Мае звычайныя незвычайныя БАБУЛІ

Нядзеля. Выхадны. Мы з сястрычкамі, нагойсаўшыся на дварэ, прыбеглі ў хату да бабулі падсілкавацца. Да бабы Ліды з дзедам Толем прыехала дзедава родная сястра баба Таня са сваім мужам дзедам Валерам. Баба Ліда яшчэ завіхаецца на дварэ, а мама з бабуляй Таняй вядуць нетаропкую гаворку пра тое-сёе. БабаТаня жаліцца, што ад доўгага сядзення за камп’ютарам баляць вочы, а што рабіць – працаваць жа трэба. Наша бабуля – выкладчыца. Яна выкладае ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя А. С. Пушкіна.
Мне вельмі хочацца спытаць, колькі часу дазволена было ёй знаходзіцца за камп’ютарам, калі яна была такая, як я. Але адразу смех бярэ: якія тады камп’ютары! Відаць, нецікавае ў нашых бабуль і дзядуль тады было жыццё. Пра гэта і пытаюся.
— Баба Таня, вось у нас сёння і камп’ютары ёсць, і мабільнікі, а чым вы ў дзяцінстве займаліся? Ці цікавае яно ў вас было?
— Цікавае! Яшчэ якое цікавае! Можа, нават, цікавейшае за ваша. Мы самі сабе рабілі палатняныя лялькі. У вас яны амаль аднолькавыя, а ў нас былі ўсе розныя. У кожнай свая. А калі паспявала кукуруза, то яе пачаткі былі таксама цудоўнай цацкай. Якіх толькі прычосак мы ім не рабілі! Усе нашы гульні праходзілі на свежым паветры. Як цікава было ўсёй вуліцай гуляць у “бэрыка”, у “штандара”, а калі збіраліся адны дзяўчаты, то не было гульні цікавейшай за “класікі”. Не, я б вашы камп’ютары з мабільнікамі на свае гульні не прамяняла б.
— Вось, вось, — дадае баба Ліда, якая ўжо прыйшла ў хату і чула апошнія словы сваёй госці. – Наша хата ў Ляхаўцах стаяла на водшыбе, у Ражна, на высокім месцы, вакол яе восенню разлівалася вада. А калі яна падмярзала, ох радасці было! Мы на самаробных санках увесь дзень маглі пракатацца там.
— Бабуля, — пытаюся, — а ты таксама кукурузе “прычоскі” рабіла?
— Я? – мая бабуля аж засмяялася. – Я – не. Я добрым вырвусам была, бо гадавалася з хлопцамі. Летам мы выразалі сабе шпагі і біліся, як сапраўдныя мушкецёры. Добра памятаю, як бацька купіў мне чаравічкі, а хлопцы згадзіліся, нарэшце, навучыць мяне катацца на веласіпедзе. Вядома ж, якая там вучоба. Пакуль гузя не наб’еш, катацца не навучышся. Гузя, то гузя, а вось чаравічкі свае новыя я абадрала добра. Гэта для мяне было вялікай непрыемнасцю.
Я ў гэтым нават і не сумняваюся. Але затое пачынаю, здаецца, разумець, чаму нават зараз бабуля так прыдзірліва аглядае нас кожны раз, калі прыходзім да яе пагуляць: у чым мы апрануты? Ці не ў якіх абноўках? Нібы ў пацвярджэнне маіх слоў, бабуля працягвае:
— Я і сёння кожную сваю абноўку памятаю. Цётка прыехала з Казахстана і прывезла мне ў падарунак сукенку. Якая ж яна была прыгожая! Якраз перад Вялікаднем гэта было. А свята ў тым годзе, як на тое, выдалася халодным. Ды які ж там холад! Як жа ўпрошвала я мамку, каб дазволіла мне пайсці ў гэтай сукенцы з ёй у магазін! Якой жа я сама сабе прыгажуняй у ёй была! А як ішла! (бабуля ўстае, выпроствае спіну, распраўляе плечы і паказвае, як яна ішла па сваёй вёсцы. Вочы ў яе свецяцца, і мне здаецца, што гэта яна зараз ідзе ў гэтай сукенцы па вёсцы, паглядваючы, ці глядзіць на яе хто? Ці бачыць, якая яна сёння незвычайная прыгажуня?!)
Баба Таня смяецца і пакручвае галавой. А я думаю, ці ўспомню я праз столькі гадоў што-небудзь пра сваю вопратку? Мабыць, не. Бо для іх, маіх бабуль, кожная такая абноўка была святам. Я таксама вельмі радуюся кожнай абноўцы, але, здаецца мне, гэта і блізка не тая радасць. І, чамусьці, зайздросна становіцца мне. Пачынаю шукаць, што ж у нас сёння ёсць такога, чаго не было ў іх. Ага, здаецца, знайшла.
— А гурткі ў вас у школе былі? – пытаюся я, упэўненая, што хоць у гэтым пытанні мы, сённяшнія дзеці, акажамся на вышыні. Вунь колькі гэтых гурткоў у нас зараз ёсць. Хочаш – вяжы, хочаш – вышывай, хочаш – чытай вершы, хочаш — сам іх складай. А наш славуты вакальны гурток! А ўрокі рытмікі!
Але чым больш слухаю я адказы маіх бабуль, тым больш здаецца, што і тут яны нас абскакалі!
— Гурткі? А як жа! Які ў нас цудоўны быў гурток народнага танца. Вяла яго Фаіна Міхайлаўна Мітрафанава. Што мы толькі не танцавалі! Гэта мне вельмі дапамагло потым. Памятаю, ужо ў выпускным класе нам трэба было падрыхтавацца да школьнага фестывалю Дружбы народаў (гэтыя мерапрыемствы традыцыйна праводзіліся ў школах). Рыхтаваліся ўсе: хто вершы пра сваю рэспубліку чытаў (кожны клас прадстаўляў пэўную рэспубліку былога СССР), хто казкі расказваў, хто песні спяваў. А я прымусіла сваіх аднакласнікаў станцаваць “Малдаванэску” – малдаўскі народны танец. Сама паставіла, сама развучвала з імі. А мне трапіў партнёр не вельмі зграбны. Дык я, каб не сапсаваць танец, сама вяла яго. Там трэба, каб ён круціў мяне вакол сябе, – гэта баба Таня звяртаецца да бабы Ліды і тая ківае з паразуменнем – хто ж не ведае “Малдаванэску”, — а тут мне давялося партнёра круціць. Ох, і насмяяліся тады з нас!
Са школьных гадоў вельмі помніцца яшчэ, як я здавала экзамены. Ваш дзед старэйшы за мяне і вось ён паабяцаў мне за кожную пяцёрку па экзамене плітку шакалада “Алёнка”. Ды не такую маленькую, як прадавалася ў нашым магазіне, а сапраўдную 100-грамовую! На той час гэта было сапраўднай раскошай.
— Бабуля, ты так добра вучылася, бо мела нейкую мэту? Кім ты хацела стаць? Збылася твая мара?
— Не, не зусім. Я марыла стаць настаўніцай. А давялося ёй папрацаваць толькі, калі жылі на Поўначы. А больш і не давялося. Калі скончыла Брэсцкі дзяржаўны педінстытут, прапанавалі застацца на кафедры, дзе я выкладала землязнаўства, краязнаўства і асновы прыродазнаўства. Потым выйшла замуж і паехала следам за мужам, афіцэрам запасу, на два гады ў Сібір. Там працавала ў ваенным пасёлку Карзунова. У тым самым, дзе некалі служыў Юрый Гагарын.
У пакой, дзе мы размаўляем, улятаюць сястрычкі – Даша і Ірына. Дашы купілі новую анкету і ёй проста жыццёва неабходна запоўніць яе тэрмінова.
— Баба Таня, — крычыць яна, не паспеўшы адчыніць дзверы, — як тваё прозвішча, а то дзед Валера не хоча казаць.
— Кавальчук. Хіба ты не памятаеш па падручніку “Чалавек і свет”?
— І праўда, — і яны зноў знікаюць за дзвярыма. Так, сапраўды. Мы вельмі ганарыліся тым, што маглі сказаць аднакласніку: “Глядзі, бачыш напісана “Таццяна Аляксандраўна Кавальчук” – гэта наша баба Таня. Яна працуе ў інстытуце і складае падручнікі”.
А бабуля тым часам расказвае, што, вярнуўшыся з Сібіры, яна паступіла ў аспірантуру ў Маскве і пасля яе заканчэння працуе ў педуніверсітэце.
— Шкада, — кажу я. – Вось добра было б, каб ты была нашай настаўніцай. Ты заўсёды так цікава расказваеш.
— Нават, калі б я і была настаўніцай, наўрад ці ў вашай школе. А вось ваша баба Ліда была маёй настаўніцай. Дакладней, піянерважатай. Ды яшчэ якой! Колькі тады ў нас было цудоўных мерапрыемстваў!
— Праўда?!! – майму здзіўленню няма канца і краю. – Ты, бабуля?! А што здарылася потым? Чаму ты не стала настаўніцай?
— Раскажу. Я тры гады настойліва паступала ў інстытут. І калі, нарэшце, паступіла, мусіла праз год кінуць. Тады вучыўся ўжо ваш дзед. А два студэнты ў адной сям’і, ды яшчэ і дзеці… Вось і давялося займацца мне сям’ёй і дзецьмі. А потым выйшаў загад, згодна з якім працаваць у школе мог толькі той, хто меў пэўную адукацыю. Вось і давялося мне шукаць іншую работу.
— Гэта ж, мабыць, тады ты і пайшла працаваць у клуб? Мне да гэтага часу помняцца тыя «агеньчыкі» і канцэрты. Дзе мы толькі не выступалі з табою: і ў Брэсце былі і на Украіну ездзілі. Колькі ты гадоў там прапрацавала? Гады, мусіць, за тры?
— Што ты! Я сама так думала. А на самой справе крыху больш, чым год.
— Сур’ёзна? Не. Не можа быць. Я столькі ўсяго помню. Як жа яно ўсё ў адзін год памясцілася?
Але мне не церпіцца даведацца, што было далей. Таму пытаюся.
— А што далей? – у бабуліных вачах сум. – Работа ў клубе аднімала вельмі шмат часу. Муж – студэнт. Давялося зноў думаць пра сям’ю.
— І ты пайшла ў школу?
— Не. Спачатку ў дзіцячы сад. Там працавала нянечкай. Потым ужо толькі ў школу пайшла загадчыкам гаспадаркі. Але з часам і гэтую пасаду скарацілі. Потым яе ўвялі зноў, але я працавала поварам. Так ужо ім і засталася.
— Шкада, вельмі шкада, — ніяк не можа супакоіцца баба Таня. І піянерважатая з цябе была цудоўная, і ў клубе ты была на сваім месцы. А памятаеш, як аднойчы…
Вечар успамінаў для маіх бабуль працягваецца. Я сяджу ціхенька. Больш не задаю пытанняў, бо баюся, што згасне ў іх вачах той агеньчык, ад якога сталі раптам мае бабулі зусім іншымі. Спачатку не разумею, адкуль такія пераўтварэнні? І раптам заўважаю: якія бабулі? Перада мною сядзяць маладыя дзяўчаты. Сышліся пасля цікавай гулянкі і дзеляцца ўражаннямі.
Многа цікавага даведалася я ў той вечар пра сваіх блізкіх. І вельмі захацелася даведацца яшчэ больш. Калі я такімі думкамі падзялілася з мамай, яна прапанавала мне запісаць успаміны ўсіх бабуль, прабабуль, дзядуль і скласці гісторыю нашай сям’і. Ідэя мне спадабалася. Бо, як высветлілася, мы пра сваіх самых блізкіх людзей ведаем вельмі мала.
Аляксандра АЛЕСІК, член гуртка “Юны карэспандэнт” Олтушскай сярэдняй школы.

Опубликовано в «ГЧ» 26.12.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.