Сабака: сябар ці вораг наш?

Бяздомныя жывёліны… Калі пра гэта гавораць, то найперш маюць на ўвазе сабак і катоў, у якіх няма гаспадароў. Такія жывёліны жывуць і ў населеных пунктах, і па-за імі. Таму так ці інакш яны ўзаемадзейнічаюць з чалавекам. Бяздомныя жывёліны часта ствараюць праблему ў грамадстве. Яны могуць пакусаць, з’яўляюцца пераносчыкамі розных інфекцый, хвароб. Ёсць такі выраз: іх пакараць нельга памілаваць. Не першы год уздымаецца пытанне, дзе правільна паставіць коску ў гэтай класічнай дылеме, якая мае дачыненне да бадзяжных сабак і катоў. Што думаюць маларытчане на гэты конт?
Людміла Сезік:
— Пераканана, што бяздомных жывёлін наогул не павінна быць. Ім таксама патрэбны гаспадар і ахова. Чалавек сам жа стварае спрыяльныя ўмовы для існавання бадзяжных жывёлін. Спадабаўся, напрыклад, сабака – узялі дадому, надакучыў – выкінулі.Дык ці вінавата жывёліна ў тым, што яна стала бяздомнай па віне чалавека? З уласнага вопыту ведаю, што так вельмі часта бывае. Можна прывесці дастаткова прыкладаў. Нікому не патрэбныя жывёліны выжываюць, размнажаюцца, бо ў горадзе ёсць месцы, дзе яны могуць самі добра карміцца. Найперш – гэта кантэйнеры для смецця. Разам з іншым там ёсць многа сапсаваных прадуктаў. Таму і ўзнікае рытарычнае пытанне: ці трэба прыгаворваць сабаку ці ката да вышэйшай меры пакарання? Няўжо яны вінаваты толькі ў тым, што жывуць самі па сабе?

Вольга Кацёл:
— Бяздомных жывёлін ёсць многа. Аднак, на маю думку, практыка адлову і знішчэння бадзяжных сабак і катоў – гэта барацьба з вынікамі, а не з прычынай. Яна чымсьці нагадвае барацьбу з пустазеллем, калі мы не вырываем карэння. Праблему рэгулявання колькасці нічыйных сабак і катоў на вуліцах населеных пунктаў простым падыходам – злавіць і знішчыць – не вырашыць. Трэба, каб былі іншыя меры, больш гуманныя. Людзі, ёсць яны нават сярод маіх знаёмых, якія моцна фізічна траўміруюцца і псіхалагічна перажываюць ад убачанага адлову жывёлін. Акрамя таго, часта дзеці наглядна бачаць жорсткія адносіны да сяброў нашых меншых. Не думаю, што ў кожнага сабакі павінна абавязкова быць сабачая смерць.

Тамара Арышчук:
— Да любой жывой істоты адношуся з павагай, а да бяздомнай – асабліва. Таму часта падкормліваю такіх жывёлін. Нічыйныя сабакі і каты павінны жыць: у прытулках, гадавальніках для жывёлы ці яшчэ ў якіх-небудзь месцах. Можа, камусьці з іх пашанцуе знайсці там гаспадара. Да таго ж сабак і катоў можна стэрылізаваць. Таму я супраць радыкальных мер.Усыпіць ніколі не позна. Станоўчыя зрухі ў вырашэнні пытання бяздомных жывёлін павінен даць і адпаведны ўказ ці закон. Але за кароткі тэрмін ён таксама гэтую праблему не вырашыць… Нельга адразу прымусіць ці навязаць любіць жывёліну. Такое ў чалавеку трэба закладваць з маленства. Усё жывое неабходна любіць. Для гэтага трэба, каб былі прыклады дарослых.

Данута Троц:
— Я працую на кухні ў дзіцячым садку, таму з дому выходжу на пачатку восьмай гадзіны. Ранкам, калі яшчэ на вуліцы цёмна, на Лазках бегае многа нічыйных сабак. Яны збіраюцца зграямі, ідуць следам, брэшуць. Адагнаць ад сябе сабак практычна немагчыма. На голас не рэагуюць. Кожная такая сустрэча для мяне, калі на вуліцы няма нікога побач, — чарговае перажыванне, нерваванне, своеасаблівы стрэс. Бяздомныя сабакі павінны адсутнічаць. Чалавек, безумоўна, трэба, каб быў міласэрным, спагадлівым, шчырым і ў адносінах да жывёлін. Але ў гэтым пытанні гуманізм трэба, каб меў усё ж такі свае акрэсленыя і празрыстыя межы. Людзі самі робяць сабак бяздомнымі, а потым гавораць пра нейкі гуманізм у адносінах да іх. Па іх віне сабака становіцца не сябрам, а ворагам для чалавека.
Што рабіць з бяздомнымі сабакамі? Такое пытанне я задаваў сустрэчным на вуліцах горада. Практычна ўсе выказалі думку, што бяздомных сабак не павінна быць наогул на вуліцах населеных пунктаў. 30% апытаных упэўнены, што такіх жывёл лепш змясціць у прытулак, 45% — знішчыць, 20% — стэрылізаваць, 5% — знішчыць толькі хворых на шаленства ці іншыя захворванні.

На Маларытчыне бяздомнымі жывёлінамі займаецца жыллёва-камунальная гаспадарка. Таму за каментарыем карэспандэнт газеты звярнуўся да Міхаіла Саўчука, намесніка дырэктара.
— Мы нібы знахо­дзімся паміж двух агнёў, — кажа Міхаіл Дзянісавіч. — Усыпіць нічыйную жывёліну, кажуць, дрэнна, пакінуць жыць – таксама ўзнікае небяспека, у першую чаргу — для чалавека. Закона аб абароне жывёлін ад жорсткіх адносін пакуль няма. Гэтае пытанне рэгулюе “Палажэнне аб дзейнасці прадпрыемстваў па адлову, адстрэлу, утрыманню і аўтаназіі бяздомных жывёлін у РБ”. У ім якраз і вызначана, што і як неабходна рабіць. Функцыя брыгады, якая існуе пры ЖКГ, – адлавіць і прыняць адпаведныя меры. Бадзяжныя жывёліны – кампетэнцыя не толькі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Сусветная практыка сведчыць, што гэтую праблему эфектыўна могуць вырашыць сумесна ветэрынарныя і прыродаахоўныя арганізацыі пры абавязковым удзеле мясцовай улады.
— Міхаіл Дзянісавіч, колькі зваротаў паступіла за 2012г. па гэтай праблеме?
— За мінулы год у нас афіцыйна зарэгістравана 11 зваротаў, якія паступілі ад прыватных і юрыдычных асоб раёна. Разам з тым адлоўлена 45 сабак.
— І што вы з імі робіце? Адстрэльваеце?
— Не. Апошні адстрэл з паляўнічага ружжа праводзіўся восенню 2007г. Гэта, між іншым, абавязкова рабілася ў прысутнасці супрацоўніка міліцыі. Аднак згодна з рашэннем райвыканкама ў выключных выпадках гэта рабіць мы можам, загадзя папярэдзіўшы мясцовае насельніцтва, і толькі ў ранішні ці вячэрні час. З 2008г. выкарыстоўвалі для ўсыплення прэпарат “Дытылін–В”. З восені 2012г. ён таксама забаронены.
— Хто займаўся адловам бадзяжных сабак?
— У штаце ёсць брыгада з 4 чалавек. Пасля паступлення заяўкі і яе рэгістрацыі яна выязджала па ўказаным адрасе заяўніка. Спецыяліст страляў з пнеўматычнага пісталета, адкуль вылятала іголка з “Дытылінам-В”. Пасля ўсыплення, сабаку абавязкова забіралі і адвозілі на аб’ект пахавання. Прытулку для бяздомных сабак, якія адлоўлены, у Маларыце няма. А нават калі б ён і быў, то на яго ўтрыманне затрачваліся б немалыя грашовыя сродкі.
— Міхаіл Дзянісавіч, на працягу якога часу брыгада выязджала на месца па заяўцы?
— Нарматываў няма. Аднак імкнуліся хутка рэагаваць на выклік пасля рэгістрацыі заяўкі. На сённяшні дзень, па нашых звестках, найбольш бадзяжных сабак знаходзіцца ў мікрараёнах Лазкі і ДАСы.
— Ці любы сабака без павадка – бяздомны? Напэўна, існуюць нейкія крытэрыі для іх адлову з наступнай аўтаназіяй?
— Галоўнае ў тым, каб кожны сабака ў адпаведнасці з “Правіламі ўтрымання сабак і катоў у населеных пунктах РБ” быў з ашыйнікам на вуліцах. Такую жывёліну наша брыгада чапаць не будзе. Здараецца і такое, што гаспадар спецыяльна выпускае сабаку пабегаць на некаторы час. Гэта таксама бярэцца пад увагу. Але неабходна памятаць, што безнаглядныя жывёліны, якія знаходзяцца на вуліцах населеных пунктаў без уладальніка, падлягаюць адлову і ўсыпленню.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 30.01.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.