Жыві доўга, дарагая бабуля!

Марыя Фёдараўна Маркава нарадзілася ў невялікай вёсцы Дубічна, што непадалёку ад чыгуначнай станцыі “Пажэжын” і дубровы, дзе расце вядомы на ўсю Беларусь цар-дуб.
З ранняга дзяцінства яна спазнала нялёгкія сельскія турботы, працу на зямлі. Сям’я вызначалася вялікай працавітасцю. Не абышлося і без маральных траўм і душэўных перажыванняў. У 1940 годзе ўсю сям’ю як сям’ю лесніка і заможную вывезлі ў Іркуцкую вобласць. Цяпер усе члены сям’і рэабілітаваны. Усяго нацярпеліся: і голаду, і холаду. Але і там, у Сібіры, як часта расказвала бабуля, яе родныя добрасумленна працавалі на розных работах. А старэйшая сястра нават была ўзнагароджана медалём “За добрасумленную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. Затым яна ў сваім раёне атрымала другі медаль “За добрасумленную працу”.
Пасля вайны бабуліна сям’я вярнулася на радзіму, у вёску Дубічна. Тады бабуля закончыла сямігодку ў Велікарыце, а затым Брэсцкую дзяржаўную сельскагаспадарчую школу, пасля якой пачала працаваць бухгалтарам у калгасе. А з 1960 г. 33 гады нязменна яна працавала бухгалтарам, намеснікам галоўнага бухгалтара ў сістэме адукацыі. Вось як напіша потым у раённай газеце ў верасні 1981 г. былы інжынер па кадрах аддзела адукацыі Л. Савельева:
“У цэнтральнай бухгалтэрыі аддзела адукацыі райвыканкама працуе нямала работнікаў, якія з душой адносяцца да справы. Але мне хочацца расказаць пра аднаго з іх, намесніка галоўнага бухгалтара Марыю Фёдараўну Маркаву. Шмат гадоў працуе яна тут, вядзе аддзел зарплаты. Колькі трэба ўдумлівасці, цярпення, каб належна весці бухгалтарскі ўлік і дакументацыю…”
І Марыя Фёдараўна са сваімі абавязкамі спраўлялася выдатна, ведала іх да тонкасцей. Яе паважалі і ў калектыве аддзела, і педагогі школ раёна. Шматгадовая праца адзначана многімі ўзнагародамі.
У 1955 годзе наша бабуля выйшла замуж, з’явіліся дзеці. Ёй хацелася бачыць іх дастойнымі людзьмі, добрымі, клапатлівымі. І яны такімі выраслі. Бабуля працавала і прывучала да гэтага дзяцей. Дзве дачкі ахвотна хадзілі ў школу, старанна вучыліся. Абедзьве займаліся спортам. Галя была членам зборнай вобласці па гандболу. Валя з’яўлялася старастай класа. Абедзьве закончылі Мінскі інстытут культуры. Па спецыяльнасці засталіся працаваць у сталіцы. Валя – дырэктар рэспубліканскай сельскагаспадарчай бібліятэкі па навуковай рабоце. Галя – загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Выраслі ўнукі. Андрэй і Аляксандр закончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і працуюць у Мінску. Сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў, як і ўсіх родных і блізкіх, бабуля аднолькава моцна любіць, як і яны яе. Мы ўсе ганарымся ёю.
У свае 80 гадоў наша бабуля пры справе. Ёсць работа на дачным участку, а колькі яна дома перарабляе спраў!
Мы часта сустракаемся, прыязджаем і дапамагаем па гаспадарцы, часта тэлефануем ёй. І так будзе заўжды. З юбілеем вас, дарагая бабуля, жывіце доўга і шчасліва!
Саша і Юля ЮРЧАНКА, г. Мінск.
НА ЗДЫМКУ: сям’я Маркавых-Юрчанка.
Фота з сямейнага архіва.

Опубликовано в «ГЧ» 2.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий