Мадэрнізацыя і чалавечы фактар

Са старшынёй СВК “Макраны” Леанідам Селехам лёгка зносіцца. Ён умее шчыра размаўляць, слухаць і чуць чалавека, — гатовы падставіць яму старшынёўскае плячо ў любой сітуацыі: такая сутнасць характару Леаніда Міхайлавіча. Таму і акцэнт у нашай размове ён робіць на чалавечы фактар.
А каб ён заўжды спрацоўваў, лічыць кіраўнік, людзям павінны быць створаны камфортныя сацыяльна-бытавыя ўмовы на вёсцы. Што ж датычыцца Макран, то тут за апошнія гады пабудавана 47 індывідуальных домікаў павышанай камфортнасці. Вёска газіфікавана ўжо на 90%. Сёлета яшчэ 2 новыя домікі пабудаваны для работнікаў СВК – іх атрымліваюць прыезджыя з Казахстана сем’і, якія ўліваюцца ў калектыў жывёлаводаў і механізатараў. Напрыклад, сям’я Багінскіх, якая пераехала ў Макраны раней, добра сябе зарэкамендавала. А яшчэ павялічваецца і школьны калектыў — для будучага вёскі гэта немалаважна. Перасяленцам гаспадарка, як адзначае Леанід Міхайлавіч, усяляк дапамагае адаптавацца ў новых умовах.
У плане мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі СВК “Макраны” ў мінулым годзе зрабіў значны крок. Пабудаваны цудоўны зернесушыльны комплекс, што працуе на прыродным газе. І хоць ён пачаў функцыянаваць, калі жніво завяршылася, але ж удалося прасушыць без праблем насенне ўсіх крупяных культур, а таксама 600 тон кукурузы. Нават дапамаглі і дзвюм суседнім гаспадаркам — СВК “Ляхаўцы” і “Чырвоны партызан”. Набылі і новы зернеўборачны камбайн КЗС-1218. Збожжавыя на 1 тысячы гектараў былі ўбраны своечасова, а экіпаж, які працаваў на ім, выйшаў пераможцам у раённым спаборніцтве – і зноў тут стрэлкі зыходзяцца на чалавечым фактары. Яшчэ адзін плюс – набыццё новай кукурузнай сеялкі. Яна працавала ў 2 змены. Пасеялі ў сябе – дапамаглі яшчэ і СВК “Рыта”, “Гвозніца”. Мадэрнізацыя ў механізацыі будзе працягвацца – гаспадарцы патрэбны новы кормаўборачны камбайн – стары вычарпаў свой рэсурс. А ад кармоў, як гаворыцца, “танцуе” жывёлагадоўля.
Што ж датычыцца яе, то летась у рамках рэалізацыі рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны рэканструявана ферма ў в. Новыя Боркі. На пытанне “Ці адчулі даяркі, што лягчэй стала працаваць?” Леанід Міхайлавіч адказаў так:
— У першую чаргу гэта адчулі жывёліны. У кожнай каровы ёсць свой ляжак. З устройствам аэратараў на ферме цяпер няма аміячнага паху. Каровы чыстыя і прыгожыя. А да такой жывёліны і даярцы прыемна падысці і падаіць. І малако атрымаць якаснае.
У даільным аддзяленні працуюць адначасова 6 даярак. Тут светла, прасторна, усё бачна. Адлегласць, якую малако праходзіць ад вымені каровы да халадзільніка, — усяго 30 метраў.
— Чым меншая яна – тым якасней будзе малако, — адзначае Леанід Міхайлавіч.
Калі гаварыць пра якасць яго, то варта адзначыць, што за 2012 год СВК “Макраны” прадаў 92% малака вышэйшым і гатункам экстра, з якіх 36,6% — толькі экстра. А калі ўлічыць, што ў гаспадарцы пакуль няма ніводнай фермы з даільнай залай, то такі паказчык можна назваць вельмі нядрэнным.
— За ім стаіць калектыўная работа, — гаворыць Леанід Міхайлавіч. – Тут заслуга ў першую чаргу ветспецыялістаў і даярак, якія стараюцца своечасова выяўляць мастыты, захоўваць пагалоўе.
У выніку летась у гаспадарцы паморак склаў усяго 14 галоў. Пашанцавала сельгаскааператыву з галоўным урачом Барысам Штыком, урачом-гінеколагам Андрэем Корпачам, заатэхнікамі-селекцыянерамі. Работа па аддзяленню кароў з саматычнымі клеткамі ў малацэ даволі працаёмкая, але ж творчая і цікавая, як лічыць Леанід Міхайлавіч. Каб яе добра выконваць, ёсць усякія прыборы. Было б, як кажуць, жаданне. І калі ёсць у спецыяліста інтарэс, – поспех непазбежны. Як работнік адносіцца да жывёлін, – такой будзе аддача. Чалавек – галоўны ў гэтым ланцужку.
— Аўтаматыка, механізмы, якія ўкараняюцца на новых фермах, — гаворыць Леанід Міхайлавіч, — могуць толькі дапамагчы атрымаць гэтую аддачу.
У пацвярджэнне кіраўнік прыводзіць прыклады. У час нядаўняй праверкі на скрытыя мастыты ў групе аператара машыннага даення Святланы Кунычнык было выяўлена ўсяго 9 такіх кароў, а ў другога аператара на той жа ферме – у 4 разы больш. Ці другі прыклад. На ферме ў Н. Борках, дзе тэхнікам-асемянатарам працуе Ніна Дайнэка, атрымана больш за 90 цялят на 100 кароў і цялушак, а на макранскай ферме пры аднолькавых умовах атрымана значна менш. Усё залежыць ад таго, як чалавек адносіцца да сваіх абавязкаў, наколькі ён адказны і зацікаўлены.
Гаспадарка ж, у сваю чаргу, зацікаўлівае работнікаў дыферэнцыраванымі расцэн­камі аплаты. Скажам, калі даярка надаіла за месяц 50% малака гатункам экстра, яна атрымае 3,5 мільёна рублёў. Па сённяшніх мерках гэта ня­многа. Аднак калі малако будзе ніжэйшым гатункам, яна ведае, што заробіць менш. Таму людзі стараюцца, думаюць не толькі пра аб’ёмы, але і пра якасць. Проста чалавечым фактарам, як гаварыў Леанід Міхайлавіч, трэба ўпраўляць.
Якую прыбаўку дае гэты фактар?
Летась, у СВК “Макраны” ад адной каровы надоена 5359 кілаграмаў малака – 750 кілаграмаў дабаўлена да ўзроўню папярэдняга года. З’явілася і першая шасцітысячніца – Ірына Алесяюк. А аператары машыннага даення Галіна Рудзіюк і Любоў Сац наблізіліся ўшчыльную да гэтага паказчыка. Па сярэднясутачных надоях сельгаскааператыў ідзе чацвёртым у раённай зводцы, з двухкілаграмовым плюсам.
2013-ы год, як плануюць у СВК “Макраны”, будзе адзначаны будаўніцтвам новай малочнатаварнай фермы на 765 кароў. Адпаведнае рашэнне ўрада аб выдзяленні на сёлетні год 18 мільярдаў рублёў падпісана ўжо. Першая чарга ўключае кароўнік на 320 галоў, будынак даільна-малочнага блока, пляцоўкі для захоўвання сіласу на 5 тысяч тон, тэхнічныя сеткі. Другая чарга – гэта памяшканні для ўтрымання цялушак, маленькіх цялят, радзільнае. Усяго ферма разлічана на 1360 галоў. Завяршэнне будаўніцтва плануецца на 2014 год.
— Паколькі ў нашай гаспадарцы на сённяшні дзень няма ніводнай даільнай залы, — гаворыць Леанід Селех, — значыць, мы працуем яшчэ па-даўнейшаму. Так, старыя будынкі ферм 50-х гадоў мінулага стагоддзя падрамантаваныя, але ж яны не вечныя. Таму ферма нам, як паветра, патрэбная.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: старшыня СВК “Макраны” Леанід СЕЛЕХ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 6.02.2013 г.

Добавить комментарий


питьевая вода киев

sweet-smoke.com.ua

раскрутка сайтов в украине
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!