Цікавы тыдзень

Вывучэнне замежнай мовы – справа няпростая. Але, напэўна, калі робіш нешта з задавальненнем і інтарэсам, дык ажыццявіць задуманае лягчэй. Нядаўна ў нашай школе прайшоў Тыдзень нямецкай мовы. Пра тое, што ён будзе праводзіцца, настаўніца нямецкай мовы Юлія Рыгораўна Трафімук папярэдзіла вучняў загадзя. Кожны клас атрымаў сваё заданне. Усе вучні, трэба сказаць, вельмі стараліся, а таму і Тыдзень атрымаўся цікавым. А напрыканцы яго мы вырашылі ўзяць невялікае інтэрв’ю ў вучняў аб тым, каб даведацца, што ім найбольш спадабалася і запомнілася.
Ангеліна Бярчук, вучаніца 5 класа:
“Мне больш за ўсё запомніліся дыялогі, якія мы агучвалі ў парах. Было вельмі весела. А яшчэ спадабаліся газеты і плакаты 8 класа па тэме “Музыка”.
Мікалай Холад, вучань 6 класа:
“А мяне больш за ўсё зацікавіла экскурсія ў нашу школьную бібліятэку на нямецкай мове. Яе праводзілі для нас вучні 11 класа Дзмітрый Жыбурт і Алена Пацурай. Дарэчы, мы вельмі здзівіліся, даведаўшыся, што ў нашым школьным кніжным храме налічваецца амаль 20 тысяч кніг! ”.
Уладзімір Кулукаеў, вучань 7 класа:
“Мне спадабалася рабіць плакаты на нямецкай мове. Вельмі цікавай была і гульня, якую праводзіла наша настаўніца, падзяліўшы клас на тры каманды”.
Аркадзь Бягеза, вучань 8 класа:
“Захапляльнай была віктарына, якая праводзілася сярод вучняў 8-10 класаў. А яшчэ мы рыхтавалі розныя рэфераты на намецкай мове, гэта было нялёгка, але цікава”.
Дзмітрый Жыбурт, вучань 11 класа:
“Усё, што было зроблена школьнікамі на працягу тыдня, заслугоўвала ўвагі. Але асабліва зацікавіла ўсіх газета вучняў 7 класа, якая была зроблена ў выглядзе кнігі пра Германію”.
Нас, школьнікаў, цэлы тыдзень чакалі цікавыя мерапрыемствы. Вучні 3 класа ўдзельнічалі ў конкурсе на лепшага чытача. Першае месца заняла ў ім Улада Смаль. У конкурсе плакатаў “Мой рабочы дзень”, які праходзіў у чацвёртым класе, пераможцай стала Вольга Сай. “Лепшымі акцёрамі” былі прызнаны пяцікласніцы Ангеліна Бярчук і Анастасія Бягеза. Лепшую крыжаванку ў пятым класе зрабіла Анастасія Бягеза. Вучні шостага класа малявалі плакаты “Мая любімая кніга”. У гэтым конкурсе вызначыліся Алена Яцура і Ілля Луцык. У віктарыне “Ці ведаеш ты Германію?” першае месца заняў наш 10 клас. Сярод лепшых перакладчыкаў трэба адзначыць Іну Яцура і Вадзіма Мысліка з 9 класа, Максіма Сая з 10 класа і Дзмітрыя Жыбурта з 11 класа.
А вось меркаванне самой настаўніцы нямецкай мовы Юліі Рыгораўны Трафімук:
— Радуе тое, што многія вучні да Тыдня нямецкай мовы аднесліся з інтарэсам і адказнасцю. Ён паказаў, што ў нашай школе шмат таленавітых дзяцей. Нават тыя, у каго не вельмі добрыя адзнакі, стараліся выканаць заданні як мага лепш. Думаю, з асноўнымі мэтамі Тыдня — развіць творчыя здольнасці вучняў, навучыць іх працаваць разам, данесці новую інфармацыю пра Германію і самае галоўнае — павысіць у дзяцей інтарэс да вывучэння замежнай мовы, мы справіліся.
Усе ўдзельнікі і пераможцы Тыдня атрымалі Ганаровыя граматы і дыпломы.
Таццяна ЛІТВІНЧУК і Вольга БЯГЕЗА, вучаніцы 10 класа Арэхаўскай школы.
НА ЗДЫМКУ: у час Тыдня замежнай мовы.
Фота аўтараў.

Опубликовано в «ГЧ» 26.12.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий