Вясковы доктар Ігар

У любой сферы жыццядзейнасці неабходны спецыялісты. Асабліва ж – у медыцыне, дзе ад прафесіяналізму ўрача, яго вопыту і ведаў залежыць здароўе,а часам і жыццё чалавека. Калі такіх спецыялістаў не хапае, узнікаюць праблемы. Асабліва гэта адчувальна на вёсцы.
Лукаву ў гэтым плане пашанцавала. Амбулаторыю агульнай практыкі са жніўня гэтага года ўзначаліў Ігар Муш. Малады, энергічны, ініцыятыўны, тактоўны. Яго мясцовыя жыхары чакалі з нецярпеннем. Ігар Мікалаевіч ужо апраўдаў давер вяскоўцаў. Да маладога ўрача яны адносяцца з павагаю, разуменнем, добразычліва і гавораць як пра спецыяліста-прафесіянала. Бабулі і дзядулі, людзі старэйшага ўзросту прыходзяць з цікавасцю на прыём. І не толькі за лячэннем, але і за добрым словам. А Ігар Муш на іх не скупіцца.
— Прызнайцеся: цяжка працаваць вясковым доктарам?
— Доктар на вёсцы – асаблівы доктар. Сямейны, шырокага профілю, універсальны. Я ў адной асобе і тэрапеўт, і педыятр, і хірург, і хуткая дапамога… Вялікая адказнасць і напружаная праца.
Пад крылом Лукаўскай амбулаторыі агульнай практыкі жыхары 10-ці вёсак (самая аддаленая – Заор’е), а гэта амаль 1700 чалавек, з іх 266 – дзяцей.
Заканчэнне рабочага дня не азначае заканчэнне працы ў вясковага ўрача. Медыцынская дапамога можа тэрмінова спатрэбіцца ў любы час сутак. Доктар абавязаны выехаць і ў гадзіну ночы, і ў пяць. Нягледзячы на гэта, праца Ігару Мушу вельмі падабаецца.
Сваю жыццёвую дарогу юнак выбраў сам. Ён з будучай прафесіяй канчаткова вызначыўся ў 9 класе. Паспрыяў такому рашэнню, напэўна, бацька Мікалай Антонавіч, які ўжо многа гадоў працуе ўрачом рэаніматолагам-анестэзіёлагам у райбальніцы. Дзеля гэтага Муш-старэйшы даў згоду на правядзенне медыцынскага эксперыменту. Ігар першы ўкол зрабіў менавіта бацьку.
— Было нават страшнавата, — прызнаецца Ігар Мікалаевіч, — але бацька падказваў, што і як рабіць. У мяне атрымалася. Гэта стала сапраўднай падзеяй, якая ўсё ж паўплывала на мой далейшы жыццёвы выбар. У сям’і ўрача і быць інакш не магло.
— Чаму аддалі перавагу Лукаву?
— Тут добрая практыка для станаўлення мяне як спецыяліста, — кажа Ігар Мікалаевіч. – Створаны неабходныя ўмовы для працы. Самае галоўнае ў рабоце – умець выслухаць пацыента і дапамагчы яму палепшыць стан здароўя. Неабходна, каб урач быў чалавечным, чулым, спагадлівым, камунікабельным, з павагаю адносіўся да ўсіх пацыентаў і іх праблем, улічваў індывідуальныя асаблівасці.
— Ігар Мікалаевіч, напэўна, адпрацуеце два гады і куды-небудзь з’едзеце?
— Не, (усміхаецца). Усё ў Лукаве задавальняе. Прыгожыя мясціны, цудоўныя людзі. Ды і знаходжу падтрымку ў асобе старшыні СВК “Чырвоны партызан” Сяргея Сцепанюка. Сяргей Яфімавіч у дапамозе не адмаўляе.
Ігар Муш не саромеецца і раіцца з больш вопытнымі ўрачамі-калегамі. У першую чаргу – з бацькам, які, як палачка-выручалачка, у любы момант пракансультуе і падкажа па многіх пытаннях. Калі ўзнікае неабходнасць, Ігар Мікалаевіч тэлефануе і Аляксандру Мартынюку, загадчыку тэрапэўтычнага аддзялення райбальніцы.
— Я яшчэ малады кіраўнік, таму, каб правільна вырашыць нейкія адміністрацыйныя пытанні, часта прашу дапамогі ў намеснікаў галоўнага ўрача Анжэлы Марчанка і Анжалікі Станкевіч. І яны не адмаўляюць, за што ім шчыры дзякуй.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ігар Муш, загадчык Лукаўскай амбулаторыі агульнай практыкі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.12.2012 г. 

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!