Вось такая яна… Любоў

Паняцце “творчая прафесія” звычайна асацыіруецца ў нас з пісьменнікамі, мастакамі, акцёрамі. Стэрэатып гэты разбураецца тады, калі сустракаем творчага чалавека ў прафесіі не зусім творчай. Калі ўпершыню амаль пяць гадоў назад пазнаёмілася з кіраўніком фізічнага выхавання Олтушскага дзіцячага сада Любоўю Міхайлаўнай Яцура, пераканалася: спартыўныя заняткі могуць ператварыцца ў забаўляльнае прадстаўленне, калі “рэжысёр” іх — чалавек, апантаны творчай ідэяй. Чарговая сустрэча з гэтай ветлівай і жыццярадаснай жанчынай у студзені гэтага года, напярэдадні яе 55-гадовага юбілею, не пакінула ніякіх сумненняў — Любоў Міхайлаўна
чалавек неардынарны. У гэтым пераканалі і расказы калег, і размова “па-сакрэту” з яе старэйшай унучкай Кацярынай, і асабістыя ўражанні ад гасціннасці гаспадыні і той утульнасці, якую змаглі стварыць ў доме яе ўмелыя рукі, і шматлікія фотафакты з сямейнага альбома вялікай і дружнай сям’і Яцураў. Рыса за рысай — намаляваўся яркі партрэт…

Творчая
Дзяўчыну Любу, якая нарадзіла­ся ў вёсцы Сушытніца, лёс прывёў у Олтуш больш за 30 гадоў назад. Сюды прыехала яна разам з мужам, які ўзначаліў мясцовую гаспадарку – калгас “Перамога”. З 1980 года бярэ пачатак яе непарыўная сувязь з дзіцячым садам.Пачынала сваю працоўную біяграфію выхавальніцай,затым была назначана загадчыцай і больш за 12 гадоў кіравала калектывам. Але, як прызнаецца Любоў Міхайлаўна, знайшла сябе менавіта ў ролі кіраўніка фізічнага выхавання. Яна заўжды любіла спорт. А рабіць тое, што падабаецца, — і лёгка, і цікава. Захапіць дзяцей спартыўнымі заняткамі пастаралася яна з дапамогай нестандартнага абсталявання, вырабам якога занялася сама. Кожны год да і без таго багатага набору нестандартнага інвентару дабаўляла яна нешта новае. І гэтае новае выклікала і выклікае ў маленькіх выхаванцаў вялікую цікавасць, і ў той жа час дапамагае зрабіць заняткі, падобнымі на гульню. Для гімнастыкі і танцаў ёсць у дзяцей хустачкі, стужкі, “шуршунчыкі”, а для прафілактыкі розных парушэнняў у развіцці, такіх, як плоскаступнёвасць і парушэнне асанкі, Любоў Міхайлаўна выкарыстоўвае разнастайныя масажоры: слядочкі, “дарожкі-таптаножкі”, масажныя дарожкі з каменьчыкаў і каштанаў, фітнес-кругі і многае-многае іншае. Вядома ж, яна не рыхтуе на сваіх занятках пераможцаў спартыўных алімпіяд, але ўмела зацікаўлівае дзяцей рухальнай актыўнасцю. А ў тым, што Любоў Міхайлаўна ўмее запаліць спартыўную “іскрынку” у кожным, пераконвае прыклад яе спартыўнай сям’і. Ад маці, якая заўжды любіла і любіць рухомыя гульні, умела гуляе ў валейбол, баскетбол, мае разрад па стральбе, захапіліся спортам дзеці, ад дзяцей – унукі. Калі б на спартыўныя спаборніцтвы выйшла ўся сям’я, жартуе Любоў Міхайлаўна, атрымалася б сапраўдная спартыўная каманда.
Учора Любоў Міхайлаўна адзначыла свой юбілей. Са святам віншаваў яе і калектыў дзіцячага сада, дзе яна працягвае яшчэ працаваць, як адзначае, “для душы”.

Клапатлiвая
Кажуць, чалавек шчаслівы тады, калі ранкам ён з ахвотай ідзе на работу, а ўвечары з радасцю спяшаецца дамоў. Любоў Міхайлаўна пастаралася стварыць такую атмасферу ўтульнасці, што ў бацькоўскі дом,хоць у траіх дзяцей Любові і Пятра Яцураў – дачок Наталлі і Аксаны, сына Сяргея даўно ўжо свае сем’і і свае дамы, любяць прыязджаць усе: і дзеці, і ўнукі. Яны збіраюцца за вялікім сталом, абмяркоўваюць апошнія падзеі, дзеляцца радасцямі, праблемамі і з задавальненнем частуюцца пельменямі, мантамі альбо варэнікамі, якія лепш, чым іх матуля і бабуля, як упэўнена сцвярджае ўнучка Кацярына, не прыгатуе ніхто. Сямейныя вечары – гэта свая традыцыя Яцураў. А яшчэ любяць яны разам працаваць, добраўпарадкоўваючы двор. Здаецца, і часу затрачваецца не шмат, бо нехта займаецца газонам, нехта кветкі садзіць, нехта дарожкі ў парадак прыводзіць, а ў выніку атрымліваецца прыгажосць, якая радуе ўсіх.
— Я вельмі люблю свой дом,люблю, каб парадак у ім быў, утульнасць. Усе разам мы добраўпарадкавалі двор, цяпер тут шмат раслін, летам вока радуюць ружы, лілеі, — заўважае Любоў Міхайлаўна.
Звычайна самымі арыгіналь­нымі для ўпрыгожвання інтэр’еру з’яўляюцца тыя рэчы, якія зроблены сваімі рукамі. Сям’і Яцураў у гэтым пашанцавала. Любоў Мі­хайлаўна ўмела спраўляецца са швейнай машынкай, на свой густ пашые і шторы, і цюлі, і нават любое адзенне. Быць умелымі гаспадынямі навучыла яна і сваіх дачок.

Няурымслiвая
Хоць па гаспадарцы, якая, як ведаюць усе аднавяскоўцы, у Яцураў немалая, клопатаў шмат, але Любоў Міхайлаўна так умее размеркаваць свой час, што яго хапае і на адпачынак з унукамі. Актыўная і няўрымслівая па сваім характары, яна з унукамі — Кацяй, Насцяй, Дашай і маленькім Ромкам — і на горку пакатацца адправіцца, і ў сняжкі пагуляе. Любіць сям’я разам песні спяваць. Голас у Любові Міхайлаўны прыгожы, яна не раз удзельнічала ў канцэртных праграмах. А яшчэ дарослыя і дзеці ахвотна гартаюць сямейныя альбомы і ўспамінаюць усе лепшыя моманты жыцця. А іх нямала. Гэта і падарожжы, і знаёмствы з цікавымі людзьмі, і святы, якія абавязкова адзначаюцца разам, усёй вялікай і дружнай сям’ёй. Сёлетні год дабавіў у скарбонку сямейных традыцый яшчэ адну. Пачуўшы расказы бабулі пра калядныя вандроўкі, унукі разам са сваімі бацькамі, апрануўшыся ў касцюмы Дзеда Мароза, Снягуркі, прыхапіўшы гармонік і бубен, адправіліся калядаваць па вёсцы. У кожным з дамоў іх сустракалі з радасцю і, вядома ж, аддзяквалі калядоўшчыкаў. У калядным мяшку назбіралася аж 600 тысяч рублёў. Усе гэтыя грошы вырашана было перадаць у Олтушскі дзіцячы садок, дзе за іх набылі дзецям цацкі.
Мудрая
Рашэнне дзяцей перадаць “заробленыя” грошы ў дзіцячы сад, які за 32 гады працы стаў, можна сказаць, неад’емнай часткай яе жыцця, Любоў Міхайлаўну вельмі парадавала. Яна заўжды вучыла дзяцей быць сумленнымі, шчырымі. А яны, гледзячы на тату – кіраўніка вялікай гаспадаркі, і маму, надзейную захавальніцу сямейнага ачага, вучыліся працавітасці і мудрасці.
У вясковым жыцці, як вядома, усё, як на далоні. Не схаваешся ад прыдзірлівых вачэй, не ўтоіш, калі нешта не так. А да сям’і старшыні сельгаспрадпрыемства, амаль што першай асобы ў вёсцы, увага асобая. А таму Любоў Міхайлаўна, як прызнаецца, заўжды старалася і стараецца быць адкрытай.
— З маім характарам зносіцца з людзьмі мне лёгка. Я заўжды лічыла сябе звычайнай вясковай жанчынай. Думаю, самае галоўнае — заставацца самім сабою, — разважала ў размове Любоў Міхайлаўна.
А адказваючы на пытанне, ці лёгка быць жонкаю кіраўніка, падзялілася адным сакрэтам: ніколі не трэба дома весці размову пра работу. Справы сельгас­прадпрыемства ў сям’і Яцураў заўжды заставаліся за парогам іх дома. А ў доме мужа чакала і чакае атмасфера цеплыні і клопату, дзе можна на некаторы час забыць пра ўсе вытворчыя праблемы. Чым не жыццёвая мудрасць?
Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА і з сямейнага альбома Яцураў.

Опубликовано в «ГЧ» 2.02.2013 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий