Сустрэча з «дзецьмі вайны»

У рамках праекта “Ты не адзінокі”, які рэалізоўваецца ў раёне пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду “Памяць, адказнасць і будучыня”, у музеі другой гарадской школы прайшла сустрэча вучняў гарадскіх школ з былымі непаўналетнімі вязнямі фашызму, якую арганізавалі спецыялісты тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з раённым камітэтам ГА “БРСМ” і гарадскім Домам культуры.
Валанцёры-актывісты БРСМ з тэатральнага калектыву “Шанц” ГДК распавялі пра тэорыю Халакоста – распрацаванага фашысцкай Германіяй плана знішчэння яўрэяў, пазнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы з такімі тэрмінамі, як антысемітызм, генацыд, юдафобія, нацыяналізм. Яны агучылі вядомыя з гісторыі раёна звесткі аб стварэнні ў Маларыце ў гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэйскага гета, у якім утрымлівалася больш за 2 тысячы чалавек.
Сваімі ўспамінамі аб падзеях таго далёкага часу падзяліўся са школьнікамі маларытчанін Уладзімір Харсюк. Ён памятае, хоць гэта было ў далёкім дзяцінстве, як тэрыторыя, якая прылягала да вуліц Піянерскай і Леніна, была агароджана калючым дротам, за якім чакалі вырашэння свайго лёсу яўрэйскія сем’і. Не сцерліся з памяці пажылога чалавека і многія іншыя моманты. І той, калі ў іх доме хаваўся пад падлогай адзін са знаёмых яўрэяў, і той, калі дзяўчынка, якую прывезлі да іх, распавяла, як расстралялі яе бацькоў. Са звесткамі пра Маларыцкае гета, што ўтрымліваюцца ў дакументальных крыніцах, пазнаёміў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Маркаў.
Размова, у якую ўключыліся і старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Бойка, і начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Строк, зайшла пра важнасць памятаць пра падзеі ваеннага часу, захоўваць гэтую памяць, займацца пошукавай работай, якая дапамагае ўвекавечыць прозвішчы тых, хто загінуў ад рук фашыстаў.
Удзел у размове прынялі і іншыя госці сустрэчы. Аляксею Віктаравічу Крываблоцкаму,Ганне Маркаўне Касцючык, Вользе Андрэеўне Субота, Аліне Цімафееўне Цішчанка, якія дзецьмі сталі вязнямі фашызму, было што расказаць пра сваё жыццё, пачатак якога апаліла вайна. Школьнікі з захапленнем слухалі іх успаміны, цікавіліся, як склаўся пасляваенны лёс тых, каму на доўгі час давялося развітацца з радзімай, а, вярнуўшыся, пачынаць будаваць жыццё спачатку. Шчырая размова была карыснай і для школьнікаў, якія атрымалі шмат цікавай інфармацыі пра мінулае, і для “дзяцей вайны”, якія змаглі падзяліцца набалелым, адчуць, што іх лёсам цікавяцца іншыя.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 6.02.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.artma.net.ua

steroid-pharm.com