Ідэі — для Беларусі

Маларытчына актыўна ўключылася ў рэалізацыю рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Нядаўна ў Брэсце прайшоў яго абласны этап. У ліку тых, хто на форуме дзяліўся сваімі цікавымі напрацоўкамі, былі і прадстаўнікі раённай гімназіі. У намінацыі “Фарміраванне здаровага ладу жыцця” Аляксандр Рачкоўскі, вучань 11 “Б” класа, і Наталля Асіпук, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, прэзентавалі творча-гульнявы праект «Экспрэс “Здароўе”».
-Гэты праект у нашай навучальнай установе традыцыйна рэалізуецца з верасня па май, — кажа Наталля Андрэеўна. – У ім з радасцю прымаюць удзел не толькі вучні 1-11 класаў, але і настаўнікі, бацькі, выпускнікі папярэдніх гадоў. “Вясёлыя старты”, “Футбольны чэмпіянат”, “Спартландыя”, “Спартыўныя Калядныя вечары”, “Зімовыя забавы”, “Спартыўная сям’я” – гэтыя і іншыя мерапрыемствы ўжо сталі любімымі для вучняў.
Асноўная мэта нашага праекта – прапаганда фізічнай культуры і спорту, умацаванне здароўя, загартоўка арганізма, павышэнне фізічнай і інтэлектуальнай працаздольнасці дзяцей.
«Экспрэс “Здароўе”» ўключае мерапрыемствы, якія цікавыя для практычнай рэалізацыі. Яны прыносяць карысць, бо прапагандуюць здаровы лад жыцця. А гэта – адна з найважнейшых задач, якія стаяць перад грамадствам.
Другі ваенна-патрыятычны праект “Гонар і Памяць, у якіх няма межаў” быў распрацаваны Таццянай Сацюк і Ліліяй Хатынюк, работнікамі РК ГА “БРСМ”. У рамках яго рэалізацыі прадугледжваецца супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў, а таксама структур ДТСААФ двух раёнаў. Праект уключае мерапрыемствы: аўтапрабегі “Памяць”, наведванне музеяў, ваенна-патрыятычную гульню “Юны сябар пагранічнікаў”, “Рыцарскі турнір”, акцыю “Зорны паход”, фестываль патрыятычнай песні “Песні баявога брацтва”, ваенна-спартыўныя спаборніцтвы “Зорка”, турыстычны злёт-фестываль “Нашчадкі Перамогі”…
Рэалізацыя праекта “100 ідэй для Беларусі” працягваецца. У ім можа прыняць удзел кожны, хто жадае.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: удзельнікі акцыі “100 ідэй для Беларусі”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 22.12.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.