Па тавар — у “Гарадок”

Надзея Асіпчык вучыцца ў адным са сталічных ВНУ краіны. Разам з аднакласнікамі сабралася пайсці на вечар сустрэчы з выпускнікамі. Каб выглядаць эфектна, надумала абнавіць свой гардэроб. Для эканоміі часу вырашыла гэта зрабіць у Маларыце. Ці ёсць такая магчымасць у райцэнтры? Хацелася, каб было і модна, і стыльна. Для ажыццяўлення запланаванага разам з Таццянай накіроўваемся ў гандлёвы аб’ект “Гарадок”, што на Маякоўскага, 24. Нам падказалі, што спачатку трэба зайсці да Зоі Каленчанка. Яна адразу згадзілася дапамагчы. Індывідуальны прадпрымальнік Зоя Фёдараўна адна з тых у раёне, хто займаецца продажам адзення і абутку для жанчын.
— На маіх 13 метрах квадратных сапраўды можна набыць многае, — гаворыць Зоя Каленчанка. –У пераважнай большасці гандлюю таварамі беларускай і расійскай вытвор­часці. Яны якасныя, адпавядаюць ўсім існуючым нормам. Як кажуць, на любы густ і кашалёк. У асартыменце ёсць, напрыклад, абутак (памер 36-41), спадніцы (42-58), джынсы (42-56), блузкі (42-62), сукенкі (42-56)…
— Зоя Фёдараўна, а тавар не залежваецца?
— Усякае бывае. Каб не прагадаць, вывучаю попыт. На рэалізацыю імкнуся браць хадавы тавар, таму сачу за тэндэнцыямі ў свеце моды. Але прадугледзець усё складана і проста немагчыма. Калі нейкая рэч за сезон не куплена, то прадаю яе па сабекошту, а то і па больш нізкай цане. Курткі, напрыклад, якія не “пайшлі”, каштавалі 700-900 тысяч, цяпер іх можна набыць па 500-600 тысяч рублёў. Галоўнае, каб тавар не залежваўся.
— Да прыкладу, Надзея купіць нешта ў вас, але, прыйшоўшы дадому, перадумае: па нейкіх прычынах рэч не спадабалася. Фасон ці колер не той. Ці можна яе вярнуць?
— Так. Але з моманту набыцця трэба, каб прайшло не больш за 14 дзён. Пры гэтым рэч павінна захоўваць усе таварныя якасці. Таксама неабходна прад’явіць чэк. Пры захаванні пералічаных патрабаванняў пакупніку будуць вернуты грошы. У маёй практыцы было некалькі такіх выпадкаў.
— Зоя Фёдараўна, Вы гандлюеце амаль 10 гадоў, маеце пэўны вопыт, таму можаце зрабіць вывад: у якім месяцы найменш прадаецца тавару?
— Па-рознаму бывае. Аднак студзень-люты традыцыйна для мяне, як кажуць прадпрымальнікі, нулявы сезон. Яшчэ некалькі гадоў перад вечарамі сустрэч выпускнікоў назіраўся своеасаблівы бум. Да гэтага часу спецыяльна завозіўся тавар. Цяпер жа да мяне прыгледзець абноўку вы прыйшлі другімі.
***
Прайшло 30 хвілін. Зоя Каленчанка з веданнем справы “ўзялася” за пакупніка. Тавар не толькі прапаноўвала, але і называла яго вартасці і перавагі перад іншымі. Перамерала Надзея не адну рэч. Але здолела ўсё ж такі выбраць тое, да чаго ляжала душа, што спадабалася. І прыгожа, і якасна, і модна. Цяпер можна смела ісці на сустрэчу ў школу.
— Многія едуць па рэчы ў суседнюю Украіну, асабліва на забалацкія рынкі, — гаворыць Надзея, — але не заўсёды там тавар якасны прапаноўваецца. Асабіста пераканалася, што ў Маларыце можна патрэбнае набыць добрай якасці і танней. У тым ліку — у гандлёвым аб’екце “Гарадок”. Перш, чым ехаць на Украіну, варта зазірнуць сюды.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: прадпрымальнік Зоя КАЛЕНЧАНКА.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.02.2013 г.

Добавить комментарий


еще по теме topobzor.info

здесь

www.ry-diplomer.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!