Пытанняў дадала зіма

Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сарока правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна. Ніжэй – рэпартаж з яе.
Валянціна Мікалаеўна Ляўчук, г. Маларыта, вул. Юбілейная, 1А:
— Віктар Раманавіч, у нашым раёне, а гэта Лазкі, жыве шмат пенсіянераў. Дабірацца ў паліклініку, да якой 4 кіламетры, вельмі праблематычна стала. Ці нельга зрабіць так, каб гарадскі аўтобус хаця б у абедзенны час заходзіў на Лазкі?
— Ваша пытанне трэба вывучыць дэталёва, бо праблемы з аўтобуснымі маршрутамі застаюцца яшчэ адкрытымі. Вывучым і паведамім Вам.

Вера Васільеўна Наўрасюк, г. Маларыта, вул. Зялёная, 4:
— З в. Макраны, а там жыве мая старэнькая маці, і мы з сястрой часта ездзім туды, у нядзелю, у панядзелак няма на чым выехаць. Ні аўтобус, ні маршрутныя таксі не ходзяць. Ці будзе неяк вырашацца транспартнае пытанне?
— Адназначна адказаць не магу. Праблема вельмі напружаная. Аўтамабільныя перавозкі пасажыраў стратныя. За мінулы год яшчэ непагашанымі засталіся 200 мільёнаў. Сёлета на кампенсацыю страт нашаму раёну выдзелена амаль у 2 разы менш грошай, чым летась. Мы падрыхтавалі пісьмо ў аблвыканкам з просьбай хоць крыху закрыць гэтую праблему. Будзем чакаць адказ і прымаць нейкія меры.

Вольга Пятроўна Сахарчук, г. Маларыта:
— Чаму не пасыпаюць дарогі ў горадзе, асабліва перакрыжаванні вуліц, у прыватнасці, ля школ, што стварае небяспеку ў першую чаргу для дзяцей? І людзям слізка, і машынам, якія не могуць прытармазіць нармальна…
Віктар Раманавіч звязаўся па тэлефоне са спецыялістамі камунальнай гаспадаркі і строга папярэдзіў, што калі не будзе наведзены парадак у гэтым пытанні, да іх будуць прымацца меры пакарання.

Тамара Фёдараўна Дзікавіцкая, вул. Алесіка, 56:
— Віктар Раманавіч, пытанне жыхароў нашага дома наконт ліўнеадводу да канца не вырашана, хаця мы атрымалі адказ, што работы выкананы?
— Наколькі я ведаю, там замянілі трубы і ваду адвялі: скаргу закрылі.
— Аднак праблема ёсць яшчэ…
— Вясной пракантралюем: калі ліўнеадвод спраўляцца не будзе, прымем дадатковыя меры.

Святлана Анатольеўна Малайчук, в. Замшаны, вул. Партызанская, 8:
— Віктар Раманавіч, нашу вуліцу ад снегу не чысцяць. Да аўтобусных прыпынкаў нельга дабрацца, столькі снегу намяло…
— Мабыць, чарга да вас яшчэ не дайшла. Тэхнікі на расчыстках працуе шмат, але з-за такіх снегападаў яе не хапае. Не хвалюйцеся, Святлана Анатольеўна, да канца дня і вашу вуліцу расчысцяць.
Віктар Раманавіч звязаўся з галоўным інжынерам ДРБУ-179, які запэўніў, што вуліца Партызанская ў другой палове дня будзе ачышчана ад снегу.

Таццяна Сцяпанаўна Бурштын, в. Ляхаўцы, мнага­дзетная маці:
— Ці праўда, што ў гэтым годзе адмяняецца дзіцячая дапамога на дзіцяці пасля трох гадоў?
— Згодна з новым законам, дзіцячыя дапамогі пасля трохгадовага ўзросту будуць назначацца толькі асобным катэгорыям сямей, а менавіта, калі ў сям’і выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў; калі выхоўваецца дзіця да 18 гадоў, інфіцыраванае вірусам імунадэфіцыту чалавека; калі бацька з’яўляецца ваеннаслужачым, які праходзіць тэрміновую ваенную службу; калі абодва бацькі ці адзін у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі І, ІІ груп. Астатнім сем’ям такая дапамога назначацца не будзе.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Віктар САРОКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 30.01.2013 г. 

Добавить комментарий


best-mining.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!