Кіраўнік не павінен саромецца вучыцца

Згодна з загадам Міністра ўнутраных спраў нашай рэспублікі ад 25 студзеня г.г. на пасаду начальніка райаддзела міліцыі назначаны Віталь Іванавіч Ганчарук
Анкета “ГЧ”
Прафесійны багаж.
Віталь Іванавіч нарадзіўся ў Брэсце. У 2001 годзе закончыў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Займаў пасаду ўчастковага інспектара ў Брэсцкім райаддзеле ўнутраных спраў, затым – намесніка начальніка гэтага ж аддзела, адкуль і быў пераведзены на службу ў Маларыцкі РАУС.
Асноўныя якасці любога кіраўніка:
— Патрабавальнасць да самога сябе, а не толькі да падначаленых, самакрытычнасць, шчырасць, камунікабельнасць, чалавечнасць.
Любы кіраўнік не павінен саромецца вучыцца.
Думкі пасля першага дня службы:
— Раён прыгранічны, райаддзел малалікі, гэта стварае пэўныя цяжкасці. Але многія з праблем, якія існуюць, не новыя. Яны характэрныя не толькі для Маларыцкага райаддзела, але і ў цэлым для работнікаў міліцыі.
Скажам, не ўдаецца пакуль вырашыць задачу, сутнасць якой у наступным. Прыцягваючы грамадзяніна да адказнасці, мы не ўмеем зрабіць гэта так, каб ён зразумеў, што ўчыненае ім супрацьпраўнае дзеянне – гэта сапраўды дрэнна, што ад такіх дзеянняў пацярпелі ці церпяць іншыя.
Нельга апускаць рукі і ў рабоце па прафілактыцы распаў­сюджвання п’янства і алкагалізму. Але і тут мы павінны памятаць, што нават самы заўзяты алкаголік таксама чалавек, што і яму, як і кожнаму з нас у цяжкія хвіліны, патрэбна дапамога. У нашай дзяржаве прапаноўваюцца хворым на алкагалізм многія варыянты лячэння, у тым ліку і ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, але, на вялікі жаль, многія разумеюць накіраванне ў ЛПП як пакаранне, ізаляцыю ад грамадства. А гэта зусім не так. Лячэнне ў ЛПП — шанц кожнаму з алкаголікаў і п’яніц змяніць самога сябе, свае адносіны да ладу жыцця. Асноўны метад лячэння ў ЛПП – працатэрапія. А калі чалавек заняты канкрэтнай справай, ён менш думае пра тое, што “баліць”.
У нас ёсць унікальныя магчымасці, у тым ліку і сродкі масавай інфармацыі, каб адкрыта гаварыць з людзьмі, даводзіць да іх ведама любую інфармацыю. Таму хочацца наладзіць цеснае супрацоўніцтва з раённай газетай і раённым радыё, выкарыстоўваць сайт газеты, бо свайго пакуль у нас няма, з мэтай фарміраваць у грамадзян негатыўныя адносіны да супрацьпраўных дзеянняў іншых.
***
Віталю Іванавічу 33 гады. Жанаты, мае сына і дачку. Службовае званне – маёр.
У якасці адступлення:
На рабочым стале ў Віталя Іванавіча ўбачыла некалькі кніг. Адна з іх “Працуй менш, паспявай больш” Г. Глісана, дзе даюцца асновы тайм-менеджменту, парады, як спланаваць свой асабісты час, рацыянальна размеркаваць працоўны дзень. Другая – “Курс практычнай псіхалогіі ці як навучыцца працаваць і дабівацца поспеху”. А значыць, Віталь Іванавіч сапраўды хоча навучыцца быць кіраўніком.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік райаддзела ўнутраных спраў Віталь ГАНЧАРУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 2.02.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://gas-energy.com.ua

www.medicaments-24.com

www.progressive.ua