З «Забавай» па жыцці

У пошуках эстраднай студыі “Забава”, а дакладней яе кіраўніка Аляксандра Барысюка, па калідоры гарадскога Дома культуры ішлі, можна сказаць, на гукі музыкі. Яна і прывяла нас туды, дзе Аляксандр працаваў над новым рэпертуарам для свайго дзіцячага калектыву, які не так даўно зноў пацвердзіў званне ўзорнага.
Аляксандру, як, жартуючы, заўважае ён, проста наканавана было спяваць. Яго радня (бацькі родам з Украіны), уся была галасістая. Бабулю, татаву маці, клікалі ў вёсцы на ўсе вяселлі, бо спявала яна сваім чароўным голасам так, што толькі слухай. Музыкамі і спевакамі былі і сваякі па матчынай лініі. З малых гадоў спяваў старэйшы брат, Анатоль. На яго раўняўся і сам Аляксандр.
— Мне здаецца, колькі я жыву, столькі спяваю, — гаворыць ён.
І ўспамінае, як, гуляючы ў двары, мог гадзінамі выконваць песню за песняй, і такі занятак яму не надакучваў. А потым, ужо ў школьныя гады, выступаў на сцэне, разам з хлопцамі арганізоўваў ансамбль. Не стаў выключэннем нават час службы ў арміі, бо юнака адразу накіравалі ў вайсковы клуб, дзе ён хутка ўліўся ў вакальна-інструментальны ансамбль “Арсенал”.
Захапіўшыся музыкай, школьнік Аляксандр запісаўся ў музычную школу. Ён ахвотна вучыўся іграць на баяне, але, праўда, толькі да таго часу, пакуль яго сябры не вырашылі больш не наведваць музычную школу. Паглядзеўшы на іх, захацелася мець больш вольнага часу і Аляксандру. Але, даведаўшыся пра думкі хлопца, забілі трывогу і настаўнікі, якія бачылі ў Аляксандра музычны талент, і бацькі. Агульныя перакананні дапамаглі. А калі ў школе былі зда­дзены выпускныя экзамены, юнак ужо ведаў, што хоча звязаць сваё жыццё са сцэнай. Экзамены ў Гродзенскае вучылішча мастацтваў здаў паспяхова. Выкладчыкі адразу заўважылі здольнага хлопца. Вучоба, як лічыць Аляксандр, стала цудоўнай базай для будучай работы. А працаваць Аляксандра накіравалі ў Камянец. Але малады чалавек у той час для сябе ўжо вырашыў, што вернецца ў свой раён, на Маларытчыну. Менавіта тут чакала яго каханая, якая ў хуткім часе стала яго другой палавінкай. Знайшлося і месца для рэалізацыі творчага таленту – гарадскі Дом культуры, куды прыйшоў ён працаваць хормайстрам і акампаніятарам студыі “Забава”. За два гады Аляксандру Барысюку ў тандэме з Наталляй Караткевіч, якая ў той час была кіраўніком студыі “Забава”, удалося падняць студыю на высокі ўзровень і заваяваць для яе званне ўзорнай, якое па­цвярджае дзіцячы калектыў кожныя тры гады ўжо на працягу дзесяцігоддзя. Шмат гадоў кіруе “Забавай” сам Аляксандр Барысюк, штогод адкрываючы ўсё новыя эстрадныя зорачкі. Многія яго вучні, якім даваў ён азы вакальнага майстэрства, сёння выпускнікі і навучэнцы музычных каледжаў. А ім на змену прыйшлі новыя юныя таленты. Іх у студыі – 17. І для кожнага Аляксандр падбірае свой песенны рэпертуар. А калі выходзяць яны на сцэну, хвалюецца разам са сваімі маленькімі эстраднымі зорачкамі, стараецца падтрымаць іх. І шчыра радуецца поспеху кожнага, бо лепшага прызначэння для свайго таленту, чым рэалізоўваць сябе ў дзецях, проста не бачыць.
І не бывае, напэўна, у горадзе канцэрта, калі б на сцэну не выходзіў сам Аляксандр.
— Узнікае жаданне зноў і зноў адчуць тое хваляванне, якое дае сцэна, і, адначасова, тое пачуццё радасці, якое атрымліваеш ад апладысментаў залы, — заўважае ён.
— Няўжо за дзесяцігоддзі, праведзеныя на сцэне, так і не атрымалася пазбавіцца ад пачуцця хвалявання? – цікаўлюся ў свайго субяседніка.
— Не, не атрымалася. Выхад на сцэну – гэта адказнасць перад гледачом, бо песню трэба не проста праспяваць, а перадаць яе вобраз. Здаецца, перад выступленнем ты спакойны, а выходзіш на сцэну, і сэрца пачынае моцна біцца. Праўда, за многія гады навучыўся ўжо сваё хваляванне хаваць ад гледача.
А вось спяваць пад “плюсоўку” – калі гучыць пад музыку твой голас і дастаткова толькі рабіць выгляд, што спяваеш, як прызнаецца Аляксандр, ён так і не навучыўся. Ды і ўвогуле да выступленняў пад фанаграму ставіцца адмоўна. З такім сучасным музычным абсталяваннем, якое набыта ў ГДК, лічыць ён, не спяваць “ужывую” проста сорамна. Ды і калі ў цябе ёсць талент, ёсць голас, які кранае душу, чаму б не паказаць яго?
Сярод эстрадных зорачак “Забавы” і дзеці Аляксандра – Аляксей і Сафія. Яны, як і тата, спяваюць з самага маленства. Для Сафіі ўвогуле не спяваць на сцэне – самае вялікае пакаранне. Музычны талент ім перадаўся ў спадчыну. І гэтаму Аляксандр вельмі рады.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Барысюк.

Опубликовано в «ГЧ» 30.01.2013 г. 

Добавить комментарий


www.ukrterminal.kiev.ua

http://etalon.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!