалі выкананне прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна прагнозных паказчыкаў па павелічэнні заработнай платы, забеспячэнне яе своечасовай выплаты, захаванне мінімальных гарантый аплаты працы. Прагнозныя паказчыкі па росту заработнай платы работнікаў галіны эканомікі за 2012 год былі выкананы на 110,6%. Тэмп росту рэальнай заработнай платы склаў 119,9%. Сярэднямесячная заработная плата за снежань склала 3 мільёны 344 тысячы рублёў, пры прагнозе 2 мільёны 940 тысяч рублёў. Заданне было выканана на 113,7%. На працягу года прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна не была дапушчана запазычанасць па выплаце заработнай платы.
Другое важнае пытанне, на якім была засяроджана ўвага начальніка ўпраўлення, – ахова працы. Прыемны той факт, што раён заняў летась першае месца ў вобласці па інфармацыйным забеспячэнні пытанняў аховы працы. Сістэмная работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму, правядзенне рэйдаў, своечасовае выяўленне парушэнняў дало свае вынікі.
Немалая работа праводзілася ўпраўленнем па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Пад пастаяннай увагай спецыялістаў аддзела занятасці ўпраўлення, як адзначалася ў справаздачы, знаходзіліся пытанні стварэння новых працоўных месцаў, працаўладкавання беспрацоўных, падтрымкі прадпрымальніцкай ініцыятывы.
— Сітуацыя на рынку працы,- падкрэсліла Наталля Панасюк, — у цэлым стабільная. Рынак працы цяпер арыентаваны на рабочыя прафесіі.
569 грамадзян звярнуліся летась за дапамогай у працаўладкаванні, 432 – працаўладкаваны. Створана 217 працоўных месцаў, 70 з іх – на прадпрыемстве “КварцМелПрам”. 15 беспрацоўных атрымалі бязвыплатныя субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Узровень беспрацоўя на 1 сту­дзеня 2013 года склаў 0,5% і застаецца стабільна нізкім.
На ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама знаходзіцца 7723 атрымальнікі пенсій і дапамог. Расходы на выплату пенсій і дапамог за мінулы год склалі больш за 117 мільярдаў рублёў. Летась новыя пенсіі былі назначаны 399 жыхарам раёна, з іх 284 – па ўзросту, праведзена 207 пераразлікаў пенсій.
1439 жыхароў раёна, звярнуўшы­ся ва ўпраўленне па працы, атрымалі дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, грашовая дапамога на аздараўленне выплачана 69 ветэранам вайны, матэрыяльную падтрымку атрымалі 211 малазабяспечаных пенсіянераў.
Падрабязна аб рабоце сваіх падраздзяленняў расказалі загадчыца сектара па працы Антаніна Лапіч, начальнік аддзела занятасці Любоў Барадзіна, начальнік аддзела пенсій і дапамог Людміла Вітрук, загадчыца сектара адраснай сацыяльнай дапамогі Наталля Іолап.
Справаздача работы тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пачалася з выступлення кіраўніка арганізацыі Мікалая Мішчанкі.
Амаль у кожным з 77 населеных пунктаў раёна, як адзначыў ён, пабывалі летась работнікі тэрытарыяльнага Цэнтра. Абследаваны былі ўмовы жыцця 2904 адзінокіх жыхароў раёна, праведзена 106 культурна-масавых мерапрыемстваў,58 сацыяльных работнікаў аказалі за год 293 тысячы паслуг, 790 з іх – разавыя платныя паслугі. А ўсяго ў тэрытарыяльны Цэнтр па розных пытаннях звярнулася больш за 7600 чалавек, амаль 400 жыхароў раёна былі ахоплены трэнінгамі і кансультацыямі псі­холага. Распра­цаваў­шы заяўку на конкурс, Цэнтр атрымаў грант на рэалізацыю міжнароднага праекта.
Аб тым, якая работа папярэднічала гэтым лічбам і фактам, падрабязна расказалі загадчыкі аддзяленняў: тэрміновай сацыяльнай дапамогі — Вольга Антонава,пярвічнай інфармацыі, аналізу і прагназавання — Алена Ківачук, сацыяльнай дапамогі дома — Людміла Алесік, адаптацыі і рэабілітацыі — Галіна Селех, дзённага знаходжання для інвалідаў — Вольга Толсцікава.
Важныя моманты цеснага супрацоўніцтва сацыяльных работнікаў і работнікаў пажарна-выратавальнай службы ў прафілактыцы пажараў акрэсліў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Дубач.
Прыемнай старонкай выніковай нарады стала ўшаноўванне лепшых работнікаў сацыяльнай службы раёна. За старанныя адносіны да сваёй справы, адданасць прафесіі Граматы Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама атрымалі галоўны спецыяліст упраўлення Ніна Кузьміч і сацыяльны работнік Вера Самасюк, Граматамі райвыканкама былі ўзнагароджаны галоўны бухгалтар упраўлення Ірына Крэнь і загадчыца аддзялення сацыяльнага абслугоўвання дома Людміла Алесік, Граматы тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва былі ўручаны сацыяльным работнікам Марыі Сівоха, Любові Аўдзіюк і Таццяне Пугач, Пісьмо падзякі – сацыяльнаму работніку Любові Братчук.
У рабоце выніковай нарады прынялі ўдзел галоўны спецыяліст Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Ганна Паднюк і намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час выніковай нарады.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 30.01.2013 г. 

Добавить комментарий


steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!