Шэдэўры з паперы

Упершыню ўбачыў­шы фігурку, зробленую з маленькіх папяровых трохвугольнічкаў, Саша Бошаль вельмі зацікавіўся. Паспрабаваў зрабіць нешта падобнае сам, але ў хлопчыка нічога не атрымалася. Заўважыўшы цікавасць сына, яго маці — Наталля, якую ў вёсцы Мельнікі ўсе ведаюць як творчага чалавека і выдатную ўмеліцу, выпісала па пошце кнігу “Арыгамі для ўсёй сям’і”. Гэтага падручніка юнаму майстру хапіла роўна на дзень. Саша так зацікавіўся кнігай і захапіўся майстэрствам модульнага арыгамі, што за некалькі гадзін зрабіў усе прапануемыя ў кнізе фігуркі. Каб не згасла захапленне, трэба было шукаць новыя схемы. У гэтым дапамагла неабсяжная прастора інтэрнэту. Менавіта дзякуючы інфармацыі з розных сайтаў, на якіх сваімі майстар-класамі дзяліліся ўмельцы арыгамі, за некалькі месяцаў у доме з’явіліся прыгожыя, з выгляду быццам карункавыя, ваза з цюльпанамі, цар-лебедзь, дракон і шмат іншых прыгожых сувеніраў.
Самай цяжкай, як успамінае Саша, была першая работа. Узяўся ён змайстраваць лебедзя, прычым не са звычайнай паперы, а са шпалер. Кавалачкі шпалер не слухаліся, не прымалі патрэбную форму, але ўпартасць, настойлівасць, жаданне давесці пачатае да канца, дапамаглі Аляксандру завяршыць фігурку. А потым арыгамі ўвогуле стала справай сямейнай. Бабуля, дзядуля, тата і мама складаюць маленькія папяровыя модулі, а Саша збірае з іх розныя прыгожыя рэчы. З кожным новым вырабам шліфуецца майстэрства, дабаўляюцца новыя колеры паперы, ускладняюцца самі фігуры.
Завяршыўшы адну работу, юны майстар ужо думае над наступнай. Сёлета, у год Змяі, хоча ён зрабіць сувенір, які будзе адпавядаць сімвалу года. А там, упэўнены Саша, яшчэ што-небудзь цікавае знойдзецца. Цяпер хлопчыку не трэба думаць, што падарыць на свята сябрам ці родным. Кожнаму прыемна атрымаць прыгожы сувенір.
— А твае аднакласнікі не просяць навучыць іх модульнаму арыгамі? – цікаўлюся ў юнага майстра.
— Не, на гэта шмат часу патрэбна, таму не кожны хоча майстраваць. Просяць не навучыць, а зрабіць што-небудзь прыгожае для іх.
Саша часу для свайго захаплення не шкадуе. Яму гэта цікава. Ды і для таго, каб майстраваць, зусім не абавязкова ахвяраваць іншымі захапленнямі. Можна адначасова глядзець кіно, слухаць музыку ці размаўляць з сябрамі. Галоўнае, каб зацікаўленасць была і цярплівасць завяршыць пачатую справу.
Між іншым, акрамя ары­гамі ў хлопчыка ёсць нямала іншых захапленняў. Яшчэ зусім маленькім ад бабулі навучыўся ён вышываць. У доме шмат прыгожых рэчаў, вышытых рукамі хлопчыка. А яшчэ яму вельмі падабаецца праектаваць. Не вывучаючы яшчэ такога прадмета, як чарчэнне, Саша ўмела робіць любы чарцёж. Спачатку ён працуе над праектам, а затым, разам з татам рэалізоўвае малюнкі на паперы ў канкрэтныя “аб’екты”. Так па праекту Сашы быў зроблены “камфортны” дом для сабакі, упрыгожаны ганак. У хлопчыка ёсць мара – стаць дызайнерам. Сур’ёзны, разважлівы і мэтанакіраваны, Аляксандр спадзяецца, што яна абавязкова здзейсніцца. І хто ведае, магчыма, мы яшчэ не раз пачуем яго прозвішча і наведаем будынкі, дзе будуць рэалізаваны яго крэатыўныя праекты.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр БОШАЛЬ.

Опубликовано в «ГЧ» 30.01.2013 г. 

Добавить комментарий


https://medicaments-24.com

steroid-pharm.com/cabergoline.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!